Садзейнічаць умацаванню здароўя

Дзеючая ў раёне грамадская сістэма аховы здароўя ў цэлым працуе стабільна. Яна забяспечвае высокую даступнасць медыцынскай дапамогі для розных сацыяльных груп насельніцтва, станоўчую дынаміку большасці паказчыкаў дзейнасці і асобных паказчыкаў стану здароўя. У раёне аддаецца перавага развіццю першаснай медыка-санітарнай дапамогі, агульнай урачэбнай практыкі, праводзіцца рэструктурызацыя стацыянарнай дапамогі, укараняюцца высокаэканамічныя стацыянаразамяшчаючыя тэхналогіі са стварэннем дзённых стацыянараў. Наколькі паспяхова? Аб гэтым можна меркаваць па мінулагодніх дасягненнях, якіх дабіліся спецыялісты ўстановы аховы здароўя “Жыткавіцкая ЦРБ”. І тут, найперш, адзначым пэўныя поспехі ў плане стабілізацыі дэмаграфічнага становішча. Магчыма, яны пакуль і не такія, як многім з нас хацелася б бачыць, але і відавочнага плюса адмаўляць нельга.


— Паказчык нараджальнасці ў параўнанні з 2009 годам узрос на 9,2 працэнта і склаў 12,3 працэнта. У раёне нарадзілася 501 дзіця, што на 42 больш, чым у папярэднім годзе. За пярыяд з 1993 года, калі ўзровень нараджальнасці складаў 12,6 працэнта, мінулагодні паказчык нараджальнасці адзін з самых высокіх за гэты час. Паказчык агульнай смяротнасці склаў 20,2 працэнта. За мінулы год назіраецца зніжэнне смяротнасці насельніцтва раёна на 0,73 працэнта. Стабілізавалася смяротнасць насельніцтва ў працаздольным узросце. Пачынаючы з 1993 года ў раёне рэгіструецца адмоўны натуральны прырост сельскага насельніцтва, але ўпершыню за столькі гадоў станоўчы (+1,26) гарадскога насельніцтва за кошт павелічэння нараджальнасці, — расказвае галоўны ўрач установы Мікалай Бабенка.


Увогуле, мінулагодняя дзейнасць калектыва медыкаў раёна была насычана мноствам добрых і карысных спраў, накіраваных на ахову здароўя людзей. Толькі адных рамонтаў лячэбных устаноў за год праведзена на 643,8 мільёна рублёў, гэта амаль удвая больш, чым за папярэдні год. Дзякуючы мэтанакіраванай працы па гэтаму накірунку дзейнасці, завершаны работы першага этапу капітальнага рамонту паліклінікі ў Жыткавічах, абноўлены аб’екты ў аграгарадках Ленін, Дзякавічы, Бялёў, выкананы работы па рамонту хірургічных аддзяленняў, памяшкання хуткай медыцынскай дапамогі, у аперацыйных залах устаноўлены кандыцыянеры, заменены вокны ў будынку Запясоцкага фельчарска-акушэрскага пункта. Уласнымі сіламі выкананы бягучыя рамонты Марохараўскага, Вятчынскага ФАПаў, Чырвоненскай амбулаторыі і іншых. Нямала затрачана сродкаў і на набыццё медыцынскага абсталявання і іншыя асноўныя сродкі. На гэта затрачана амаль мільярд рублёў, прычым большая частка грошай выдаткавана з раённага бюджэту. У выніку гаспадарка медыцынскай установы аховы здароўя прырасла на шэсць аўтамабіляў хуткай дапамогі, шаснаццаць паветраных і адзін паравы стэрылізатар, два электракардыёграфы, два апараты штучнай вентыляцыі лёгкіх замежнай вытворчасці, стаматалагічную ўстаноўку, апарат для правядзення халестэрынавага манітарыравання і іншае.


У лячэбнай і прафілактычнай дзейнасці таксама ёсць чым пахваліцца. Па многіх захворваннях назіраецца зніжэнне, што сведчыць аб добра пастаўленай прафілактычнай рабоце. Па словах галоўнага ўрача Мікалая Бабенкі, за мінулы год укаранены некалькі сучасных методык лячэння і дыягностыкі : ІФА-дыягностыка ўрэаплазмоза і мікаплазмоза, дыягностыка сіфіліса метадам РПГА, зубапратэзіраванне па індывідуальнаму ліццю, тэлемедыцынскае кансультаванне і іншыя. Ажыццявіць гэта стала магчымым і дзякуючы высокаму прафесіяналізму медработнікаў. На цяперашні час у Жыткавіцкай ЦРБ працуе 802 супрацоўнікі, з якіх 82 урачы, 389 — сярэдняга медперсаналу. Пастаянна вядзецца работа па павышэнню кваліфікацыі спецыялістаў. Напрыклад, 37 урачоў маюць кваліфікацыйную катэгорыю. У параўнанні з 2009 годам удзельная вага атэставаных урачоў павялічылася на 3,6 працэнта. Атрымала раённая медыцына і маладое папаўненне, 12 медработнікаў розных спецыяльнасцей пасля заканчэння навучальных устаноў распачалі сваю дзейнасць у нашым раёне.


Сёлетні год для работнікаў медыцынскай галіны раёна юбілейны. Калектыў “Жыткавіцкая ЦРБ” адзначыць дзевяностагадовы юбілей сваёй установы. Але за такі салідны тэрмін дзейнасці і ў сучаснага пакалення медыкаў раёна галоўнай і нязменнай застаецца задача — прадаставіць жыхарам даступную і якасную медыцынскую дапамогу. План работы ў гэтым накірунку даволі значны. І ўсё будзе выканана, бо ў Жыткавіцкай ЦРБ, так бы мовіць, кожны спецыяліст знаходзіцца на сваім месцы і валодае ўсімі неабходнымі навыкамі, для прымянення якіх маюцца і будуць стварацца ўсе ўмовы.


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.