Механізатары аграпрамысловага комплексу павышаюць прафесійнае майстэрства

Механізатары аграпрамысловага комплексу раёна на цяперашні час не толькі старанна рыхтуюць сваю тэхніку да палявых работ, але і актыўна павышаюць уласнае прафесійнае майстэрства.

Для гэтага днямі з больш як паўсотняй работнікаў згаданай спецыяльнасці з усіх гаспадарак і абслугоўваючых арганізацый  на базе Цэнтра падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі рабочых райсельгасхарчу і акцыянернага таварыства “Жыткавіцкі агратэхсервіс” праведзены спецыяльныя заняткі, на якіх падрабязна спыніліся на пытаннях, накіраваных на граматную эксплуатацыю розных марак трактароў. Падчас тэарэтычнага курсу інжынер ААТ “Гомельаблагратэхсервіс” Мікалай Сяргеенка, акрамя агульных характарыстык і ўстройства вузлоў і механізмаў  машын, акцэнтаваў увагу прысутных на найбольш пашыраных памылках, што дапускаюць механізатары падчас працы на такой тэхніцы, даў канкрэтныя парады, як пазбягаць розных неспадзяванасцей і граматна выпраўляць недахопы і паломкі.

Пачатая размова па акрэсленай тэматыцы мела працяг у рамонтных майстэрнях Жыткавіцкага агратэхсервіса. Вадзіцелі колавых машын на ўласныя вочы ўбачылі, да якога гаротнага стану даходзіць тэхніка, калі яе несвоечасова даглядаюць і абслугоўваюць. У выніку дэталі зношваюцца раней устаноўленых тэрмінаў. Каб такога не здарылася, спецыяліст у чарговы раз нагадаў аграрыям правілы і патрабаванні, якіх яны павінны прытрымлівацца, каб пазбягаць пазаштатных сітуацый пры выкананні работ на палетках. Па словах галоўнага спецыяліста райсельгасхарчу Міхаіла Кузьміча, атрыманыя працаўнікамі вёскі на курсах веды лішнімі не будуць, а пасадзейнічаюць механізатарам у больш беражлівым стаўленні да замацаваных  за імі машын, а значыць эфектыўнейшай рабоце ў перыяды асноўных сельскагаспадарчых кампаній.

Сяргей БЕЛКА

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.