Паклікала хлебная ніва
Па дваццаць пяць цэнтнераў з гектара збажыны мяркуюць намалаціць хлебаробы камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства “Чырвоны Бор”. Як зазначыў дырэктар гаспадаркі Сяргей Макарэвіч, для гэтага ёсць усе падставы. Мінулая субота — першы дзень, калі мясцовыя працаўнікі вывелі зернеўборачныя машыны на збожжавы палетак. Па даўняй народнай традыцыі выхад камбайнаў у поле ў сельгаспрадпрыемстве адзначылі вясёлым святам “Зажынкі”. Месцам правядзення ўрачыстасці стаў адзін з жытнёвых палеткаў сельгаспрадпрыемства. Менавіта на ім і ўзялі старт у вялікай і ганаровай справе мясцовыя хлебаробы.
Цішыня пануе над палеткам. Толькі лёгкі ветрык ганяе па ім жоўтыя хвалі налітага, важкага калосся. Пад гарачымі сонечнымі промнямі яно падаецца яшчэ больш спялейшым. Здавалася, што ніва гэтак вітае людзей, якія аралі зямельку, сеялі, расцілі на ёй хлеб. Цяпер прыйшоў і ёй час аддзячыць хлебаробаў ураджаем. Яна ў чаканні. У чаканні знаходзяцца і мясцовыя працаўнікі. На самым ускрайку палетка ў рад пастаўлены іх камбайны, гатовыя па першаму сігналу ўключыцца ў работу.
Меладычныя гукі гармоніка і велічальнай песні абудзілі наваколле. То самадзейныя артысты народнага ансамбля народнай песні “Журавушка” Чырванаборскага СДК віталі хлебаробаў. Такая традыцыя: пачынаць вялікую справу песняй, важкім караваем ушаноўваць гасцей. Хлеб-соль жанчыны ў народных строях уручаюць старшыні райвыканкама Мікалаю Какору. Далей слова прадастаўляецца дырэктару гаспадаркі Сяргею Макарэвічу. Ен шчыра, цёпла павіншаваў камбайнераў і гасцей свята з пачаткам жніва, адзначыў, што наперадзе чакае вялікая і нялёгкая праца. Сапраўды, гэта так. Сёлета хлебная ніва ў гаспадарцы раскінулася больш чым на 1300 гектарах. Пагодныя ўмовы ўнеслі свае карэктывы на збожжавым палетку. На жаль, негатыўныя. Больш за трыста гектараў — гэта палегліца, што ўскладніць уборку. Але ў гаспадарцы, адзначалася кіраўніком, настроены на плённую працу. Падрыхтавалі за зіму камбайны, распрацавалі ўмовы аплаты і стымулявання для ўсіх удзельнікаў жніва, забяспечылі іх спецвопраткай, двухразовым гарачым харчаваннем, паклапаціліся аб бытавых умовах і іншым. Па словах Сяргея Аляксандравіча, усё гэта дазволіць завяршыць уборку ў самыя сціслыя тэрміны і якасна, а таксама дабіцца таго валавога намалоту, які запланавалі. Дарэчы, яго мясцовыя земляробы ў гэтым годзе мяркуюць намнога павялічыць.
І зноў над палеткам лунаюць мелодыі песні ў гонар хлебаробаў. У іх услаўленне працы і працавітых рук. Павіншаваў з пачаткам жніва мясцовых працаўнікоў і старшыня райвыканкама Мікалай Міхайлавіч Какора. Адзначаючы той факт, што сёлета на палетках паспеў нядрэнны ўраджай, ён пажадаў удзельнікам жніва плёну ў працы, каб яны дабіліся высокіх намалотаў. Звярнуў увагу і на тое, што нялёгка цяпер у параўнанні з мінулым годам будзе ісці жніво. Пры ўборцы рапсу камбайнеры пераканаліся ў гэтым. Але хлеб патрэбна ўбраць без страт, і ў многім гэта залежыць ад камбайнераў. Ім пажадаў Мікалай Міхайлавіч моцнага здароўя, каб іх праца стала прыкладам для родных і блізкіх, а менавіта надзейны сямейны тыл адыгрывае немалаважнае значэнне для паспяховай работы на збожжавым палетку. І сёлетні каравай каб быў цяжэйшы, чым мінулагодні. На гэта благаславіў хлебаробаў настаяцель царквы Васіля Вялікага айцец Дзмітрый.
Свята “Зажынкі” багата на розныя сімвалы. Самы галоўны з іх — выжаць першы сноп. Пад песню гэта робіць Ганна Прылуцкая. І вось важкі залацісты сноп-прыгажун уручаецца дырэктару гаспадаркі Сяргею Макарэвічу. Песні ж пасля гэтага ў выкананні артыстаў не змаўкаюць. Пад іх гукі жанчыны частуюць камбайнераў халодным квасам, уручаюць букеты кветак. У многім, што свята ў цэлым атрымалася, заслуга і старшыні райкама прафсаюза работнікаў аграпрымасловага комплекса Сяргея Месніковіча, які прыклаў нямала намаганняў па яго арганізацыі.
Далей слова даецца механізатарам. Адзін за другім ажываюць магутныя збожжаўборачныя машыны. Ва ўмелых руках камбайнераў яны дружна ўразаюцца ў густую сцяну збажыны. Цяпер рытмы збожжавага поля будзе вызначаць менавіта музыка іх машын. І камбайнеры гатовыя да працы. Напрыклад, як зазначыў Андрэй Макарэвіч, яны разам з братам запланавалі намалаціць тысячу тон зерня, гэта амаль удвая павялічыць свой мінулагодні паказчык. Бацька хлопцаў Анатоль Рыгоравіч, ён таксама прыме ўдзел у жніве, заняты на адвозцы зерня, ганарыцца сваімі сынамі, і жадае ім поспеху.
— Я ім ва ўсім дапамагаць буду, — гаворыць Анатоль Рыгоравіч. — Ганаруся імі, што працягваюць маю справу. Дарэчы, у старэйшага сына напярэдадні жніва нарадзілася дачка. Гэта для мяне таксама радасная падзея. Малады бацька пакуль і не так шмат часу мае для выхавання ўнучкі, бо ў яго зараз напружаны час жніва. Хачу, каб сыны дабіліся таго, што запланавалі.
Пачатак жніва. Гэта, у першую чаргу, планы і надзеі. Нездарма адзначалася старшынёй райвыканкама, што ўраджай лічаць, калі ён засыпаны ў засекі. Цяпер жа яго патрэбна ўбраць, і для гэтага ў раёне падрыхтаваліся грунтоўна. Вось толькі б надвор’е паспрыяла рабоце.
С. БЕЛКА.