У адпаведнасці з рэаліямі часу

На дыялогавай пляцоўцы ў ДУА “Коленскі дзіцячы сад-сярэдняя школа” сабраўся не толькі персанал навучальнай установы,  работнікі мясцовай гаспадаркі і кіраўніцтва сельскага Савета.

Намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Леанід Валатоўскі, выступаючы перад прысутнымі, падрабязна спыніўся на найбольш важных для жыццядзейнасці людзей палажэннях праекта Асноўнага Закона нашай дзяржавы.

— Прыйшоў час, які парадзіў новыя выклікі і ўзаемаадносіны. Іх неабходна ўзаконіць,  на рэферэндуме мы вызначаем сваю будучыню, — адзначыў Леанід Міхайлавіч.

Сапраўды, унесеныя змяненні і дапаўненні — патрэба часу. У прыватнасці, узяць той жа артыкул 15, дзе дзяржава абязуецца забяспечваць захаванне гістарычнай праўды і памяці аб гераічнай перамозе беларускага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Яшчэ два дзесяцігоддзі назад такога пытання перад нашым грамадствам не стаяла. Цяпер жа чуюцца заклікі аб пераглядзе вынікаў Вялікай Перамогі над фашызмам, прыніжаецца роля Савецкага саюза ў ёй, а па вуліцах гарадоў суседніх дзяржаў праходзяць маршы неафашыстаў. Унесенае ў праект дапаўненне не дазволіць распаўсюджванню такіх тэндэнцый  ў нас.

Важны моман занатаваны і ў артыкуле 46. Дапаўненне, якое ў яго ўносіцца, тычыцца развіцця Беларуссю атамнай энергетыкі ў мірных мэтах і забеспячэння бяспекі пры вытворчасці і выкарыстанні атамнай энергіі. Зноў жа прыйшла пара ўзаконіць і гэтую галіну народнагаспадарчага коплексу краіны, бо яшчэ ва ўсіх на слыху, як нашыя недобразычліўцы выступалі супраць Беларускай АЭС. Сёння станцыя выпрацоўвае электрычнасць не толькі для патрэб краіны. Энергія прадаецца суседняй Украіне.

Сацыяльная арыентаванасць нашай дзяржавы адлюстравана і ў артыкуле 45. Згодна з ім кожны грамадзянін  рэспублікі мае права на ахову здароўя, уключаючы  бясплатнае лячэнне за дзяржаўны кошт у парадку, устаноўленым законам. Разам з тым грамадзяне павінны прымаць захады па захаванні і ўмацаванні ўласнага здароўя. Зараз, калі ва ўсім свеце бушуе пандэмія, гэта таксама неабходны крок, які патрабуе заканадаўчай асновы.

Вектар змяненняў у праекце Канстытуцыі даволі шырокі і тычыцца літаральна ўсіх сфер жыццядзейнасці нашага грамадства дзеля яго працвітання і развіцця.

Сяргей Белка

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.