Іх багацце – лес і людзі
Стабільнасцю, высокімі паказчыкамі ў рабоце штогод вызначаецца працоўны калектыў Жыткавіцкага лясгаса, які на нашай Гомельшчыне займае лідзіруючае месца сярод аналагічных падраздзяленняў лясной галіны. Не падвялі лясгасаўцы і летась, з добрымі паказчыкамі падышлі да раённага злёту перадавікоў.
Быў перавыкананы план па лесаўзнаўленні, і гэтыя работы праведзены на плошчы ў 183 гектары. Станоўчыя лічбы таксама дасягнуты па такіх паказчаках як стварэнне лясных культур, рубкі догляду ў маладняках і рубкі прамысловага карыстання.У апошнія гады спецыялісты лясгаса стараюцца актыўна ўкараняць сучасныя метады ўпраўлення і вядзення лясной гаспадаркі. Шырока выкарыстоўваюцца навейшыя тэхналогіі лесанарыхтоўчай вытворчасці. Сярод асноўных накірункаў развіцця галіны гэта мадэрнізацыя, курс на безадходную вытворчасць,выпуск новых відаў прадукцыі і рэалізацыя іх на экспарт як у блізкае, так і далёкае замежжа.
Калі ў 2010 годзе было выраблена 11,3 тысячы кубічных метраў піламатэрыялаў, то летась гэты паказчык склаў ужо 14 тысяч кубічных метраў. Замест планавых 13,7 тысячы кубічных метраў у 2011 годзе было рэалізавана на экспарт 18,2 тысячы кубічных метраў лесаматэрыялаў. На 123,9 працэнта вырасла прадукцыйнасць працы. Не могуць не радаваць і такія паказчыкі як асваенне разліковай лесасекі, выручка ад рэалізацыі прадукцыі, вытворчасць таварнай прадукцыі, тавараў народнага спажывання.
Інавацыйныя мерапрыемствы дапамаглі мясцоваму цэху наладзіць комплексную, безадходную перапрацоўку сыравіны і, галоўнае, забяспечыць выхад якаснай, канкурэнтаздольнай прадукцыі на знешні і ўнутраны рынак. Прыемна адзначыць, што пастановай Гомельскага лесагаспадарчага аб’яднання і прэзідыума абкама прафсаюза работнікаў лесу калектыву Жыткавіцкага цэха па перапрацоўцы драўніны прысуджана трэцяе месца ў абласным спаборніцтве па выніках работы за 2011 год. На падставе гэтай пастановы загадам дырэктара лясгаса калектыў цэха быў прэміраваны грашовай прэміяй кожны работнік, які адпрацаваў поўны квартал. Начальнік цэха М. Чарнагаловы, бухгалтар Л. Грабар, старшыня цэхкама Е. Чыкіда прэміраваны.
Да таго ж павыніках работы за 4 квартал 2011 года заахвочаны пераможцы спаборніцтва вытворчых падраздзяленняў і рабочыя вядучых прафесій. Сярод іх калектывы Мілевіцкага, Юркевіцкага, Жыткавіцкага лясніцтваў, вадзіцель Жыткавіцкага цэха В. Дудзіч, трактарыст Мілевіцкага лясніцтва С. Мацукевіч, майстар Мілевіцкага лясніцтва С. Басарановіч, ляснік Бялоўскага лясніцтва К. Прылуцкі, вальшчык Хвойкаўскага лясніцтва Н. Рагалевіч, аператар фарміруючай машыны Жыткавіцкага цэха Д. Новік, станочнік і слесар гэтага цэха В. Купрацэвіч і В. Замарэеў. Прэміраваны другія работнікі лясгаса.
А прадстаўлялі на раённым злёце перадавікоў Жыткавіцкі лясгас вадзіцель Жыткавіцкага цэха па перапрацоўцы драўніны Мікалай Скарапацкі (на здымкку) і ляснік Мілевіцкага лясніцтва Юрый Літвіновіч.