Пастаянна ў пошуку. Творчым
Што значыць асоба настаўніка ў жыцці кожнага вучня, Надзеі Забеліч тлумачыць не патрэбна. Асабіста на сабе гэта адчула, калі была вучаніцай сярэдняй школы №2 Турава. Аўтарытэт Васіля Бяляя, Марыі Радзіёнавай і многіх іншых педагогаў, якія вучылі яе, і да цяперашняга часу для Надзеі Фёдараўны застаецца непахісным і з’яўляецца тым арыенцірам, да якога хочацца імкнуцца. Хаця ўжо і сама не навічок у сістэме адукацыі. Усё ж больш дваццаці гадоў аддадзена гэтай справе. Прысвяціць сябе такой нялёгкай працы вырашыла яшчэ школьніцай менавіта пад уплывам урокаў сваіх педагогаў.
Яшчэ тады яна засвоіла, што вучань і настаўнік — гэта партнёры, сябры, а ўрок, дзе закладваецца фундамент ведаў школьніка.
— Мне і маім вучням цікава сумесная праца, хаця гэта нялёгкі працэс, — разважае Надзея Фёдараўна. — Менавіта падчас яго ідзе не толькі навучанне, але і будуюцца адносіны паміж настаўнікам і вучнем, вырашаюцца розныя пазаштатныя сітуацыі. І ўменне настаўніка праявіць сябе так, каб вучань адчуў і дабрыню, і строгасць, а самае галоўнае, што гэта ўсё для яго карысці.
Надзея Фёдараўна выкладае ў школе замежную мову. На сваіх уроках яна дазваляе поўнасцю раскрыцца здольнасцям вучня. Дасягае гэтага рознымі сродкамі. Найперш улічвае цяперашнія інтарэсы дзяцей. Толькі на першы погляд яны могуць быць і далёкімі ад яе прадмета — англійскай мовы. Напрыклад, пачне ўрок з таго, што пацікавіцца пра палітычныя навіны ў нашай краіне. Пакуль вучні ўспамінаюць, у настаўніцы ўжо гатовае пытанне маецца: “А давайце параўнаем палітычныя сістэмы Беларусі і Англіі?” І рабяты пачынаюць разважаць, канешне ж, па-англійску. Вось так і завязваецца дыялог. Паступова знаходзіцца тэма і для іншай тэмы. І глядзіш — урок праляцеў, як адно імгненне, і веды атрыманы патрэбныя. Надзея Фёдараўна выступае тут у ролі ўмелага дырыжора вучнёўскага аркестра, які з нястройных гукаў напачатку ўрока на канец яго стварае мелодыю. Своечасова і паўзы прыменіць, калі пабачыць, што рабяты стаміліся. Падтрымліваць неабходны тэмп працаздольнасці на ўроку — гэта сведчанне вялікага майстэрства педагога. Па тых выніках, якія паказваюць вучні Надзеі Фёдараўны, можна сказаць, што гэта прафесіянал сваёй справы, прычым які не стаіць на месцы, а пастаянна знаходзіцца ў творчым пошуку.
С. МІКАЛАЕЎ.