Як вядзецца жніво ў акцыянерным таварыстве “Жыткавічыхімсервіс”
Жытнёвы палетак у акцыянерным таварыстве “Жыткавічыхімсервіс” невялікі. Але і ён не дазваляе працаўнікам гуляць. Яны актыўна ўбіраюць збажыну.
Абмалот каласавых тут вядуць сапраўдныя прафесіяналы, людзі моцнай загартоўкі з вялікім пачуццём любові да хлебаробскай справы. Гэта Сяргей Шапавалаў і Юрый Сакула. Першы — супрацоўнік аддзела па надзвычайных сітуацыях, другі — рабочы Кольненскай школы. А вось свой законны адпачынак ад асноўнай дзейнасці праводзяць на хлебнай ніве.
— Пачынаў камбайнерскую кар’еру асвойваць з 1997 года ў КСУПе “Коленскае”, — расказвае пра сябе Юрый Сяргеевіч. — Цяпер вось шчырую ў акцыянерным таварыстве Напэўна, гадоў шэсць набяжыць… Канечне ж, работа б спорылася значна шпарчэй, каб штодзённа не палівалі дажджы. А так даводзіцца чакаць, пакуль збажына добра прасохне. Ураджайнасць невысокая, таму і сабраць хочацца з найменшымі стратамі.
Значны камбайнерскі стаж і ў Сяргея Генадзьевіча. Таму ў тандэме адзін аднаго разумеюць з паўслова. Разам і камбаін рыхтуюць да работы, сумесна і абслугоўваюць яго.
…Пясчаныя палеткі ААТ не вельмі шчодрыя на аддачу. Хаця штогод яны атрымлівакюць добрую запраўку ўгнаеннямі. Але ж прыродзе не так і лёгка супрацьстаяць. Зараз збіраюць амаль па адзінаццаць цэнтнераў з гектара.
— Шмат пасеваў падгарэла, нізіны падтапіла — падтрымлівае гаворку Ігар Галавач, дырэктар акцыянернага таварыства. — Але развіццю сельгасвытворчасці ў нас надаецца важнае значэнне. Сабраным зернем мы насычаем асартымент уласнай гандлёвай сеткі, што прыносіць нядрэнны даход. Займаемся і кукурузай, якую таксама вырашчваем на зерне. Яе ўборку правядуць нашыя памочнікі, якім мы ўдзячныя за дапамогу. Забяспечаны ўдзельнікі жніва і гарачым харчаваннем, на палетку пастаянна дзяжурыць цыстэрна з вадой. Тэхніка бяспекі важная ў такі час не менш, чым тэмпы.
Увесь намалот аператыўна дасушваецца і адпраўляецца ў сховішчы. З гэтымі абавязкамі паспяхова спраўляецца машыніст сушылкі Віталя Пракапенка. Хаця гэты працэс і не хуткі, і даволі працаёмкі. Забяспечвае яму аб’ёмы механізатар Васіль Галавач. Таму ў “Жыткавічыхімсервісе” ўвесь працэс жніва праходзіць у сціслыя тэрміны. Штогод яго камбайнеры працягваюць руку дапамогі партнёрам з сельгаспрадпрыемстваў.
У раёне ўборачная кампанія праведзена ўжо на трэці плошчаў. Пры ўраджайнасці 24 цэнтнеры з гектара намалочана амаль сем тысяч тон збажыны. Самая высокая аддача палеткаў у сялянскай гаспадарцы М.Р. Шруба, РСУП “Ляскавічы” (аддзяленне Хлупін), ААТ “Тураўшчына”, ТАА “ШрубФарм”.
Акцыянернае таварыства “Тураўшчына” распачало продаж пшаніцы ў лік дзяржзаказу. Дарэчы, земляробы гэтай гаспадаркі паспяхова выканалі заданне па рэалізацыі насення рапсу. Блізкія да завяршэння ў гэтай справе і працаўнікі ААТ “Прыазёрскае-Агра”. Адным словам, хлебаробы Жыткаўшчыны, нягледзячы ні на што, уносяць свой уклад у важную дзяржаўную справу.
Сяргей Белка