Не ўсе спасылкі на крызіс прымаюцца…

Адкрытае акцыянернае таварыства “Жыткавіцкі маторабудаўнічы завод” – адно з буйнейшых прадпрыемстваў раёна, флагман прамысловасці, які даў магутны штуршок такім станоўчым працэсам у нашым райцэнтры як стварэнне новых працоўных месц, вырашэнне жыллёвай праблемы для маладых сем’яў, рост эканомікі, узнікненне мікрараёнаў Азёрны, Зубраня. Адным словам, горадаўтвараючае прадпрыемства, якое ў свой час дало “другое дыханне” некалі даволі правінцыяльнаму нашаму райцэнтру. А такія прадпрыемствы сусветны эканамічны, фінансавы крызіс закрануў у першую чаргу.


Не стаў, на вялікі жаль, выключэннем з агульных негатыўных працэсаў і ЖМЗ. Яны “прагучалі” на заводзе невясёлым камертонам і апошняя кропка ў гэтай мінорнай мелодыі, як ні прыкра гэта канстатаваць, яшчэ не пастаўлена. Рэзка ўпалі заказы з боку заводаў-спажыўцоў. Узяць галоўнае прадпрыемства — Мінскі маторны завод. Калі на пачатку бягучага года заказы на вырабляемую ў Жыткавічах прамысловую прадукцыю яшчэ складалі 67 працэнтаў да аналагічнага аб’ёму 2008 года, то паступова да ліпеня 2009 года яны знізіліся да 24 працэнтаў. Гэта што датычыць асноўнай, традыцыйнай прадукцыі ЖМЗ — шасцярончатых помпаў.


Несуцяшальны малюнак на заводзе і па другіх відах вырабаў. Возьмем, напрыклад, шківы. У заяўках іх засталося толькі 28 працэнтаў ад таго аб’ёму, што быў летась. Да 32,5 працэнта да мінулагодняга знізіліся на Мінскім маторным заводзе і заказы на выраб поршняў. Далей — болей. Сталічны трактарны завод заключыў дагавор на пастаўкі помпаў, але вось ужо чацвёрты месяц запар здымае свае заяўкі: сітуацыя складваецца так, што ім хапае таго аб’ёму, які быў завезены на пачатку года…


У выніку за 6 месяцаў 2009 года тэмпы роста таварнай прадукцыі да аналагічнага перыяду 2008 года склалі 76,6 працэнта. Завод быў вымушаны перайсці на работу ў рэжыме няпоўнай занятасці. Ужо не першы тыдзень і месяц тут стабільна “прапісалася” чатырохдзёнка, у пятніцу калі-нікалі працуюць толькі асобныя ўчасткі па меры вытворчай неабходнасці. Работнікаў заводаўпраўлення гэта, канешне, ні ў якой меры не датычыцца. Так што ў кожнага працаўніка маторабудаўнічага завода практычна ёсць безліч часу, каб надзейна падрыхтавацца да зімы, назапасіць грыбоў і ягад, агародніны і садавіны, а руплівым гаспадыням заняцца варэннямі і саленнямі… Бо пік крызісу, як сцвярджае большасць кампетэнтных эканамістаў, яшчэ не наступіў. А гэта, вобразна кажучы, сведчыць пра тое, што тапелец яшчэ не дакрануўся нагою дна. А трэба ж яшчэ адштурхнуцца ад яго і своечасова схапіць над вадою паветра, каб выжыць. І аб тым, што гэта не жартачкі, красамоўна сведчаць наступныя лічбы. Згодна сярэднеспісачнай колькасці за 6 месяцаў года колькасць працуючых на ЖМЗ зменшылася на 66 чалавек. Калі ў чэрвені 2008 года сярэдняя зарплата на прадпрыемстве складала 720 тысяч рублёў, то ў чэрвені бягучага года яна знізілася да 639 тысяч рублёў. Большасць завадчан працуе зараз па здзельнай сістэме аплаты.


— А ўвогуле ў параўнанні з другімі прамысловымі прадпрыемствамі вобласці і рэспублікі ў нас яшчэ не самая горшая сітуацыя, — не губляе аптымізму намеснік дырэктара па эканоміцы і ідэалагічнай рабоце Канстанцін Савасценя. — У Мінску, напрыклад, заводы перайшлі на трохдзёнку. Мы ж не сядзім на месцы, працуем, імкнемся вырабляць новую прадукцыю, быць канкурэнтаздольнымі і лічым, што крызіс не вечны.


Такі бадзёры настрой Канстанціна Пятровіча, натуральна, не можа не імпанаваць і настройвае толькі на дзелавы, аптымістычны лад кожнага. Сапраўды, а хто сказаў, што крызіс адмяняе добрыя справы і трэба падаць духам? Знаходзіць той, хто шукае, пераадольвае вяршыні той, хто ідзе насустрач цяжкасцям і перашкодам.


