Я прайду па Палессі, як песня…
Я прайду па Палессі, як песня… Такую паэтычную назву меў вечар памяці, прысвечаны 60-годдзю з дня нараджэння беларускага кампазітара, нашага слыннага земляка Уладзіміра Будніка. У зале Жыткавіцкай музычнай школы, дзе ў свой час вучыўся Валодзя і дзе на відным месцы можна цяпер пабачыць яго партрэт з біяграфіяй, сабраліся людзі самых розных узроставых катэгорый, прафесій і густаў, пачынаючы з падлеткаў да самых пажылых пенсіянераў. З Жыткавічаў, Гомеля, Мінска.
Пражэктар высвечвае партрэт кампазітара. На сцэну выходзяць вядучыя Валянціна Еўсейчык і Сяргей Ахрамовіч. Ціха гучыць мелодыя і на яе фоне чуваць замілаваныя радкі верша:
Я прайду па Палессі, як песня…
Застануся я ў сэрцах людскіх…
Тут увесь я, увесь я, увесь я
У зіхценні вячэрняй ракі.
Божа светлы, як мала прапета,
А душа паплыла, як лісток…
Ірванецца, падхоплены ветрам,
Мой апошні музычны акорд.
Задушэўна гучыць песня “Асенняя музыка траў” на словы Анатоля Грачанікава. Што і казаць, за гады сваёй прафесійнай кампазітарскай дзейнасці Уладзімір Буднік стварыў адметны музычны свет, у якім знайшлі сваё адлюстраванне філасофскае задуменне, лірычныя ўспаміны, грамадзянскі пафас, гарэзлівы настрой, захапленне народнай самабытнасцю і мудрасцю. Яго імя навечна ўпісана залатымі літарамі ў гісторыю беларускай музыкі. Па-майстэрску выконваецца песня “Палессе” на словы Анатоля Грачанікава Аляксандрам Пісанікам. На сцэну праектыруюцца фотаздымкі кампазітара ў розныя перыяды яго жыцця.
На вялікі жаль, жыццёвы шлях Уладзіміра Будніка, аднаго з самых яркіх сучасных кампазітараў, лаурэата прэміі Ленінскага камсамола Беларусі і прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, цудоўнага, адкрытага, шчырага чалавека, аказаўся нядоўгім. Але, слухаючы творы, душою адчуваеш: так, гэта тая музыка, якая павінна жыць вечна…
Валодзя Буднік нарадзіўся ў Жыткавічах 28 красавіка 1949 года. Музыка жыла ў душы хлопчыка з дзяцінства. Можа, гэта ад бацькі – былога камісара аднаго з партызанскіх атрадаў на Жыткаўшчыне. А магчыма карані яго музычнасці ляжаць глыбей -– у пакаленнях продкаў. Бо яшчэ дзед Даніла, які жыў у вёсцы Пухавічы, любіў у вольную хвіліну іграць на самаробнай скрыпцы. А было ж дзядулю аж пад сто гадоў… Многа і ахвотна, хоць нідзе і не вучыўся, іграў бацька. Маці да апошніх дзён хораша вышывала і пляла дываны –- на падлогу, на сцены. У сям’і яшчэ выхоўваліся сёстры Лідзія і Еўдакія і брат Іван, якія ў гэтую светлую і сумную вечарыну знаходзіліся ў зале…
Спачатку лёс звёў Валодзю з Іванам Маліноўскім, які скончыў Ленінградскую кансерваторыю, а пасля вайны пасяліўся ў Жыткавічах і стварыў хор і духавы аркестр. Ен і навучыў таленавітага юнака нотнай грамаце. У Жыткавіцкай музычнай школе ён навучыўся іграць на баяне. У характарыстыках настаўнікі адзначалі: “Любіць музыку, выступае ў мастацкай самадзейнайсці”… Ужо тады, дзякуючы сваім здольнасцям, ён быў навідавоку.
Прайшоўшы музычную школу ў родных Жыткавічах, Уладзімір Буднік пасля 8-га класа трапіў у Гомельскае музычнае вучылішча імя Сакалоўскага. Там ён іграў на баяне і піяніна. Усё жыццё Уладзімір Іванавіч шмат вучыўся.
