Алена Рэз – жывёлавод з вялікім стажам
На верасніцкай малочнатаварнай ферме яна даглядае маленькіх цялятак. Адносіцца да справы сумленна і з вялікай адказнасцю, таму і вынікі ў працы мае станоўчыя.
Канечне, пасля рэканструкцыі структурнага падраздзялення ўмовы працы апераратара па вырошчванні маладняку намнога палепшыліся. У тым няцяжка было пераканацца, наведаўшыся на рабочае месца Алены Андрэеўны. Усе клеткі-домікі з цялятамі акуратна размяшчаліся пад навесам, дзе панавалі чысціня і парадак. Апошняе дасягнута дзякуючы стараннасці жывёлавода. Як і тое, што цяляты падасланыя. Ды і знешні выгляд гадаванцаў сведчыў, што яны добра накормленыя. Зразумела, вопыт і майстэрства дапамагаюць Рэз выконваць ускладзеныя на яе абавязкі. Але для гэтага жанчыне добра такі патрабуецца прыкласці намаганні. Яна не наракае на цяжкасці, бо з маленства звыклая да такой працы, таму і мае пастаянна стабільныя высокія паказчыкі. Разам з імі і заслужаны аўтарытэт у калектыве.
Сяргей БЕЛКА