Быць бяспецы і парадку
Назіральная камісія Марохараўскага сельскага Савета сваю дзейнасць плануе вельмі дэталёва, таму і працуюць яе спецыялісты падчас кожнага свайго выезду зладжана і вынікова. Аб чым сведчаць і наступныя лічбы. З пачатку бягучага года назіральнай камісіяй вышэйназванай адміністрацыйнай адзінкі наведаны 204 сям’і, у дамах вяскоўцаў выяўлена 341 парушэнне, што аказвае ўплыў на бяспеку жыццядзейнасці жыхароў. З гэтай колькасці ўхілена прыкладна дзевяноста працэнтаў выказаных заўваг. І работа камісіі ў Савеце працягваецца гэтак жа актыўна, у чым давялося пераканацца падчас нядаўняй дзейнасці яе спецыялістаў у аграгарадку Дуброва.
Дом, куды члены камісіі завіталі найперш, імі наведваўся ўжо неаднаразова. Гэта было відаць па тым, як упэўнена давала тлумачэнні спецыяліст першай катэгорыі Марохараўскага сельвыканкама Ніна Купрацэвіч.
— Тут пражывае адзінокая жанчына з двумя маленькімі дзецьмі, — гаворыць Ніна Канстанцінаўна. — Маем звесткі, што яна не назапасіла на зіму паліва, ды і раней да гаспадыні былі ў нас пытанні. Цяпер патрэба паглядзець, ці здолела яна справіцца з недахопамі, даведацца, ці думае купляць дровы.
Візіт членаў камісіі ў жанчыны не выклікаў здзіўлення і спалоху. У хаце чыста, натоплена. Па яе словах, дроў яшчэ крыху маецца. Але не абышлося без заўваг і на гэты раз. Найперш яны ўзніклі ў супрацоўніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Васіля Галавача:
— Трэба купіць і ўстанавіць пажарны апавяшчальнік, а таксама засцерагчы металічным лістом ля грубкі сцяну, бо шпалеры ад дзверак могуць загарэцца.
Васіль Іванавіч выказаў яшчэ некалькі заўваг жанчыне, як ёй лепей зберагчы сваё жыллё ад бяды.
— Не хапае на ўсё сродкаў. Ды і адна я з дзецьмі. Дапамогі ні ад каго няма, — патлумачыла маці, звяртаючыся да спецыялістаў назіральнай камісіі. — Вы ж добра ведаеце, што і дах адрамантавала, каб у хату не цякло, і дымаход, і грубку атынкавала, і новыя шпалеры паклеіла. Вось атрымаю дэкрэтныя, дровы купіць неабходна. Будуць грошы — і апавяшчальнік набуду, і іншыя парушэнні ўхілю.
— Тое, што ў яе хаце было раней, у параўнанні з цяперашнім — гэта неба і зямля, — кажа Ніна Канстанцінаўна. — Жанчына стараецца выконваць нашы рэкамендацыі і заўвагі. Ёй яшчэ б хоць якую дапамогу аказала гаспадарка, дзе яна працавала. Тым больш што дом належыць акцыянернаму таварыству.
У другім доме размова з гаспадыняй распачалася з пытання, ці наведвае яна сваіх дзяцей. На жаль, сумны факт у біяграфіі жанчыны адбыўся: была яна дрэннай маці, і шасцярых яе нашчадкаў забралі ў прыёмныя сем’і. Яна таксама пражывае ў доме, які належыць сельгаспрадпрыемству. Раней пра яго стан зусім не клапацілася. Таму знадворку прыгожы мураваны дом унутры меў відовішча не самае прыемнае: непаклееныя сцены, непрыбраны бруд, гразная бялізна і адзенне, нямыты посуд. Вось такімі сюрпрызамі сустракала гаспадыня гасцей, за што і паплацілася дзецьмі. Уласная жыццёвая трагедыя маці ды мэтанакіраваная работа з ёй і мясцовага медыка Алены Козел, прадстаўнікоў сельсавета, школы, іншых службаў дапамаглі пераламіць свядомасць жанчыны. Паціху яна пачала наводзіць парадак у хаце, паклеіла шпалеры, прыбрала ўвесь бруд, разарала агарод, назапасіла на зіму паліва. Канечне, да ўзорнага парадку на яе сядзібе яшчэ далёка, але пачатак пакладзены. Хаця і ў плане бяспекі ёй папрацаваць, як адзначылі члены назіральнай камісіі, яшчэ патрэбна. Пачысціць ад сажы той жа дымаход, які добра-такі забіўся, таму пры тапленні катла дым паступае ў хату, што вельмі небяспечна. Да таго ж няма ў жыллі супрацьпажарнага апавяшчальніка. Тут варта зазначыць, што гаспадарка павінна клапаціцца пра сваю маёмасць і цікавіцца, у якім стане ўтрымліваюць ведамасныя дамы жыльцы.
Дзякуючы намаганням назіральнай камісіі не адна сям’я, якая раней у Марохараўскім сельсавеце лічылася нядобранадзейнай, стала на шлях выпраўлення. І адбылося гэта не толькі пад пагрозай пазбавіцца ўласных дзяцей, а таму, што да свядомасці такіх людзей давялі: жыць у свінскіх умовах немагчыма і непрыстойна.
Частыя госці спецыялісты камісіі не толькі ў дамах, дзе прыжываюць дзеці, але і людзі пажылога веку, інваліды. І ўсюды гаспадарам стараюцца давесці, што бяспека жыцця гаспадароў — у іх уласных руках. Таму і такі высокі працэнт выканання выяўленых парушэнняў, бо з боку камісіі ажыццяўляецца пастаянны кантроль. Дабіваюцца, каб і электраправодку мянялі, і грубкі рамантавалі, і парадак на сядзібах падтрымлівалі, і іншыя патрабаванні выконвалі. Безумоўна, мясцовая ўлада самых нямоглых не пакідае без дапамогі, глыбока ўнікае ў іх праблемы. Хаця даволі няпростыя сітуацыі даводзіцца сельсавету і іншым службам вырашаць. Вось і падчас апошняй дзейнасці назіральнай камісіі без такой з’явы не абышлося. Пажылая жанчына, як толькі члены камісіі пераступілі парог яе хаты, адразу звярнулася з просьбай:
— Вы б мне сацыяльнага работніка выдзелілі, ці ў дом прыстарэлых уладкавалі б. Здароўя няма, дочкі не глядзяць, хаця і жывуць у адной вёсцы. Хату прыбраць няма ім калі, памыць адзенне таксама, а я ж ледзь хаджу. Ад перажыванняў ціск пастаянна высокі.
Столькі болю і адчаю было ў гэтым жаночым ляманце. Ды і ўмовы пражывання старой сапраўды выглядаюць непрывабна. Бруду ў яе маленькай хаце хоць адбаўляй, усё параскідана, толькі паспачуваць гаспадыні. Але гэта для чалавека старонняга, які толькі першы раз наведаўся ў яе хаціну. Жыве, як аказалася, яна не адна, а з пляменнікам. Па словах дочак, маці гатовы дапамагаць, але тая не дазваляе ім нічога чапаць у сваёй хаце. Вось такую няпростую задачу цяпер патрэбна вырашыць назіральнай камісіі Марохараўскага сельсавета і мясцоваму сельвыканкаму. Бо іх прызначэнне менавіта ў тым, каб усе людзі ў адміністрацыйнай адзінцы жылі ў бяспецы і парадку, годна.
Сяргей БЕЛКА.