За гадзіну на “прамую тэлефонную лінію” да старшыні райвыканкама Віктара Атліванава паступіла восем зваротаў
Жыхары рэгіёна агучылі праблемы, якія іх хвалююць у розных сферах жыццядзейнасці.
Мужчына з вёскі Грэбень скардзіўся на неразваротлівасць сувязістаў. У канцы ліпеня ў яго зламаўся хатні тэлефон, але прайшло больш за тыдзень, а заяўка на рамонт так і засталася невыкананай. Віктар Адамавіч папрасіў пакінуць нумар мабільніка і паабяцаў, што работнікі РВЭС з вяскоўцам звяжуцца неадкладна. Па выніках размовы было дадзена даручэнне адказнаму спецыялісту райвыканкама, каб той паведаміў кіраўніцтву арганізацыі аб маючай праблеме.
Нямала тэлефанаванняў тычылася нездавальняючага стану дарожна-вулічнай сеткі раёна. У прыватнасці, з такімі праблемамі звярнуліся з Мілевіцкага сельсавета і Верасніцкага. Лідзію Пятрычыц вельмі турбаваў стан вуліцы, дзе яна пражывае ў аграгарадку Верасніца.
— Усё было добра, пакуль жыхары не пачалі падводзіць да дамоў газ і ваду. Праезджую частку так перакапалі, што пасля даждоў яна патанае ў лужынах, — дзялілася набалелым жанчына. – І як пажылому чалавеку па гэтых калдобінах дабрацца да крамы, клуба, сельсавета? Патрэбна прывесці дарогу ў першапачатковы стан.
Яшчэ Лідзія Савічна праявіла непакой пра тое, што ў мясцовым магазіне не працуе кандыцыянер і пры такой спякоце там проста не магчыма дыхаць. Просьбы Пятрычыц кіраўнік рэгіёна ўспрыняў як даволі важныя, таму запэўніў вяскоўку, што ўзнятыя пытанні будуць вырашаны.
Блізкія па тэматыцы былі тэлефаванні з Востранкі і вуліцы Калініна райцэнтра. Людзі зноў ўзнялі праблемы падтаплення падворкаў і агародаў па прычыне недасканалай работы меліярацыйных збудаванняў.
— Праблема неновая, — пагадзіўся Віктар Атліванаў, — таму яшчэ раз даручым спецыялістам яе вывучыць і прапанаваць прымальныя рашэнні па выпраўленню.
Узяты на кантроль старшынёй райвыканкама і звароты грамадзян, якія тычыліся работы грамадскага транспарту. Напрыклад, пажылую жыткаўчанку вельмі турбуе пытанне, чаму адмянілі ў горадзе чацвёрты маршрут аўтобуса, праз гэта старым людзям з вуліцы Кастрычніцкай стала нязручна дабірацца да паліклінікі. Дарэчы, у адным з нядаўніх нумароў “Новага Палесся” прычыны такой з’явы спецыялісты аўтапарка падрабязна растлумачылі. Яна звязана з нерэнтабельнасцю перавозкі і нізкім попытам паслугі. У сваім адказе Віктар Атліванаў зазначыў, што яшчэ раз сітуацыю паспрабуюць прааналізаваць, каб знайсці кампраміснае рашэнне прымальнае і для жыхароў, і для перавозчыкаў. А вось на заўвагу аб адсутнасці шыльды з раскладам руху на прыпынку вёскі Востранка кіраўнік рэгіёна заявіў упэўнена, што такая інфармацыя ў бліжэйшы час там з’явіцца абавязкова.
Дыялог старшыні райвыканкама з жыхарамі атрымаўся даволі канструктыўным, а вялікая колькасць паступіўшых званкоў сведчыць аб тым, што насельніцтва менавіта ў прадстаўнікоў улады і адпаведных службаў бачыць найпершых памочнікаў.
Сяргей БЕЛКА