Каб урок быў цікавым

“Школа — мой другі дом”, — так гаворыць пра сваю працоўную дзейнасць настаўніца пачатковых класаў Таццяна Кір’янава.


— Гэтага чалавека цяжка ўявіць па-за сценамі школы, яна пастаянна з дзецьмі, з іх бацькамі, — характарызуе педагога дырэктар навучальнай установы Алена Птушко.


Дваццаць два гады прайшло, як Таццяна Іванаўна працуе настаўніцай пачатковых класаў сярэднеадукацыйнай школы №1 райцэнтра. За гэты час накапіла вялікі багаж ведаў і практычных навыкаў. Дасканала асвоіла многія методыкі развіваючага навучання. Таму цяпер для яе няма сакрэтаў, як пабудаваць свой урок, каб на ім было цікава дзецям. Хаця цвёрда ўпэўнена, што і зараз няма межаў для самаўдасканалення і самаадукацыі.


— Без грунтоўнай падрыхтоўкі правесці ўрок немагчыма, — гаворыць Таццяна Іванаўна, — таму пастаянна імкнуся знайсці цікавы матэрыял, уключаць элементы даследчай працы, гульнявыя моманты і тэатралізацыю і іншае. Толькі ўсё гэта ў сукупнасці і прыносіць плён у працы.


А яшчэ Таццяна Іванаўна ў сваёй дзейнасці пастаянна падтрымлівае цесную сувязь з бацькамі вучняў. Менавіта яны з’яўляюцца яе памочнікамі ва ўсіх справах. Канечне, настаўнік абапіраецца і на сваіх класных актывістаў. У яе трэцім “А” шмат дзяўчынак і хлопчыкаў, якім цікава не толькі вучыцца, але і займацца пазакласнай работай. Гэта Паліна Жогаль, Эдгард Друк, Стас Ільеня і многія іншыя. Нямала мерапрыемстваў арганізавалі настаўніца, дзеці і іх бацькі разам.


Радасцю свецяцца вочы трэцякласнікаў, калі да іх на ўрок прыходзіць Таццяна Іванаўна, бо рабяты ведаюць, што зараз будзе не толькі пазнавальна, але і цікава. З такім педагогам і самая складаная навука рабятам падаецца справай не такой ужо і цяжкай.


С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.