Раману Салаўю з акцыянернага таварыства «Людзяневічы» убіраць хлеб не ўпершыню

Што ні кажы, а дзесяты год за штурвалам камбайна. І на сёлетняе жніво ў гаспадарцы Раман Алегавіч выйшаў першым.

Цяперашні сезон механізатар распачаў на новым КЗС, які сельгаспрадпрыемства набыло ў канцы мінулага года. Гэтая акалічнасць у многім станоўча паўплывала на працоўны настрой хлебароба. Цяпер ён стараннем і майстэрствам даказвае кожны дзень на палетках, што кіраўніцтва не памылілася ў выбары, калі даверыла менавіта яму высокапрадукцыйную тэхніку.

– З пачатку ўборкі ўжо абмалаціў азімы ячмень, – расказвае Раман Алегавіч пра сваю работу. – Праўда, поле яго ў нас было невялікім, усяго дзесяць гектараў. Пасеялі, так бы мовіць, на пробу, каб паглядзець, як ён зарэкамендуе сябе на нашых землях. Але і такая нязначная плошча дазволіла добра абкатаць камбайн перад  выкананнем больш складаных задач.

Зараз Раман Алегавіч убірае азімы рапс, якім у таварыстве занята паўтары сотні гектараў. Зараджанасць на працу ў механізатара  высокая. Адзіная турбота – частыя ападкі. Але гэта, як сцвярджае механізатар, надае яшчэ большай адказнасці – страты пры абмалоце алейнага насення неабходна зводзіць да мінімума. Адпаведна выбірае і хуткасны рэжым, кіруецца на тыя ўчасткі, дзе рапс паспеў найбольш.

– Так, надвор’е цяпер не спрыяла вяскоўцам, – разважае Раман Алегавіч. – І мачыла нашыя пасевы, і сушыла, і падмарожвала. Вось у гэтым урочышчы вады ніколі на полі не было, а сёлетняй вясной плёскалася «мора». Зразумела, значная колькасць раслін загінула, таму і аддача нізкая.

З пачатку ўборкі ў вытворчым актыве Рамана Салаўя ужо за сотню тон выдадзенага з бункера КЗСа зерня і алейнага насення. Зараз ён з нецярпеннем чакае, калі разам з калегамі выйдзе на збожжавыя палеткі і спадзяецца, што яны акажуцца больш умалотнымі і шчодрымі на ўраджай.

У ААТ «Людзяневічы» за час жніва неабходна ўбраць 860 гектараў. Задача пасільная. Падрыхтавана тэхніка, створаны запас паліва, расход якога строга кантралюецца. Праца на палетках арганізавана з улікам спецыфікі рэсурсаў і ўмоў надвор’я. Праблем, як прызнаўся в.а. галоўнага агранома гаспадаркі Віталь Сачук, хапае. Адна з іх недахоп рабочых рук. Таму  імкнуцца ў таварыстве, каб кожны механізатар шчыраваў з максімальнай аддачай.  Вось і Раман Салавей, пакуль на палетку спадзе раса, не сядзіць без справы, дапамагае таварышам з нарыхтоўкай кармоў для грамадскага статка. А ў дождж увогуле перасядае на трактар.

– Якую работу яму не даручы, абавязкова выканае ў тэрмін і з высокай якасцю. Нездарма ж кажуць: майстра па справах відаць. Гэта пра нашага Рамана Алегавіча, – характарызуе хлебароба галоўны аграном.

Сапраўды, клопатаў у аграрыяў раёна сёлета больш чым дастаткова. Задзел на жніве яны зрабілі нядрэнны.  Поўнасцю справіліся з уборкай азімага ячменю, які ў сярэднім з кожнага гектара аддзячыў 31,1 цэнтнера. У ААТ «Тураўшчына» гэты паказчык склаў 57 цэнтнераў. На завяршальным этапе і абмалот азімага рапсу, які дае на круг па 21,2 цэнтнера. Найбольшая ўраджайнасць культуры ў тураўскіх земляробаў. Усяго збор алейнага насення ў раёне атрыманы ў памеры 2008 тон.

Сяргей Белка

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.