Пачэсны абавязак – памятаць
Днямі патрыятычную эстафету “Памятаць ў імя жыцця” прымаў Руднянскі сельскі Савет. Раённую дэлегацыю ў складзе намесніка старшыні райвыканкама Валерыя Рагалевіча, першага сакратара райкама БРСМ Дзяніса Гаўрылава, старшыні раённай ветэранскай арганізацыі Адама Аліфяровіча гасцінна сустракалі на парозе Грэбеньскага сельскага клуба па праваслаўнай традыцыі духмяным караваем работнікі гэтай установы культуры і прадстаўнікі мясцовай улады на чале са старшынёй сельсавета Віктарам Пяшэвічам. Менавіта ў вышэйназванай установе і прайшло першае мерапрыемства акцыі, якое падрыхтавалі работнікі Грэбеньскага і Грэбянёўскага сельскіх клубаў.
Літаратурна- песенная кампазіцыя, якую прадэманстравалі прысутным работнікі і самадзейныя артысты клубаў была вельмі багатай на эмоцыі. У ёй было ўсё: і горач страт, якія панёс наш народ у гады вайны, і гонар за яго мужнасць, і няскоранасць духу, і радасць за выпакутаваную і заваяваную перамогу. Не раз выступленне суправаджалася гарачымі апладысментамі гледачоў. Хвілінай маўчання прысутныя ў клубе ўшанавалі памяць загінуўшых у той бязлітаснай вайне. 53 пахавальныя лісты прыйшлі ў вёскі Савета з франтоў. Магілы воінаў-землякоў раскіданы па ўсёй Еўропе. Гэта не адзіныя людскія ахвяры, якія панесла гэтая тэрыторыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Мясцовыя жыхары змагаліся з ворагам не толькі на франтах, але і ў падполлі, партызанскіх атрадах. Помнік з імёнамі загінуўшых на могілках у вёсцы Рудня — прамое сведчанне таго, што памяць аб гэтых людзях патомкі свята шануюць і берагуць. Аб чым сведчыць і стан помніка , і добраўпарадкаванне тэрыторыі ля яго. Дбаюць у Савеце і пра жывых ветэранаў. У Грэбені ён застаўся адзін. Піліп Кот вызваляў родную вёску. Таму на мерапрыемстве ён быў самым ганаровым госцем. Віншавалі яго са сцэны і артысты, а старшыня Савета ўручыў ветэрану падарунак. Атрымалі іх і іншыя ветэраны, якіх Віктар Пяшэвіч разам з самадзейнымі артыстамі наведаў у дзень акцыі на даму.
Не менш насычанай была і праграма ў вёсцы Кольна. У мясцовай школе вельмі грунтоўна падрыхтавалі да такой падзеі. Адразу ў фае была зроблена выстава ў гонар воінаў-землякоў. Іх фотаздымкі, імёны, вышытыя на матэрыяле сведчылі, што маладое пакаленне ведае пра подзвіг сваіх дзядоў. Гэта пацвердзілася і на мітынгу. Пранікнёна гучалі вершы і песні ў выкананні вучняў і настаўнікаў пра вайну і гераізм нашых салдат. Гарманічна ўпісаліся ў літаратурна-мастацкую кампазіцыю і ўспаміны старшыні мясцовай ветэранскай пярвічкі Васіля Тураўца. Ён хаця і не ваяваў, але дзіцём перажыў усе жахі вайны, і бачыў, які здзек чынілі над людзьмі фашысты. Сам не раз знаходзіўся побач са смерцю.
Канешне ж, такое нельга забыць. Таму і невыпадкова, што праходзяць такія патрыятычныя мерапрыемствы пастаянна ў нашых школах і клубах. Менавіта яны абуджаюць памяць моладзі, якія бачылі вайну толькі ў кінафільмах і чыталі пра яе па кнігах, служаць напамінкам, якая вялікая цана нашай перамогі, а таксама даюць падставу для гонару і пашаны да тых, хто яе здабыў. Напэўна, ў гэтым і заключаецца наш грамадзянскі абавязак -– не забываць.
С. МІКАЛАЕЎ.