Далей быў Мінск, Беларуская дзяржаўная кансерваторыя, клас прафесара Анатоля Багатырова. Яшчэ студэнтам Уладзімір працаваў артыстам-гітарыстам у тэатры імя Янкі Купалы, а з 1979 года ён -– загадчык музычнай часткі тэатра. Тут Уладзімір Іванавіч напісаў музыку для некалькіх спектакляў, у тым ліку да славутай “Паўлінкі” Янкі Купалы, стварыў не адну кантату і інструментальны твор, а таксама сімфонію.
Вайсковую службу наш зямляк праходзіў у Станькаве — на радзіме Марата Казея. У гэты перыяд жыцця і творчасці праявіліся новыя грані яго таленту. Па-першае, іграў яшчэ на трубе і валторне. А па-другое, яго захапіла песня. Беларуская, палеская. Усю сваю любоў і боль за родны край Уладзімір Буднік увасобіў у аркестравыя, вакальна-інструментальныя і вакальныя творы.
… Пасля ўзнёслай, іскрыстай песні “Пах чабаровы” ў выкананні Ганны Лой на сцэну запрашаецца артыст Гомельскай філармоніі, сябра дзяцінства і юнацтва кампазітара Васіль Ліфанаў. Ен падзяліўся сваімі ўспамінамі і выканаў песню “Дорогая моя старушка” на словы нашага земляка Аляксандра Алпеева. Прагучалі таксама прэлюдыі ў выкананні Вікі Бажко і Дар’і Юдчанкі.
Тэма радзімы праходзіць праз усю музычную спадчыну кампазітара. Таму без яго ўвагі не засталася родная зямля, атручаная чарнобыльскім попелам. І слёзы круцяцца на вачах, калі гучыць песня “Чарнобыльскі лёс” на вершы Міколы Мятліцкага.
Цікавымі ўспамінамі пра свайго аднагодка і сябра падзялілася з прысутнымі ў зале Людміла Жудрак, а Тамара Саўчыц хораша праспявала песню “Мы з бульбянага краю”. Вельмі кранальным быў маналог сяброўкі Уладзіміра Будніка Соф’і Марголінай. Доўгія гады яны падтрымлівалі адзін другога добрым словам, парадай, творча супрацоўнічалі. У заключэнне Соф’я Юр’еўна прачытала свой верш, прысвечаны светлай памяці кампазітара-земляка. Не пакінулі нікога раўнадушным слушныя выступленні галоўнага рэдактара раённай газеты “Новае Палессе” Уладзіміра Гаўрыловіча і загадчыка аддзела культуры райвыканкама Адама Купрацэвіча.
Удумаемся: Уладзімір Буднік напісаў больш за 300 песень на вершы многіх беларускіх паэтаў розных пакаленняў, сярод якіх Генадзь Бураўкін, Анатоль Грачанікаў, Ніл Гілевіч, Леанід Дранько-Майсюк, Кастусь Кірэенка, Аляксандр Лягчылаў, Мікола Мятліцкі, Уладзімір Някляеў, Адам Русак, Уладзімір Скарынкін, Іосіф Скурко, Максім Танк, Павел Шруб і іншыя. У яго песнях не было ні акадэмічнай засяроджанасці, якая ўласціва многім выпускнікам кансерваторыі, ні тэатральнасці. Ен іграў проста. Але за гэтай простасцю быў зусім няпросты свет яго душы. Той душы, што ніколі ні на каго не затойвала зла, крыўды, а тым больш помсты. Той душы, што ніколі нікому не зайздросціла. Яго песні лічаць народнымі. А гэта і ёсць самая вялікая заслуга кампазітара –- калі яго песні падхапілі і спяваюць у народзе.
Вечарына ўдалася на славу. Былі апладысменты, кветкі, слёзы радасці і жалю. І, здаецца, нябачна ўвесь чам прысутнічаў разам з намі сам Уладзімір Буднік. Таму хочацца назваць канцэртмайстра Алену Анучкіну, выканаўцаў Марыю Тымчук, Юрыя Ермаковіча, Кацярыну Алёхіну, Аляксандру Некрашэвіч, Таццяну Раманаву, Надзею Арцюшэўскую, дзіцячы хор “Усмешка”, узорны духавы аркестр пад кіраўніцтвам Пятра Трасцянюка, падзякаваць усяму калектыву музычнай школы пад кіраўніцтвам вялікага энтузіяста сваёй справы дырэктара Валянціны Хаміцэвіч.
Падчас вечарыны працавала кніжная выстава “Жыццё маё песняй спавіта”, наладжаная супрацоўнікамі раённай бібліятэкі.
С. КУЛАКЕВІЧ. Фота М. ТОЛКАЧ.