— Не ўсе спасылкі на крызіс прымаюцца, — упэўнены галоўны інжынер Рыгор Гітковіч. — У сітуацыі, што склалася ў галіне машынабудавання, узнаўленне ранейшых аб’ёмаў вытворчасці немагчыма без асваення і выпуску новых відаў прадукцыі, зніжэння металаёмістасці, энергаёмістасці і сабекошту, каб павялічыць канкурэнтаздольнасць. Важна захаваць вытворчасць, асноўны касцяк кадраў, прафесіяналаў, планамерна працаваць над якасцю, над зніжэннем сабекошту прадукцыі.


І варта адзначыць, што творчыя, дзелавыя пошукі на прадпрыемстве працягваюцца. Напрыклад, станоўча складваюцца партнёрскія адносіны ў жыткавіцкіх маторабудаўнікоў сёлета з заводам “Гомсельмаш”. Рост да мінулага паўгоддзя тут склаў 35 працэнтаў. Калі раней туды рэалізоўвалі прадукцыю трох найменняў вырабаў, то зараз дабавіўся яшчэ адзін новы від вырабу, які знаходзіцца, так бы мовіць, у абкатцы. Гэта яшчэ адно падбарабанне на камбайн.


Пашыраецца супрацоўніцтва з маскоўскім машынабудаўнічым вытворчым прадпрыемствам “Салют”: ёсць неабходныя заказы, штомесячна туды пастаўляецца запатрабаваная прадукцыя. На ЖМЗ створана спецыяльная брыгада па рамонту турбастарцёраў ТС-21, якія паступаюць у палескую глыбінку як з “Салюта”, так і з авіярамонтнага завода сібірскага горада Омска. Паралельна вядуцца пошукі аднаразавых заказаў у сельгаспадарчай, перапрацоўваючай галінах па механічнай апрацоўцы і вырабу нестандартнага абсталявання.


Якасць — галоўная мэта, людзі — галоўная каштоўнасць. Менавіта людзі сваёй працай, яе вынікамі і адносінамі да работы і фарміруюць імідж прадпрыемства. І пра іх, людзей, не трэба забываць у сваіх паўсядзённых клопатах. Тым больш у мясцовай сталоўцы, якая, на здзіўленне, у гэтыя багатыя вітамінамі, агароднінай і садавінай летнія дні не можа пахваліцца сваім меню, разнастайнымі стравамі. Як вынікае са слоў работніц сталовай, не падвозяць сюды своечасова ні буракоў, ні морквы, ні капусты. Не адрамантавалі камеру, не хапае тары для засолкі, плёнкі. Не завозяцца свежыя памідоры, пераважаюць агуркі з парнікоў. А гэта ўжо, згадзіцеся, свой міні-крызіс, створаны ўласнай нядбайнасцю і неразваротлівасцю…


Пункт аховы здароўя на заводзе можна параўнаць з фельчарска-акушэрсім пунктам у сельскай мясцовасці. Тут аказваюць першую ўрачэбную дапамогу рабочым і служачым: змяраюць ціск, дапамагаюць пры мікратраўмах, а пры неабходнасці накіроўваюць у паліклініку. Загадвае ім Алег Дземянчук, а ў дзень нашага наведвання прадпрыемства дзяжурства тут несла яго калега Зоя Ільеня.


— Звычайна летам да нас звяртаецца менш людзей, дзесьці 150 — 170 чалавек ў месяц, — уводзіць нас у курс спраў Зоя Міхайлаўна. — А ў зімнюю пару іх колькасць узрастае да 250. Да таго ж кожную раніцу апаратам “Алконт-01-СУ” мы правяраем вадзіцеляў на алкаголь, змяраем і ціск. Акрамя таго кантралёр на прахадной можа накіраваць да нас для праверкі на алкагольны стан любога работніка, які выклікае падазронасць сваімі паводзінамі і знешнім выглядам. Але хачу сказаць, што ў апошні час у сувязі з крызісам людзі сталі больш дысцыплінаваныя і патрабавальныя да сябе.


Так, крызіс, нягледзячы на негатыўныя яго вынікі, мае і свае станоўчыя бакі. Ен загартоўвае чалавека, стымулюе да пошуку нестандартных рашэнняў, падштурхоўвае да самаразвіцця. Свабодны час, напрыклад, можна траціць на самападрыхтоўку, павышэнне прафесіянальнага ўзроўню, на заняткі спортам і вандроўкі на прыроду. А пераадолець яго можна толькі агульнымі намаганнямі, дзякуючы сваім кампетэнтнасці, адказнасці, уменню аналітычна мысліць і хутка знаходзіць рацыянальныя рашэнні.


С. КУЛАКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.