Сяўба азімых культур пачалася на Жыткаўшчыне
За гарачай парой жніва для аграрыяў Жыткаўшчыны пачаўся не менш адказны перыяд земляробчых работ – сяўба азімых культур.
Надвор’е спрыяе ў поўную сілу разгарнуць яе на грамадскіх палетках. Хлебаробы сялянскай гаспадаркі Міхаіла Шруба набралі добры тэмп, з раніцы да позняга вечара шчыруюць на закладцы будучага ўраджаю. Пад азімыя збожжавыя ў сельгаспрадпрыемстве адведзены вялікі клін – 658 га на зерне і 685 на зялёны корм. І амаль палова гэтых плошчаў ужо засеяна.
На заштукоўванні насення азіміны задзейнічаны Віктар Вянгура, адзін з самых дбайных і адказных механізатараў. Разам з ім працуе Сяргей Самцоў. Іх і сустрэлі на адным з участкаў побач з вёскай Боркі. Як зазначыў Віктар Вянгура, большы вопыт мае ў падрыхтоўцы глебы. Але і з сяўбой спраўляецца някепска, як і калега, акуратна праходзіць загонку за загонкай, якасна кладзе зярняты на належную глыбіню, дакладна выконвае і ўсе астатнія агратэхнічныя патрабаванні.
– У нашай земляробчай справе няма дробязяў. Толькі, калі ўсё робіш як трэба і ў час, можна спадзявацца на добры вынік – высокую аддачу, – падзяліўся механізатар.
Побач з імі працуюць вадзіцелі МАЗа Міхаіл Алейнік і пагрузчыка Міхаіл Самцоў, якія адказваюць за дастаўку і пагрузку насення ў сеялкі.
Гэтая аперацыя займае літаральна некалькі хвілін. І вось пасля загрузкі і запраўкі складаныя энерганасычаныя трактары з шыроказахопнымі агрэгатамі бесперапынна рухаюцца па раллі, пакідаючы ўслед роўныя радочкі, што неўзабаве парадуюць зялёнымі ўзыходамі.
– Як паказвае практыка, ураджайнасць азімых вышэй, чым яравых збожжавых, таму зараз вельмі важная і адказная пара, неабходна якасна засеяць палі і ўкласціся ў тэрмін, – говорыць галоўны аграном сялянскай гаспадаркі Аляксандр Мішкевіч. – Гэта не таму, што нам так хочацца. Ёсць тэхналагічныя тэрміны. У азімых пэўны перыяд восеньскай вегетацыі пры такім кароткім светлавым дні. Да зімы яны павінны раскусціцца і набраць цукару. Калі не атрымаюць яго, проста не перазімуюць: клеткі разарвуцца ад марозу. Гэта фізіка. Вось чаму час для сяўбы ўстанаўліваецца ў залежнасці ад развіцця раслін, іх фаз. Навукоўцы кажуць, што часам адведзены для сяўбы перыяд можна пратэрмінаваць. Так, дапушчальна, але ў хатніх гаспадарках. Калі ж гаворым пра аб’ёмы ў маштабе сельгаспрадпрыемства, рызыкаваць не маем права.
Час прыспешвае. Але без сумнення, рупліўцы сялянскай гаспадаркі М.Р. Шруба справяцца ў спрыяльныя тэрміны. Пасадзейнічае таму адказнае стаўленне да сваіх абавязкаў механізатарскіх кадраў. Многія з іх не адзін дзясятак гадоў прысвяцілі хлебаробскай справе. А з такімі надзейнымі працаўнікамі любыя задачы выканальныя.
Аляксандр УЛАДЗІМІРАЎ