Запас бяды не чыніць
Восень – клопатаў восем. Адзін з іх – зрабіць запасы на зіму. Як аб гэтым дбаюць жыткаўчане?
Таццяна Атаман:
— Безумоўна, запасаюся ўсім грунтоўна. У мяне вялікая сям’я, трое дзяцей, і хочацца ім дапамагчы. Таму гародніну і садавіну, бульбу вырошчваю на ўласным агародзе. З яго і закладваю прадукцыю на захоўванне ў свежым выглядзе, вару салаты, іншыя кансервы, квашу і марыную. Нарыхтаванага хапае ўсім.
Анатоль Саенка:
— Жыву ў кватэры, але стараюся забяспечыць сябе ўсім неабходным. Для гэтага ў мяне абсталяваны невялікі паграбок. Канечне, нешта вырасціць сам не маю магчымасці, таму агародніну і бульбу купляю на рынку. З гэтай жа мэтай наведваюся і на восеньскія кірмашы, якія праводзяцца ў райцэнтры.
Аляксандра СобалевА:
— Я першакурсніца Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, таму пытанне, як пракарміцца, востра не стаіць. У гэтым плане разлічваю пакуль на падтрымку бацькоў. Калі ад’язджаю на вучобу, маці абавязкова збярэ ў сумку дамашніх прысмакаў уласнага прыгатавання.
Аляксандр Ярмоліч:
— Не лічу патрэбным нечым запасацца. Гэта раней, у часы дэфіцытаў, пра гэта трэба было клапаціцца. Цяпер жа ў крамах свежая агародніна і садавіна, ягады круглы год. Без праблем можна зайсці і набыць, спажыць на здароўе. Так і сапсуецца намнога меней, чым з таго, што паклаў восенню.
Сяргей Белка
Фота аўтара і з архіва апытваемых