Працуюць на дабрабыт роднай зямлі
Адукацыя -– адзін з асноўных элементаў развіцця грамадства. Усё жыццё чалавек свядома ці неўсвядомлена вучыцца, а калі гучыць слова “навучанне”, узнікае адна з першых асацыяцый -– школа. Як шмат звязана з гэтым словам у жыцці кожнага з нас. Ды і, па вялікаму рахунку, кожны амаль усё жыццё звязаны са школай як вучань, бацька ці маці, настаўнік.
Вось і скончыўся чарговы навучальны год у Азяранскім навучальна-педагагічным комплексе дзіцячы сад -– сярэдняя школа. Ен быў насычаны рознымі падзеямі, якія былі адметнымі як у навучальным, так і ў выхаваўчым працэсах.
Намаганні адміністрацыі і ўсяго педагагічнага калектыва Азяранскага навучальна-педагагічнага комплекса дзіцячы сад -– сярэдняя школа накіроўваюцца на стварэнне ўмоў для развіцця дзіцяці як свабоднай, адказнай і творчай асобы.
Вучыць і выхоўваць дзяцей навучальная ўстанова пачынае з трохгадовага ўзросту, а выпускае -– ужо дарослых, самастойных асоб.
Увесь педагагічны працэс здзяйсняецца дваццаццю пяццю педагогамі, з якіх шэсць маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, дванаццаць педагогаў -– першую, шэсць -– другую і толькі адзін педагог без катэгорыі. З 1989 года школай кіруе Зінаіда Іванаўна Ляўковіч.
У Азяранскім навучальна-педагагічным комплексе дзіцячы сад — -– сярэдняя школа навучаецца 171 вучань.
Навучальна-педагагічны працэс у дзіцячым садзе здзяйсняецца па праграме “Пралеска”. Тут функцыянуюць дзве рознаўзроставыя групы, якія наведвае больш трыццаці выхаванцаў.
Школа працуе па базаваму вучэбнаму плану. Каб забяспечыць усе запыты вучняў і іх бацькоў, арганізавана трыццаць шэсць факультатываў філалагічнага, матэматычнага, грамадазнаўчага і спартыўнага накірункаў.
І гэта дае пэўныя станоўчыя вынікі. Так, у гэтым навучальным годзе дзесяць вучняў сталі прызёрамі другога этапа рэспубліканскай і абласной алімпіяд. Два вучні прадстаўлялі наш раён на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды. Адзін з іх, вучань 9/ класа Васіль Ластачкін, атрымаў дыплом трэцяй ступені па тэхнічнай працы.
З вялікім задавальненнем удзельнічаюць вучні ў рэспубліканскіх конкурсах “Кенгуру”, “Жураўлік”, “Каласок”, “Буслік”, “Інфамышка”, дзе паказваюць нядрэнныя веды па многіх прадметах.
Таксама ў школе вядзецца даследчая работа. Кожны год вучні прымаюць удзел у раённай даследчай канферэнцыі “Інтэлект будучага”. У гэтым годзе свой даследчы праект “Повязь часоў -– беларускі ручнік” прадстаўлялі вучаніцы 5 класа Алеся Ільеня і Алена Ільеня. Праект быў адзначаны дыпломам другой ступені.
Вучні школы актыўна наведваюць спартыўныя секцыі. Для школьнікаў 3-4 класаў праводзіцца факультатыў “Гадзіна футбола”. І гэта дае таксама добрыя вынікі. Так, зусім нядаўна на спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы каманда Азяранскага навучальна-педагагічнага комплекса дзіцячы сад -– сярэдняя школа заняла першае месца. Вучні школы Анатоль Ільеня, Віктар Кашэвіч, Мікалай Знагаван неаднаразова ўваходзілі ў склад раённай каманды па лёгкай атлетыцы, якая прадстаўляла раён на абласных спаборніцтвах.
