Грамадскі клопат – справа не другарадная

Абвешчаны Год кнігі для дэпутата Гомельскага абласнога Савета ад Жыткавіцкай выбарчай акругі Міхаіла Саскевіча як і для іншых яго калег распачаўся з удзелу ў дабрачыннай акцыі “Падпішыся на творы Караткевіча”. Міхаіл Пятровіч аформіў падпіску на 25-томнае выданне вядомага беларускага пісьменніка. З уласных сродкаў дэпутатам аплачаны першы і апошні тамы выдання. Напрацягу ўсяго года іх выйдзе з друку яшчэ некалькі. І кожная новая кніга будзе куплена дэпутатам. А гэта, паверце, па цяперашніх мерках зусім немалыя грошы. Але ў тым і сутнасць характару Саскевіча, што, калі справа тычыцца грамадска-карыснай справы, ён ніколі не застанецца ў баку.


Дарэчы, пра падпіску на збор твораў Караткевіча. Асабіста не для сябе іх набывае Міхаіл Пятровіч. А каб потым падарыць адной з бібліятэк сваёй выбарчай акругі. Праўда, пакуль дэпутат яшчэ не вызначыўся якой. Але, сумнявацца не прыходзіцца, зробіць гэта абавязкова. Бо мэта акцыі самая высакародная: павысіць ролю значнасці кнігі і чытання ў сучасным грамадстве, а таксама падтрымаць айчынныя літаратуру і кнігавыдавецтва.


На Жыткаўшчыне Міхаіл Пятровіч Саскевіч ужо даўно зарэкамендаваў сябе, як паспяховы бізнесмен. Акцыянернае таварыства “Сатурн-1”, якое ён узначальвае, не аднойчы ўзнагароджвалася самымі прэстыжнымі ўзнагародамі ўладай на самым высокім узроўні. Ды і сам кіраўнік не раз прызнаваўся самым прадпрымальным чалавекам у нашай вобласці. Гэтак жа старанна і плённа Саскевіч працуе і на грамадскай ніве. А па-іншаму ён і не ўмее. Сведчанне таму — Міхаіл Пятровіч з’яўляецца не толькі дэпутатам Гомельскага абласнога Савета, але яшчэ і абраннікам у раённым Савеце дэпутатаў ад Бялёўскай выбарчай акругі.


Відавочна, давяраюць людзі свайму дэпутату, таму даволі часта звяртаюцца да яго са сваімі праблемамі. Справядліва лічаць: хто ж як не народны абраннік дапаможа. Таму, калі Міхаіл Пятровіч сустракаецца са сваімі выбаршчыкамі, заўжды прыходзіць шмат людзей. Толькі за апошні год дэпутатам было праведзена ў працоўных калектывах 24 сустрэчы з выбаршчыкамі. Усе мерапрыемствы рыхтуюцца вельмі грунтоўна, пра кожную сустрэчу давераныя асобы народнага абранніка апавяшчаюць загадзя. Акрамя таго, Саскевіч пастаянна праводзіць шматлікія прыёмы. А яшчэ і пісьмовыя звароты на яго імя прыходзяць з самых розных куточкаў раёна. У рэгістрацыйным журнале дэпутата занатавана больш пяцідзесяці разнастайных просьбаў ад людзей. Сярод іх ёсць і грамадска-значымыя. Напрыклад, гэта тычыцца будаўніцтва лазні ў райцэнтры, зарастання рэчышча ракі Скрыпіца, забеспячэння чыстай пітной вадой жыхароў пасёлка Чырвонае і аграгарадка Дуброва, кваліфікаваным медыцынскім персаналам амбулаторыі ў аграгарадку Дзякавічы. Рамонт жылля, дарог, вулічнае асвятленне, пракладка водаправода, працаўладкаванне і многае іншае – усё гэта пытанні, якія ставяць перад дэпутатам Саскевічам яго выбаршчыкі. І ніводнае з іх не застаецца без увагі. З кожным зваротам Міхаіл Пятровіч працуе вельмі грунтоўна. Дасылае іх у розныя інстанцыі адказным асобам, не цураецца і на прыём да адказнага кіраўніка прыйсці, каб вырашыць праблему. Вось жа дабіўся, каб уключылі ў Дзяржаўную праграмму “Чыстая вада” пытанне па пракладцы водаправода па вуліцы Лясной райцэнтра. Ды і праблему з зарастаннем рэчышча ракі Скрыпіца па яго ініцыятыве таксама дэталёва вывучылі кампетэнтныя службы. Не без удзелу абласнога дэпутата адбылося і адкрыццё клуба ў вёсцы Марохарава. Жыхары населенага пункта таксама звярталіся да свайго выбранніка. І такіх станоўчых вынікаў у дэпутацкай дзейнасці Міхаіла Пятровіча можна прыводзіць нямала.


Сам чалавек ён немнагаслоўны, найлепшы аргумент для яго — дзейсная, канкрэтная справа на карысць людзей. І цвёрда трымаецца гэтага прынцыпу.


Канечне, не ўсё гладка атрымліваецца, але Міхаіл Пятровіч рэальна ацэньвае свае магчымасці і паўнамоцтвы. Тут для яго важна іншае: сваёй дзейнасцю засяродзіць увагу на праблеме кампетэнтнай службы.


Каштоўная якасць выпрацавалася ў характары Саскевіча за гады жыцця. І менавіта яна вызначае яго духоўныя арыентыры. Дэпутат аказвае вялікую дапамогу праваслаўнай царкве, немалы ўнёсак робіць у будаўніцтва храма ў гонар святога Феадосія Чарнігаўскага ў райцэнтры.


Менавіта за дапамогай да свайго дэпутата звяртаюцца юныя гіравікі Жыткаўшчыны, калі патрэбна выехаць на міжнародныя спаборніцтвы. І ў тым, што некаторыя хлопцы і дзяўчаты, якія захапляюцца гэтым відам спорту, заваявалі мноства перамог на спаборніцтвах высокага ўзроўню, у прыватнасці юнацкі чэмпіянат свету, таксама заслуга Саскевіча.


Таму не дзіўна, што ў скарбонцы шматлікіх узнагарод Міхаіла Пятровіча маецца і Дыплом ад прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі гіравога спорту.


Нямала ён робіць для папулярызацыі здаровага ладу жыцця ў маладзёжным асяроддзі. Асабіста быў некалькі разоў сведкам, калі Міхаіл Пятровіч дарыў навучальным установам раёна спартыўны інвентар.


Без увагі дэпутата не застаюцца і дзеці, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі. Як не згадаць выпадак, калі Міхаіл Пятровіч з уласных сродкаў выдаткаваў пэўную суму на аперацыю маладому чалавеку, які трапіў у аўтакатастрофу. Для дзяцей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, дзяцей з нядобранадзейных сем’яў дэпутат па-бацькоўску вось ужо не адзін год збірае і дарыць партфелі да школы. А з сярэдняй школай №3 райцэнтра ўвогуле склаліся сяброўскія стасункі.


Вось такі ён дэпутат Міхаіл Саскевіч – асоба і грамадзянін, які лічыць, што ўскладзены на яго дэпутацкі клопат – справа не другарадная. І вымяраецца яна карысцю для людзей і іх удзячнасцю.


Сяргей БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.