Дзе прысутнічаюць ініцыятыва і ўзаемадзеянне
Як вырашаюцца пытанні жыццязабеспячэння насельніцтва органамі мясцовага кіравання і самакіравання? Практычны вопыт па гэтым пытанні нядаўна ў нашым раёне пераймалі старшыні пасялковых, сельскіх Саветаў дэпутатаў, якія павышаюць сваю кваліфікацыю ў інстытуце дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. На базе Юркевіцкага і Людзяневіцкага сельскіх Саветаў для слухачоў курсаў былі праведзены выяздныя практычныя заняткі.
Удзел у мерапрыемстве прынялі Аляксандр Шумілін, загадчык кафедрай інстытута дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Аляксей Сцепаненка, адказны сакратар Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага кіравання і самакіравання пры Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Марыя Бондар, старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў, Мікалай Какора і Ніна Рамановіч, старшыні Жыткавіцкага раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў, старшыні сельсаветаў з многіх рэгіёнаў краіны.
Распачалося мерапрыемства з урачыстай сустрэчы гасцей на мяжы раёна, якую арганізавала кіраўніцтва рэгіёна. Самадзейныя артысты народнага ансамбля “Жытніца” Жыткавіцкага гарадскога цэнтра культуры парадавалі ўдзельнікаў семінара прывітальнай песняй ды ўручылі ім пышны каравай. А каб усё на нашай зямлі ў іх склалася выдатна – прапусцілі гасцей праз сімвалічную арку шчасця. Прывітальныя словы прагучалі і ад кіраўніцтва раёна, пасля чаго распачалася праца згодна зацверджанага парадку дня.
Першым прыпынкам, дзе госці пачалі знаёміцца з вопытам работы сельскай улады, стаў адміністрацыйны будынак Юркевіцкага сельсавета. Да мерапрыемства гэтая ўстанова значна абнавілася. Па словах Марыны Андрэеўны Бондар, работы па абнаўленню будынкаў сельскіх Саветаў на цяперашні час — адзін з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці, накіраваных на павышэнне аўтарытэту мясцовай улады, прадстаўнікі якой павінны працаваць у нармальных умовах, каб людзі падчас наведвання адчулі, што тут знаходзіцца сапраўдны гаспадар тэрытарыяльнай адзінкі, які здольны вырашыць іх праблемы.
У будынку Савета яго старшыня Алена Шпакевіч пазнаёміла ўдзельнікаў вучобы з нагляднай інфармацыяй і дакументацыяй аб сваёй дзейнасці.
Многія, напрыклад, зацікавіліся работай пярвічкі савета жанчын грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”. Шмат добрых і карысных спраў запісалі члены арганізацыі на свой рахунак за гады работы.
Супрацоўніцтва з насельніцтвам па вырашэнні сацыяльна-значымых задач – гэта тэма гутаркі ў Юркевіцкім педагагічна-навучальным комплексе “Дзіцячы сад – сярэдняя школа”. Садзік для дзяцей тут працуе нядаўна. Адкрыўся ён дзякуючы ініцыятыве людзей і падтрымцы мясцовай улады. Дарэчы, работы па добраўпарадкаванні ўстановы вяліся сумеснымі намаганнямі насельніцтва, арганізацый. Немалая сума грошай паступіла па праграме ПРААН. Ды і замежныя спонсары дапамаглі. Усё гэта зэканомленыя бюджэтныя сродкі, а вось мясцовыя дашкаляты атрымалі цудоўную ўстанову для свайго развіцця. Тут на цяперашні час працуе верны памочнік сельсавета Валянціна Бобрык, якая расказала, як працуюць старасты ў вёсках.
Прыемны сюрпрыз чакаў выхаванцаў установы. Ім Аляксей Сцепаненка ды дэпутат Гомельскага абласнога Савета Міхаіл Саскевіч уручылі падарункі. Варта сказаць, што такія дабрачынныя акцыі, калі дэпутаты розных узроўняў дапамагаюць збіраць партфелі дзецям з сямей, што апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі, дараць спортінвентар навучальным установам і гэтак далей, ужо стала традыцыяй.