Родная зямля — крыніца натхнення
Што самае дарагое для кожнага чалавека? Без сумнення, маці і Радзіма! Родная зямля — вось крыніца натхнення для кожнага чалавека! Нездарма 2009 год абвешчаны Годам роднай зямлі.
Актыўна вядзецца калектывам школы і вучнямі работа па розных накірунках у Год роднай зямлі.
Педагагічны калектыў прывівае любоў дзецям да кожнага кутка сваёй маленькай радзімы. Вучні прыкладаюць усе намаганні па ўпарадкаванню прышкольнага двара. Якія цудоўныя архітэктурныя формы ўзведзены на прышкольным двары. Быццам бы трапляеш у казачны свет. Тут можна падзівіцца і хаткай на курыных ножках, і матрошкамі, і кракадзілам у россыпах кветак, і грыбамі, зробленымі з пнёў, і многім-многім іншым, што не можа не захапіць сваёй прыгажосцю. Працуе на гэтай тэрыторыі ўвесь калектыў разам з вучнямі. Таму так і добраўладкаваны прышкольны двор.
Год роднай зямлі азнаменаваўся ў школе адкрыццём мемарыяльнай дошкі воіну-афганцу В. Клімовічу.
Вучні школы даглядаюць помнік воінам-вызваліцелям у вёсцы Азяраны, магілу невядомага салдата ў вёсцы Бечы і магілу воіна-афганца В. Клімовіча.
Таксама школьнікі прымалі актыўны ўдзел у рэспубліканскай акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” і ў экалагічнай акцыі “Сделаем землю краше”. У зборы мукулатуры вучні 9 класа занялі першае месца.
У раённым фестывалі “Шануем спадчыну сваю” вучні пятага класа паказалі абрад “Саракі”. У раённай выставе “Калядная зорка” былі прадстаўлены работы з бісеру вучаніцы 8 класа Вікторыі Ярмоліч.
Нядаўна вучні школы прымалі ўдзел у “Свяце птушак у Тураве” і атрымалі дыплом трэцяй ступені. Мерапрыемства прайшло пад эгідай грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”.
Галоўны рэкорд – здароўе
Вялікая ўвага калектывам надаецца здароваму і спартыўнаму ладу жыцця. Сапраўдным святам стала правядзенне заключнага дня акцыі “Галоўны рэкорд -– здароўе” ў Азяранскім навучальна-педагагічным комплексе дзіцячы сад – сярэдняя школа.
Пачалося свята з выступлення агітбрыгады “За здаровы лад жыцця”. На ганку школы лепшыя спартсмены віталі гасцей, частавалі хлебам-соллю, гасцінна запрашалі на свята.
У актавай зале гасцям была паказана мультымедыйная прэзентацыя аб узаемадзеянні Азяранскага Савета з навучальнымі ўстановамі, з КСУПам “Агра-Прыпяць” у галіне фізкультуры і спорту.
На спартыўнай пляцоўцы гулялі валейбольныя каманды. У адным крыле школы аматары шашак і шахмат маглі паказаць свае здольнасці. У другім крыле адбывалася сапраўдная бітва тых, хто любіць тэніс. Але самыя галоўныя падзеі разгарнуліся ў спартыўнай зале. Тут змагаліся дзве каманды (Азяранскага НПК і Хваенскага НПК дзіцячы сад -– сярэдняя школа) у спартыўнай гульні “Тата, мама, я -–спартыўная сям’я “. Ад кожнай навучальнай установы было прадстаўлена па тры сям’і.
Галоўны суддзя спаборніцтваў Аляксандр Ярмоліч падрыхтаваў для каманд цікавыя конкурсы і эстафеты: перадача эстафетнай палачкі, “Турыстычная сцяжынка”, “Пасадка бульбы”. Самым складаным конкурсам, асабліва для матуль, стаў конкурс “Хакеісты”, дзе патрэбна было з дапамогай хакейнай клюшкі правесці шайбу. З лёгкасцю справілася з эстафетай каманда “Пераправа”. А як хваляваліся балельшчыкі пад час конкурса “Лыжнікі”, раўнадушных не было. Добра змаглі паказаць сябе таты ў конкурсе “Самы моцны тата”, у якім патрэбна было паднімаць дваццацічатырохкілаграмовую гіру. Тата Анатоль Лысы з каманды Хваенскай школы падняў яе аж 30 разоў. Ну, а мамы прадэманстравалі сваё ўменне ў кручэнні абруча. Тут перамогу атрымала мама з каманды Азяранскай школы — Галіна Друк.
