У Жыткавіцкім раёне распачалася ўборка траў першым укосам
Сёлета гэтую кампанію аграрыям неабходна правесці на 13 821 гектары. Першымі, хто вывеў тэхніку на сенажаці, сталі працаўнікі КСУПа «Бялёў».
Практычна ўжо з тыдзень на лугах гаспадаркі не змаўкае гул тэхнікі. З улікам таго, што ў выніку далучэння суседняга сельгаспрадпрыемства плошча траў павялічылася больш як утрая, мясцовыя корманарыхтоўшчыкі абралі і адпаведную тактыку.
– Скасіць усё патрэбна ў сціслыя тэрміны, а гэта не меней за паўтары тысячы гектараў, – расказвае дырэктар КСУПа Аляксандр Талмачэвец. – Халодная вясна, падтапленні сенажацяў адмоўна сказаліся на травастоі. Таму стараемся ўбраць усё як мага хутчэй, каб атрымаць паўнавесны другі ўкос.
– Сапраўды, расліннасць невельмі – дзе густа, а дзе і пуста, – пагаджаецца і механізатар Аляксандр Макарэвіч, – але імкнемся, каб і пры такіх умовах не парушаліся тэмпы закладкі траншэй.
Штосуткі ў іх паступае дзве сотні тон зялёнкі. Гэта акрамя таго, што ідзе на падкормку жывёле. Акрамя Аляксандра здрабняе травы на КВК і Пётр Халадовіч. Каб такая магутная тэхніка не прастойвала, у гаспадарцы паклапаціліся аб арганізацыі адвозкі масы. На гэтым участку задзейнічаны механізатары Дзяніс Акунец, Віктар Макарэвіч, Мікалай Агіевіч, Максім Чэркас і Леанід Акунец. Кожны з іх нацэлены на максімальны вынік. Таму і нядзіўна, што ў траншэі ўжо маецца больш за тысячу тон здробненай масы.
– Рабочы дзень пачынаем недзе ў гадзін сем, – гаворыць механізатар Максім Чэркас, – і цягнецца ён у нас бывае і да дзевяці вечара. Па-іншаму нельга, каб справіцца з пастаўленымі задачамі.
– Планы на корманарыхтоўку даволі значныя, – распавядае Аляксандр Талмачэвец. Толькі сенажу патрэбна назапасіць 10400 тон і 860 – сена. Яшчэ 15700 тон – гэта сілас, але закладваць яго будзем у асноўным з кукурузы, сяўбу якой ужо практычна завяршаем. Калі справімся з даведзенымі заданнямі, грамадская жывёла будзе мець добрыя рацыёны.
Кармавая база, як кажуць, моцная не толькі колькасцю, але і якасцю. І на апошнюю катэгорыю вельмі ўплывае, наколькі тэхналагічна ўтрамбаваная зялёнка ў траншэі. З гэтым у КСУПе спраўляюцца Аляксандр Агіевіч і Аляксандр Петрушкевіч. Апошні прыбыў на магутным К-700 з суседняга сельгаспрадпрыемства «Коленскае». Нельга не адзначыць і высілкі трактарыста Мікалая Халадовіча, які косіць травы на сена. Яго старанні бачны ў валках, якія правяльваюцца на некалькіх дзясятках гектараў.
Па ўсім відаць, што работа ў бялёўскіх корманарыхтоўшчыкаў спорыцца. І справядліва сказана, што той, хто зараз косіць касой, зімой не косіць дугою. Напэўна, зыходзячы з гэтага, перад аграрыямі раёна і задачы пастаўлены адпаведныя: мець 12600 тон сена, 78700 сенажу і 181500 тон сіласу. Як сцвярджаюць спецыялісты, ператварыць іх у рэальнасць вяскоўцам па сілах. А як усё складзецца, пакажа час.