З пачаткам пашавага ўтрымання грамадскага статка жывёлаводы КСУПа “Бялёў” мяркуюць павялічыць вытворчасць малака
З пачаткам пашавага ўтрымання грамадскага статка жывёлаводы КСУПа “Бялёў” мяркуюць павялічыць вытворчасць малака на сваіх фермах. Напрыканцы мінулага тыдня ў гэтай дзейнасці зроблены першы крок, калі выгналі дойных кароў на пашу.
— На цяперашні час справы з надоямі ў нас абстаяць не так добра, як летась, — расказвае галоўны заатэхнік гаспадаркі Антаніна Новікава. — “Мінусуем” і па валавому надою, і па продажу. Прычына гэтаму адна — недастае кармоў, таму і рацыёны жывёлы не такія багатыя як у мінулым годзе. Выходзіць стараемся з нялёгкай сітуацыі з дапамогай канцэнтратаў і шроту, якія пастаянна закупляем для грамадскай жывёлы. Але асноўныя нашы спадзяванні на вялікае малако звязаны з пасьбой дойнага статка.
Да пашавага перыяду ў гаспадарцы падрыхтаваліся грунтоўна: адрамантавалі бочкі і карыты для паення кароў, іншае абсталяванне, набылі электрапастухі, вырашылі пытанні з пастухамі, падкармілі мінеральнымі тукамі выпасы. Па словах Антаніны Аляксандраўны, вельмі добра, што гэта зрабілі, бо пашы не дастае і яе давядзецца скарыстоўваць вельмі рацыянальна, старанна даглядаць летам, каб яна давала належную аддачу. Акрамя травы, будуць каровам давацца і канцэнтраты.
Значныя надзеі на тое, што пацяжэе летам гаспадарчы надой, мясцовыя жывёлаводы звязваюць з увядзеннем пасля рэканструкцыі яшчэ адной фермы на дзвесце кароў. Пагалоўе ўжо для яе ў гаспадарцы маецца. Зараз тут будаўнікі падводзяць, як кажуць, апошнія штрыхі, каб летам аб’ект пачаў працаваць і даваць прадукцыю.
— Для нас увод у вытворчасць яшчэ адной фермы вельмі важны рэзерв, — адзначае галоўны заатэхнік. — Да таго ж на ёй будуць прымяняцца больш сучасныя тэхналогіі, што не толькі аблегчыць працу жывёлаводаў і станоўча паўплывае на колькасныя паказчыкі ў вытворчасці малака і дазволіць прадаваць яго самым высокім гатункам “экстра”.
Але самыя галоўныя надзеі на паляпшэнне спраў у малочнай галіне гаспадаркі спецыяліст звязвае з майстэрствам мясцовых аператараў машыннага даення, якія сваімі працоўнымі здабыткамі не раз даказвалі, што яны сапраўдныя прафесіяналы. У ліку такіх Жанна Матох, Галіна Рагалевіч, Людміла Загароўская, Жанна Козел, Раіса Струк, Вольга Паўлюшчыц, Наталля Жогаль і іншыя.
Кожны год жывёлаводы КСУПа “Бялёў” ў вытворчасці малака ўздымаюць вышэй планку сваіх здабыткаў. Летась на шкале грамадскіх надояў яна стаяла на адзнацы 5400 кілаграмаў малака ад каровы, сёлета перамясцілася на дзвесце кілаграмаў вышэй — да 5600. І хаця няпроста цяпер складваюцца на грамадскіх фермах справы, але ўсе стараюцца, каб намечанае было выканана.
Сяргей БЕЛКА.