Самым апошнім, рашаючым конкурсам было перацягванне каната. І перамогу, як і ва ўсёй гульні, атрымала каманда Хваенскага НПК дзіцячы сад — сярэдняя школа. Закончыліся спаборніцтвы, усе ўдзельнікі сабраліся ў спартыўнай зале. Журы падвяло вынікі. Пераможцам акцыі “Галоўны рэкорд -– здароўе” стаў жыхар вёскі Азяраны Валерый Касцянка. У спаборніцтвах па шашках перамогу атрымаў Сяргей Аксёнчык, другое месца заняў Адам Пашэвіч і трэцяе -– Марына Сячко.
У тэнісе мацнейшымі былі вучні 9 класа Азяранскай школы Мікалай Якубоўскі і Мікалай Акунец. Трэцяе месца заняў жыхар вёскі Азяраны Віталь Дранец.
У шахматах мацнейшым стаў Аляксандр Ільеня, другое і трэцяе месцы занялі вучні Азяранскай школы Вікторыя Ярмоліч і Яўген Саскевіч.
У спаборніцтвах па валейболе святкавала перамогу каманда вёскі Азяраны, на другім месцы была каманда Азяранскага НПК дзіцячы сад -– сярэдняя школа і на трэцім месцы -– каманда пасёлка Хваенск.
Сапраўдным фіналам стала цудоўная песня “Белая Русь” у выкананні настаўніцы пачатковых класаў Ганны Капран.
Закончылася свята, падведзены вынікі, але і далей сяброўства з фізкультурай і спортам працягваецца ў школе, бо галоўны рэкорд -– здароўе.
Стараннасць ва ўсім
Васіль Ластачкін -– чалавек не па гадах вельмі сур’ёзны. Асабліва таго, што тычыцца вучобы. Навучаецца хлопец у Азяранскім вучэбна-педагагічным комплексе дзіцячы сад -– сярэдняя школа. Нездарма ён разам са сваім настаўнікам па працоўнаму навучанню Аляксандрам Пашэвічам былі запрошаны на сустрэчу да старшыні райвыканкама Мікалая Какоры, якая ладзілася з таленавітай моладдзю раёна. Гэтае ганаровае права Васіль заслужыў сваёй працай. Ен стаў прызёрам абласной алімпіяды па прадмету тэхнічнай працы.
Упадабаў Васіль гэты прадмет адразу, як толькі пачаў яго вывучаць. У многім гэтаму садзейнічала асоба настаўніка Аляксандра Дзмітрыевіча, які старанна і настойліва дапамагаў хлопцу асвойваць многія сакрэты. Хлопец хацеў дасканала ўсяму навучыцца, віртуозна валодаць сталярным і слясарным інструментам. Больш за ўсё Васілю падабаецца працаваць з дрэвам. Ужо нямала розных прыгожых рэчаў зроблена яго рукамі.
Зараз у Васіля Ластачкіна даволі адказны перыяд. Ен стараецца здаць экзамены за курс базавай школы. Прычым здаць іх толькі на выдатныя адзнакі. Гэта адзін з галоўных крокаў да запаветнай мары. У будучым Васіль марыць стаць праграмістам, таму мяркуе паступіць у адпаведную навучальную ўстанову. Ведаючы яго настойлівасць і старанне ў кожнай справе, за якую бярэцца, верыш, што і гэтая задача для Васіля па сілах. А як вядома, вобразна кажучы, крылы дужэюць у палёце.
Падрыхтавалі М. ТОЛКАЧ, С. БЕЛКА.