Каб дзякавалі вадзіцелі і пешаходы
Дарожна-эксплуатацыйнае ўпраўленне №111 –- адзін са старэйшых калектываў на Жыткаўшчыне, які бярэ свой пачатак у 1958 годзе. Тады ў адпаведнасці з рашэннем аблвыканкама з мэтай паляпшэння стану мясцовых дарог было арганізавана шэсць дарожна-эксплуатацыйных участкаў, у ліку якіх і ДЭУ-111 у Тураве. І звыш чвэрці стагоддзя спачатку ўчасткам, а затым упраўленнем кіраваў Васіль Жылан. А цяпер яго эстафету прыняў Мікалай Штукар, у падначаленні якога 67 рабочых і інжынерна-тэхнічных работнікаў.
— Мы ўтрымліваем 459,8 кіламетра дарог, — гаворыць начальнік планава-вытворчага аддзялення ўпраўлення Святлана Маркевіч, у тым ліку 336,8 кіламетра асфальтабетонных, 101,1 — гравійных і 21,8 кіламетра грунтовых дарог. Абслугоўваем таксама 27 мастоў агульнай працягласцю 1005,2 метра і 200 труб. У адказнасці таксама за размяшчэнне і захаванасць дарожных знакаў, сігнальных слупкоў на дарогах і іншых аб’ектаў і збудаванняў. Задача адна і самая адказная: утрыманне дарог у належным парадку, каб у любое надвор’е яны былі зручныя як для вадзіцелей, так і пешаходаў.
На ўзбраенне ў першую чаргу ўзяты новыя метады работ, перадавая тэхналогія, якая з поспехам укараняецца ў практыку. За 9 месяцаў года калектывам было асвоена 3 мільярды 869 мільёнаў рублёў, у тым ліку па дзяржзаказу 1 мільярд 648 мільёнаў рублёў. Такім чынам тэмпы росту ў супаставімых цэнах да аналагічнага перыяду папярэдняга года склалі 110 працэнтаў.
І яшчэ адзін немалаважны факт. У апошні час работнікі ДЭУ-111, разам з доглядам за дарогамі, асвоілі і ўкладку асфальтабетона. У выніку асваення новага віду работ з пачатку года было ўкладзена 4593 тонны асфальтабетоннай сумесі. Набыты новы МАЗ.
Безумоўна, за ўсімі гэтымі справамі стаіць нялёгкая праца ўсяго калектыву, гатовага ў любое надвор’е, не лічачыся з часам, выконваць ускладзеныя на яго абавязкі па забеспячэнні пастаяннай і бесперабойнай сувязі паміж населенымі пунктамі раёна, паляпшаючы да таго ж, хай і не так хутка, як хацелася, тэхніка-эксплуатацыйныя характарыстыкі нашых дарог. Менавіта такія задачы тут паспяхова вырашаюць дарожныя рабочыя Сяргей Жыткавец, Дзмітрый Ерамейчык, механізатары Віктар Ярмош, Валерый Лучанок, Сяргей Касач, Уладзімір Гананайка, токар Мікалай Быхан, галоўны інжынер Васіль Кот, галоўны бухгалтар Галіна Кудласевіч, вядучы механік Генадзь Маркевіч, інжынер аховы працы Валянціна Жыткавец, дарожны майстар Сяргей Бруй і др.
С. ВІЛЬЧЫК.