З карысцю для газеты і чытача
Ад першага нумара раёнкі і за ўвесь час яе існавання вясковая тэма з’яўлялася на старонках газеты самай пашыранай. Амаль чатырнаццаць гадоў, такі тэрмін працую ў “Новым Палессі”, асвятляць яе выпала мне. Спачатку быў карэспандэнтам сельгасаддзела. Потым стаў яго загадчыкам. Пашанцавала, што пачынаць выпала пад началам такога прафесіянала журналістыкі як Фёдар Ляшкевіч. І цяпер успамінаецца яго навука, як правільна сабраць фактуру для будучага матэрыяла, як збудаваць яго, каб ён спадабаўся.
Па ўспамінах старэйшых калег, якія расказвалі пра работу сельскагаспадарчага аддзела рэдакцыі, у нейкай ступені інтуіцыя падказвае, што мне выпаў час працаваць намнога цікавейшы, чым ім. І гэта звязана з развіццём сельскай гаспадаркі. У іх было ўсё проста, стабільнасць развіцця гэтай галіны. Але з развалам Саюза яна скончылася.
Канец дзевяностых, прыязджаеш у калгас ці саўгас – а там адны праблемы. У гарачы час пасяўной ці ўборкі не хапае паліва, ці яго няма зусім, кармоў таксама дэфіцыт, затрымкі з выплатай заробкаў і пералік гэтых бед можна працягнуць бясконца. З якім болем расказвалі тады калгаснікі пра свае праблемы, але як бы дрэнна не было, надзеі на лепшае не гублялі. Можна сказаць, на голым інтузіязме працавалі і мелі нядрэнныя вынікі. Для прыкладу, тыя ж цялятніцы з саўгаса “Ленінскі” Кацярына Драгун і Ева Нікановіч. Цяпер многія жывёлаводы не маюць тых вытворчых паказчыкаў, калі намнога лягчэй працуецца, чым тады яны. А Уладзімір Аладка з гэтай жа гаспадаркі. Пажылы чалавек, за семдзесят, але разам з сям’ёй цэлую ферму цялушак і быкоў даглядалі. На жаль, плошчы газетнай не хопіць, каб назваць прозвішчы такіх старанных рупліўцаў ніў і ферм, якія “цягнулі”сельгасвытворчасць раёна, не дазволілі ёй канчаткова знікнуць. Сапраўды гэта было так. Думаецца тады можна было перадаць на старонках словамі радасць таго ж механізатара, які атрымаў новенькі трактар ці іншую сельгасмашыну. Як ні стараўся, не ўдавалася, бо гэта было свята для ўсёй гаспадаркі.
Часы мяняліся. Рухалася наперад і сельгасвытворчасць раёна. І пераменаў на гэтым шляху было вельмі шмат. Добрыя яны ці дрэнныя, рабіць вывады чытачу, але на старонках газеты яны заўсёды знаходзілі сваё адлюстраванне: працэсы рэфармавання гаспадарак, зараджэнне фермерства, будаўніцтва аграгарадкоў, мадэрнізацыя вытворчасці, укараненне новых тэхналогій і іншае. А галоўнае, расказвала пра людзей сапраўдных хлебаробах, адданых зямлі і вясковаму ладу жыцця, традыцыям.
Цяперашнія дасягненні на вёсцы не параўнаць з тымі, калі пачаў сваю працу карэспандэнтам. Яны намнога важэйшыя і значныя. І прыкладаў хоць адбаўляй: перамога раёна ў рэспубліканскім саперніцтве па вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі за 2009 год, аналагічнае дасягненне сялянскай гаспадаркі М.Р.Шруба па вытворчасці свініны, прызавое месца ААТ “Тураўшчына” на галоўным свяце хлебаробаў краіны “Дажынкі” за вытворчасць збажыны і іншыя. Важна тое, што не збіраюцца спыняцца на дасягнутым. Не раз пісалася на старонках пра тыя перамены, што чакаюць Тураўшчыну, ды і ў іншых сельгаспрадпрыемствах таксама.
Вясковае жыццё – гэта не толькі сельская гаспадарка, хаця яна і з’яўляецца вызначальным фактарам яе развіцця, а таксама і вялізная скарбніца народнай мудрасці, культурных набыткаў. І гэты пласт таксама не заставаўся па-за ўвагай журналістаў. Замалёўкі пра неардынарных людзей, майстроў заўсёды былі вельмі запатрабаванымі на старонках газеты. Вясковая адукацыя і медыцына, сацыяльнае абслугоўванне і гандаль, добраўпарадкаванне – тэм на вёсцы для журналіста вялікае мноства. На жаль, не ўсе іх даводзіцца асвятляць у ружовым колеры, бо разам з добрым маецца і нямала дрэннага ў сельскім побыце. Апошняе журналісты аддзела імкнуліся таксама выстаўляць на паказ, каб іншым была навука і не паўтаралі памылкі другіх.
Многія вяскоўцы лічаць раённую газету сваім дарадцам, роднай, стараюцца падказаць тэмы. Ад такога супрацоўніцтва мы ніколі не адмаўляемся, бо такая зваротная сувязь найперш сведчанне даверу да выдання. Хачу падзякаваць у гэтым матэрыяле: спецыялістам райсельгасхарчу, кіраўнікам і спецыялістам гаспадарак, сельскіх Саветаў, вясковых устаноў адукацыі і культуры, а таксама тым, хто робіць жыццё людзей заможнейшым і прыгажэйшым – радавым працаўнікам.