“Лісапет” стаў народным хітом
Напрыканцы мінулага года народны ансамбль народнай песні “Верас” стаў лаурэатам Нацыянальнай музычнай прэміі 2013 года ў галіне эстраднага мастацтва. Цырымонія ўзнагароджання адбылася падчас гала-канцэрта ў Палацы Рэспублікі.
Традыцыйна арганізатарам гэтага праекта сумесна з Міністэрствам культуры было ЗАТ “Сталічнае тэлебачанне”.
Асноўныя крытэрыі ацэнкі творчых праектаў — іх мастацкая каштоўнасць і грамадская значнасць. Усяго на ўдзел у конкурсе было пададзена каля 300 заявак.
Конкурс праводзіўся з мэтай стымулявання развіцця музычнага эстраднага мастацтва Беларусі, стварэння ўмоў для развіцця творчасці таленавітых эстрадных выканаўцаў, кампазітараў, паэтаў-песеннікаў, аранжыроўшчыкаў, прадзюсераў і іншых прадстаўнікоў музычнага мастацтва.
Журы заснавала спецыяльны прыз у намінацыі «Народны хіт». І пераможцам стаў народны ансамбль народнай песні «Верас». Удзельнікі ансамбля праспявалі песню «Лісапет».
Гэта не першая перамога творчага калектыву і, як лічаць самі ўдзельнікі ансамбля, не апошняя.
Ул.інф.