Каб літаратура не мела межаў!
Выніковыя дакументы пісьменніцкага з’езда Саюзнай дзяржавы выкананы на пішучай машынцы, на якой у Віскулях выдрукаваны Белавежскія пагадненні, што зафіксавалі знікненне Савецкага Саюза.
4 снежня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбыўся Першы з’езд Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы. Пісьменнікі дзвюх краін зрабілі своеасаблівы задзел на наступнае пашырэнне і ўмацаванне беларуска-расійскіх літаратурных сувязяў. Саюз пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы будзе працаваць у кірунку абароны інтарэсаў пісьменнікаў, узняцці на новы ўзровень іміджу літаратара.
У працы з’езду прынялі ўдзел па 49 членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюза пісьменнікаў Расіі, прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, СМІ, творчых саюзаў, устаноў культуры, адукацыі і навукі, а таксама грамадскія дзеячы і дыпламаты.
Стварэнне адзінага творчага Саюза пісьменнікаў Расіі і Беларусі з’яўляецца “падзеяй вялікай грамадска-палітычнай важнасці”, пра што сведчыць увага да гэтай падзеі першых асоб Беларусі і Расіі. Прывітанне з’езду накіраваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт Расіі Дзмітрый Мядзведзеў таксама накіраваў дэлегатам з’езду прывітальны ліст. Пасланні Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірылы, а таксама Патрыяршага Экзарха Усяе Беларусі Філарэта таксама былі перададзеныя дэлегатам. З пачаткам дзейнасці ў рамках Саюза пісьменнікаў павіншавалі старшыня Дзяржаўнай Думы Расіі Барыс Грызлоў і сакратар Саюзнай дзяржавы Павел Барадзін. Былі агучаны і вітанні ад пісьменніцкіх арганізацый краін СНД і Еўропы.
Па выніках з’езду было абрана кіраўніцтва новага творчага аб’яднання і вызначаны накірункі яго працы. Сустаршынямі новага творчага аб’яднання абраны старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чыргінец і старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў Расіі Валерый Ганічаў. Абраны Вышэйшы мастацкі савет, у склад якога ўвайшлі лепшыя майстры слова Беларусі і Расіі.
Дэлегаты ўстаноўчага з’езду прынялі зварот да інтэлігенцыі і пісьменнікаў дзвюх краін. У звароце гаворыцца аб тым, што новы саюз ставіць сваёй мэтай прапаганду твораў класікі, залатога фонду літаратуры. Саюз пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы будзе спрыяць стварэнню ўмоў для развіцця новых талентаў у літаратуры, будзе выбудоўваць адносіны з творчымі арганізацыямі іншых краін.
Гэты зварот, як і выніковыя дакументы з’езда пісьменнікі вырашылі надрукаваць на той пішучай машынцы, на якой у свой час былі надрукаваныя дакументы ў Белавежскай пушчы аб распадзе Савецкага Саюза. Такое рашэнне было падтрымана гучнымі апладысментамі…
У рамках з’езда Нацыянальная бібліятэка Беларусі арганізавала кніжную выставу “Агульнасць народаў — агульнасць літаратур”, на якой былі прадстаўлены мастацкія, крытычныя і публіцыстычныя творы дэлегатаў з’езду. На старонках сваіх кніг пісьменнікі пакінулі памятныя запісы і аўтографы.
Для ўдзельнікаў з’езду была арганізавана экскурсія па Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, падчас якой госці азнаёміліся з яе інфармацыйнымі рэсурсамі, тэхнічным абсталяваннем і архітэктурна-будаўнічымі асаблівасцямі будынка. У музеі кнігі ўвазе гасцей была прадстаўлена калекцыя рарытэтаў з фондаў бібліятэкі.
Прадстаўнікі Саюза пісьменнікаў Расіі і Саюза пісьменнікаў Беларусі перадалі ў фонд Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі шэраг выданняў. Ад імя пісьменнікаў Гомельшчыны старшыня абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, галоўны рэдактар “НП” У.Гаўрыловіч перадаў бібліятэцы калектыўныя зборнікі рэгіянальных аўтараў, выдадзеныя за апошнія тры гады.
Ул. інф.