Уборачная кампанія на Жыткаўшчыне імкліва разгортваецца
Па дадзеных райсельгасхарчу, на ўчарашнюю раніцу аграрыі ўбралі зерневыя культуры на 829 га, ці 8 працэнтах плошчаў. На круг яны маюць па 25 цэнтнераў. У лідарах па ўраджайнасці зараз трымаецца ААТ “Тураўшчына”, на палетках якога пасеяна амаль траціна ўсіх каласавых. Камбайнеры гаспадаркі з гектара атрымліваюць 44,1 центнера. А найбольшыя тэмпы забяспечвае КСУП “Коленскае”, тут абмалацілі хлеб амаль на чвэрці плошчаў. Нагадаем, што ўсяго раёну сёлета неабходна ўбраць звыш 10 тысяч гектараў.
Паступаюць
Больш чым на 35 працэнтаў за паўтара тыдні выканаў план набору абітурыентаў Жыткавіцкі прафесійны ліцэй. Уступная кампанія тут пачалася 15 ліпеня і працягнецца роўна месяц. Усяго сёлета ва ўстанову будуць залічаны 90 чалавек. Адначасова дзве спецыяльнасці — ляснік, вадзіцель — прапануюць выпускнікам сярэдніх і базавых школ. Яшчэ адной групе дзявяцікласнікаў пасля заканчэння ліцэя прысвояць тры кваліфікацыі — трактарыста, слесара і вадзіцеля. Па словах дырэктара Наталлі Ільені, па колькасці заяў пакуль у лідарах старэйшая моладзь, тыя, хто скончыў 11 класаў. Прыёмная камісія працуе штодня, за выключэннем нядзелі, з 9 да 18 гадзін.