Вёска Баравая і пасёлак Азёрны сустрэлі ўдзельнікаў вучобы значна памаладзеўшымі. Адразу кідаліся ў вочы новыя яркія агароджы. Гэта вынік сумеснай працы мясцовай улады і насельніцтва. Плён такога супрацоўніцтва ў гэтых населеных пунктах бачны паўсядзённа: помнік загінуўшым землякам, дзіцячая пляцоўка і іншыя аб’екты, на якія частку грошай збіралі людзі. Адзначана ў гэтай справе і роля гарадскіх арганізацый, якія бясплатна дапамагалі Савету тэхнікай і людзьмі. Як гэта працуе, якая аснова гэтай дзейнасці — вельмі цікавіла гасцей. Многіх нават здзіўляла, што такое магчыма, калі парадак у вёсках дапамагаюць наводзіць гараджане.
Віктар Сцяпанавіч Дашкевіч, дырэктар ААТ “Доследны рыбгас “Белае” падрабязна расказаў пра справы калектыва гаспадаркі, правёў экскурсію па яе вытворчай базе. Нельга не адзначыць ролю рыбгаса, якую ён адыгрывае пры вырашэнні надзённых праблем людзей, што з’яўляецца адчувальнай падтрымкай мясцоваму сельвыканкаму.
Не раз давялося здзіўляцца гасцям і падчас наведвання Людзяневіцкага Савета. Яго старшыня Юрый Волчык адразу прапанаваў наведаць сядзібу Алены Піскун, якая з’яўляецца і даверанай асобай сельсавета па вёсцы Дзедаўка.
Жанчына і яе родныя па ўласнай ініцыятыве добраўпарадкавалі сваю сядзібу так, што многія прыезджыя сюды ідуць як у музей. Сваёй энергіяй яна заразіла і суседзяў, як вынік у вясковых дварах пачало з’яўляцца больш кветак, малых архітэктурных форм. Добраўпарадкаванне Дзедаўкі гэта яскравы прыклад як у гэтым накірунку працуюць органы мясцовага кіравання і самакіравання, мабільныя групы гарадскіх прадпрыемстваў і арганізацый, насельніцтва. У Людзяневічах асноўная ўвага была нададзена рабоце назіральных камісій. Гэта яшчэ адна апора старшыні сельсавета па вырашэнню пытанняў добраўпарадкавання населеных пунктаў, у рабоце з праблемнымі і апекунскімі сем’ямі, нядобранадзейнымі сем’ямі, адзінокапражываючымі і састарэлымі грамадзянамі. Падчас работы назіральных камісій можна найлепш даведацца аб набалелых праблемах людзей, і адразу ж “выпісаць лекі” па іх вырашэнню, бо працуюць у камісіі прадстаўнікі многіх службаў.
Прынялі ўдзел старшыні Саветаў і прадстаўнікі раённай улады ў пасяджэнні клуба прыёмных сем’яў, дзе выслухалі праблемы бацькоў, якія апякаюць пакінутых дзяцей. У Людзяневіцкім сельсавеце такіх шмат. Усіх парадаваў невялікі канцэрт, што далі на сцэне Людзяневіцкай установы культуры маці і іх дзеці.
На падвядзенні вынікаў мерапрыемства выступілі Мікалай Какора, Марыя Бондар, Ніна Рамановіч, якія азнаёмілі ўдзельнікаў нарады з формамі і метадамі работы мясцовых Саветаў дэпутатаў Гомельскай вобласці па вырашэнні пытанняў мясцовага значэння, з сацыяльна-эканамічным развіццём Жыткаўшчыны. Аляксей Сцепаненка падзякаваў гаспадарам за прадэманстраваны вопыт работы, які варты пераймання. Сапраўды, у прадстаўнікоў сельскай улады з многіх рэгіёнаў краіны засталіся самыя прыемныя ўражанні ад пачутага і ўбачанага. А вучоба прадэманстравала, што там, дзе прысутнічаюць ініцыятыва, узаемадзеянне, па ўсіх пытаннях жыццядзейнасці людзей, можна знасці станоўчае значэнне.
С. БЕЛКА.