На адным дыханні
Так бы мовіць, на адным дыханні асноўныя аб’ёмы веснавых палявых работ выканалі працаўнікі адкрытага акцыянернага таварыства “Тураўшчына” сёлета. Па словах галоўнага тэхнолага палёў гаспадаркі Мікалая П’яўка, гэтаму садзейнічалі многія фактары: і добрая арганізацыя працы на палетках, і грунтоўная падрыхтоўка тэхнікі, і стараннасць механізатараў і паляводаў.
Гэта пацвярджаюць сваімі вытворчымі здабыткамі на палетках практычна ўсе работнікі сельгаспрадпрыемства. Магутны, энерганасычаны “Беларус”, за рулём якога механізатар Генадзь Кот, ужо гатовы быў выехаць у поле з тэрыторыі гаража. Адразу кінуўся ў вочы наклеены на кабіне трактара малюнак знака “Гвардзія”.
— Не інакш перадавік ваш? — пытаемся ў намесніка дырэктара па ідэалагічнай рабоце Уладзіміра Чарнушэвіча. — Не кожны дазволіць наклеіць на замацаваную тэхніку такі знак.
— Так яно і ёсць. Сёлета Генадзь Іванавіч у ліку лідараў гаспадаркі на палявых работах, — адзначае Уладзімір Андрэевіч.
— Зараз заняты на падрыхтоўцы глебы пад кукурузу, — пагадзіўся расказаць пра свае клопаты на грамадскіх палетках механізатар. — Раней сеяў раннія каласавыя. Складанасці былі, у асноўным з-за пагодных умоў, але спраўляемся. Тэхніку падрыхтаваў добра, таму падчас пасяўной не падводзіць.
Гэта ўжо васямнаццатая вясна за плячыма механізатара. І Генадзь Іванавіч прыкладвае ўсе намаганні, каб паспяхова спраўляцца з заданнямі агранамічнай службы.
Не ўмее дрэнна працаваць і механізатар Лебядзінскі. Яго асноўны клопат — догляд за пасевамі зерневых культур: падкормка іх мінеральнымі тукамі, хімпраполкі ад пустазелля і апрацоўкі раслін ад хвароб.
— Справа ў мяне адказная, бо ад таго, як правяду догляд за пасевамі, будзе залежаць ураджай. Я ж яшчэ на камбайне працую, і хочацца, каб падчас уборкі ніва парадавала важкім коласам, — адзначае Мікалай Лебядзінскі. — І ад цяперашніх маіх высілкаў залежыць плён працы маёй і маіх калег падчас жніва.
Аб гэтым дбаюць не толькі радавыя працаўнікі, але найперш галоўны тэхнолаг палёў таварыства Мікалай П’яўка. Сёлета, напрыклад, у гаспадарцы плануецца павялічыць збор зерня амаль на тысячу тон у параўнанні з мінулагоднім.
— Па 60 цэнтнераў запланавана атрымаць зерневых з гектара, — расказвае спецыяліст. — Атрымаць такую аддачу можна толькі тады, калі захоўваеш усе тэхналагічныя патрабаванні. І сёлета нам гэта ўдаецца: усе работы праводзяцца ў аптымальныя агратэхнічныя тэрміны і з належнай якасцю, чаму садзейнічае дастатковая колькасць сучаснай тэхнікі, якую набыло за апошні час сельгаспрадпрыемства.
— Што ж зроблена мясцовымі земляробамі бягучай вясной? — з такім пытаннем звяртаюся да Мікалая Мікалаевіча.
