Каб радзіў меліяраваны гектар
Бадай, ніводная галіна народнай гаспадаркі не перажыла такіх выпрабаванняў, узлётаў і падзенняў як меліярацыя. Але яна нават у цяжкі час выжыла і працягвае дынамічна развівацца. Асабліва гэта добра праглядваецца на прыкладзе нашай вобласці, дзе ў цэлым меліяраваныя землі займаюць ад агульных 37 працэнтаў альбо 527,6 тысячы гектараў.
Што і казаць, вялікі штуршок рабоце меліяратараў дало наведванне кіраўніком дзяржавы Брэсцкай, Гомельскай і Мінскай абласцей у жніўні-верасні 2009 года. Тады Прэзідэнт даў даручэнне забяспечыць у 2010 годзе раўнадольнае фінансаванне работ па рэканструкцыі меліяраваных зямель за кошт сродкаў рэспубліканскага і абласных бюджэтаў. І гэта даручэнне было выканана. У сваю чаргу меліяратары пастараліся асвоіць выдзеленыя сродкі. Так, у мінулым годзе Гомельшчына перадала сельгаспрадпрыемствам 25,1 тысячы гектараў рэканструяваных зямель, што ў 1,8 раза болей, чым за папярэднія чатыры гады разам узятыя.
Немалы ўклад у гэтую добрую справу ўнесла і УП “Жытквіцкае прадпрыемства меліяратыўных сістэм”, што ўваходзіць у “Гомельмеліявадгас”. З улікам значнасці гаспадаркі гэта адно з буйнейшых меліярацыйных прадпрыемстваў вобласці. На яго балансе знаходзіцца 1221 кіламетр каналаў, 4,5 кіламетра дарог, 32 масты, 22 помпавыя станцыі, 245,4 кіламетра дамбаў, а таксама 30 шлюзаў-рэгулятараў, 454 трубы-рэгулятары, 334 трубы-пераезды, іншыя гідратэхнічныя збудаванні. І ўсё гэта патрабуе значнай увагі і пастаяннай работы. Асаблівасцю з’яўляецца тое, што на балансе знаходзяцца 22 помпавыя станцыі. І гэта з 58 станцый, якія размешчаны на тэрыторыі вобласці.
Дастаткова сказаць, што на тэрыторыі нашага раёна меліяраваныя землі займаюць больш палавіны ў структуры сельскагаспадарчых угоддзяў. І менавіта на гэтых палетках дзякуючы меліярацыі сельгаспрадпрыемствы атрымліваюць пераважную большасць валавой прадукцыі раслінаводства. На меліяраваных землях нарыхтоўваюць звыш пяцідзесяці працэнтаў кармоў. Так што спецыфіка работы ПМС патрабуе пастаяннай напружанай працы. І гэтыя абставіны, безумоўна, накладваюць свой адбітак на работу калектыва. Тут, пачынаючы ад кіраўніка, кожны ўсведамляе тую адказнасць, якая на яго кладзецца. Да таго ж штогод даводзіцца змагацца са стыхіяй, асабліва ў час веснавой паводкі ды заліўных дажджоў. Бо меліяраваныя землі, размешчаныя ў поймах рэк Прыпяць, Скрыпіца, Сцвіга, возера Чырвонае, увесь час прыцягваюць да сябе ўвагу меліяратараў, якія пастаянна скідваюць залішнюю ваду з каналаў.
Адначасова з гэтым рэгулярна патрабуецца ўкладанне значных грашовых сродкаў на рамонт і эксплуатацыю меліяратыўных каналаў. У мінулым 2010 годзе было асвоена на меліярацыйныя работы 6 мільярдаў 610 мільёнаў рублёў, тэмпы росту вытворчасці да ўзроўню папярэдняга года склалі 160 працэнтаў. Дзелавы рытм, упэўненасць у заўтрашнім дні даюць магчымасць абнаўляць меліяратыўную і будаўнічую тэхніку. У мінулым годзе значна ўмацаваны, расшыраны машынна-тэхнічны парк прадпрыемства. Вось чаму мінулы год быў хоць і нялёгкім, але даволі эфектыўным.
Па-ранейшаму прыярытэтным накірункам застаецца правядзенне работ па ахове населеных пунктаў і сельскагаспадарчых зямель ад паводкі. Як вядома, была нават распрацавана спецыяльная праграма “Інжынерныя водагаспадарчыя мерапрыемствы па ахове населеных месцаў сельскагаспадарчых зямель ад паводкі ў найбольш паводкавых раёнах Палесся на 2005-2010 гады”. Паспяхова пачала рэалізоўвацца і Дзяржаўная праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця і комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў Прыпяцкага Палесся на 2010-2015 гады. Яе мэта – павышэнне ўрадлівасці глебы, атрыманне дадатковага валавога збору сельскагаспадарчай прадукцыі, а таксама мінімізацыя наступстваў ад надзвычайных сітуацый.
Жыткавіцкія меліяратары ўзялі паспяховы працоўны старт і ў новым годзе, у якім яны будуць працягваць эфектыўную работу па паляпшэнні выкарыстання меліяраваных зямель, утрыманні ў спраўным стане меліяраваных сістэм і гідратэхнічных збудаванняў, правядзенні іх своечасовай рэканструкцыі і ўзнаўленні. На трох аб’ектах ідзе рэканструкцыя меліярацыйнай сеткі: ў фермерскай гаспадарцы Міхаіла Шруба, КСУПах “Людзяневічы”, “Коленскае”. У пераліку работ – рэканструкцыя адкрытай сеткі і гідратэхнічных збудаванняў, ачыстка каналаў ад заілення. Працягваецца падсыпка дамбаў, высечка хмызняку, іншыя работы па тэхдогляду.
Адным словам, калектыў Жыткавіцкага прадпрыемства меліярацыйных сістэм уваходзіць у гэты год і пяцігодку ў цэлым з вялікімі планамі. Галоўным праектам працягвае заставацца меліярацыя. Гэта не можа не радаваць пакаральнікаў некалі непраходных палескіх багнаў і разам з тым накладвае вялікую адказнасць на кожнага з іх. І няма сумненняў у тым, што нашым меліяратарам па сілах выкананне такіх аб’ёмных задач.
С. КУЛАКЕВІЧ.