— Усяго пад рознымі культурамі ў нас занята 6210 гектараў. Гэта з азімымі. Палявыя работы распачалі з падкормак на азімых культурах, якіх у нас налічваецца больш двух тысяч гектараў. Неабходная колькасць падкормак мінеральнымі тукамі і апрацовак хімпрэпаратамі ад пустазелля і хвароб на іх ужо праведзена. Нават прыйшлося перасеяць сто гектараў азімага рапсу яравым, бо пасевы першага моцна пацярпелі ад зімы. Цяпер стан пасеваў азімых не выклікае занепакоенасці, яны развіваюцца вельмі добра. Праведзены падкормкі шматгадовых траў. Вывезена і ўнесена на палеткі амаль восемдзесят тысяч тон арганічных угнаенняў. Пастараліся механізатары механізаваных атрадаў. Асабліва плён у працы паказаў Васіль Каралец, які пагрузіў “Амкадорам” больш дзесяці тысяч тон арганічных угнаенняў. А вось на ўнясенні мінеральных угнаенняў стараннасць праявіў Міхаіл Матарас. Немалая нагрузка гэтай вясной выпала і на долю механізатара Міхаіла Клімовіча, які задзейнічаны на ворыве.
Ідуць работы па догляду за маладым садам, выкарчоўваюцца старыя малапрадукцыйныя сады, якія маюцца на тэрыторыі сельгаспрадпрыемства. На плошчы больш чым гектар закладзены пітомнік для вырошчвання саджанцаў пладовых дрэў. З гэтай справай паспяхова спраўляецца вопытны садавод Васіль Зырко.
І яравая сяўба ў гаспадарцы ідзе нядрэнна. Зараз ужо вядуць догляд за пасевамі яравых. Іх нямала. Толькі каласавыя займаюць плошчу 600 гектараў. Яшчэ ў таварыстве ў тры этапы пасеялі 500 гектараў гароху, 50 гектараў цыбулі, столькі ж пасаджана бульбы. На бульбяным палетку старанна папрацаваў механізатар Аляксей Кавальчук. Дзве тысячы гектараў засеяна кукурузай, яшчэ сто адведзена пад салодкую, зерне якой пойдзе на перапрацоўку ў кансервавы цэх.
— Плошчы пад кукурузу мы сёлета пашыраем, — расказвае Мікалай Мікалаевіч. — Колькасць грамадскай жывёлы на фермах таварыства павялічваецца: вырасла пагалоўе амаль на тры тысячы галоў. Таму пра кармы на будучую зіму трэба клапаціцца зараз. Падчас сёлетняй зімоўкі грамадскага статка мы мелі недахоп травяністых кармоў і куплялі іх у іншых гаспадарках. Цяпер будзем старацца не дапусціць такога. Таму і сеем столькі кукурузы. Нават вызначыліся, што гэтая культура зойме яшчэ большыя плошчы, на гектараў трыста, чым даведзенае нам заданне.
Размяшчаць кукурузу плануюць на землях, выдзеленых таварыству ў КСУПе “Чырвоны Бор”. Варта адзначыць прозвішчы механізатараў, якія плённа працуюць на пасеве кукурузы. Гэта Іван Жылан, Мікалай Акуліч, Васіль Гардзейчык, Сяргей Маркевіч, Генадзь Пупенка, Рыгор Талянін.
Клапоцяцца ў сельгаспрадпрыемстве, каб накормлены быў статак і летам. Таму вядуцца работы і па догляду за культурнымі выпасамі. Для гэтых мэт набыта гаспадаркай дзве сучасныя касілкі, якія адразу выконваюць чатыры тэхналагічныя аперацыі. Для паляпшэння кармавой базы на 350 гектарах пасеяна люцэрна насеннем французскай селекцыі. І аб традыцыйнай канюшыне не забываюць.
Несумненна, плён працы і старанняў мясцовых земляробаў з’яўляецца вынікам таго, што кіраўніцтва здолела максімальна зацікавіць кожнага ўдзельніка сяўбы матэрыяльна. Яшчэ ўсім аказана сельгаспрадпрыемствам дапамога па пасадцы бульбы на прыватных сотках. Гэта таксама немалаважная дэталь у арганізацыі работы на палетках, як і забеспячэнне гарачымі абедамі, падвядзенне вынікаў працоўнага саперніцтва. Скажам так, у гонар перадавікоў штодня падняты сцяг на тэрыторыі машыннага двара. Адным словам, працаўнікі і спецыялісты таварыства ўсё вышэй узнімаюць для сябе планку вытворчых здабыткаў.