Рукатворная прыгажосць

Дзень Савета –- такая назва і адпаведная форма аналізу зробленага ў накірунку санітарыі і добраўпарадкавання на канкрэтна ўзятай адміністрацыйнай тэрыторыі — стала ўваходзіць у жыццё раёна. Да агледзін рыхтуюцца не толькі старшыня сельскага альбо гарадскога выканаўчага камітэта і работнікі сельсавета, але і тыя людзі, якім насельніцтва аказала давер прадстаўляць іх інтарэсы на мясцовым узроўні — дэпутаты, старасты, мясцовыя актывісты. І, зразумела, кіраўніцтва і працаўнікі прадпрыемстваў, устаноў, якія размешчаны на тэрыторыі Савета базавага ўзроўню.


Ва ўсёй гэтай грамады задача адна: паклапаціцца, каб зямля, на якой яны жывуць, стала сапраўды роднай, як маці, а не як забытая мачыха ці чужая цётка.


Што дзеля гэтага зрабіць? Сакрэт, аказваецца, просты для тых, хто хоча нешта змяніць да лепшага: навесці паўсюль парадак, упрыгожыць сваю сядзібу, паклапаціцца пра нямоглага суседа, выправіць яго пахілены плот, пасадзіць уздоўж сядзібы кветкі. Па магчымасці, зрабіць нейкія кампазіцыі, каб самому было люба глянуць ды і людзям, што праязджаюць ці праходзяць побач. Мясцовыя ўлады бачацца ў гэтай справе завадатарамі, “рухавікамі”. Хаця ж, заўважым, і ў бюджэтах мясцовых Саветаў ды і ў насельніцтва з грашыма не надта. І на добраўпарадкаванне тэрыторыі трэба літаральна іх вышукваць. Але ж калі ёсць ідэя і жаданне яе ажыццявіць – то, як правіла, знаходзяцца і добраахвотныя памочнікі-спонсары. І справа закіпае. А праз год-другі дзіву даешся фантазіі: адкуль толькі тая прыгажосць бярэцца!


Вось і надоечы немалую групу кіраўнікоў і спецыялістаў — райвыканкама і райсавета на чале з Мікалаем Какора і Віктарам Атліванавым, старшынь сельскіх Саветаў, аддзелаў і служб райвыканкама, прадпрыемстваў і арганізацый раёна, здзівілі і нават надта здзівілі старшыня Юркевіцкага сельскага Савета Алена Шпакевіч і яе актыўныя памочнікі, якімі сталі практычна ўсе людзі, якіх я пералічваў у пачатку гэтага матэрыяла. Больш таго, нават і засмуцілі, бо, відавочна, ва ўсіх іх запал да гэтай справы павінен быў з’явіцца яшчэ ў мінулым годзе, калі выйшла ў свет адпаведнае рашэнне раённага выканаўчага камітэта. Але ж пра ўсё па парадку…


Дзень Савета пачаўся ў вёсцы Пясчанікі, дзе быў афіцыйна адкрыты пункт сацыяльных паслуг. У вёсках Пясчанікі і Падвосце, якія знаходзяцца зусім побач, не было месца, каб сабраць разам іх, немнагалікіх жыхароў, складана было гаварыць пра аказанне самых звычайных паслуг. А цяпер, дзякуючы стараннасці фельчара, дэпутата мясцовага сельскага Савета Таццяны Укражэнка, якая і стане адказваць за функцыянаванне пункта, у звычайнай хаце (адна з вясковых жыхароў падаравала памяшканне сельсавету) будзе сістэматычна весціся прыём хворых спецыялістамі ФАПа, па заяўках ажыццяўляцца выезд цырульніка, тут будуць праводзіцца святочныя мерапрыемствы і сустрэчы. Як адзначыла старшыня сельсавета А.Шпакевіч, каб адкрыць такі пункт, фактычна не затрачана ніводнага бюджэтнага рубля, людзі самі ўсё зрабілі, правялі рамонт, каб ажыццявіць такую важную справу, якая, дарэчы, ужо пэўным чынам з’яднала іх. І дэпутат сельскага Савета тут выступіў і арганізатарам, і выканаўцам.


Немалую працу зрабіў і другі зацікаўлены змяніць жыццё на вёсцы да лепшага дэпутат Сцяпан Богуш. У вёсцы Лагвошчы цяпер, дзякуючы агульнаму жаданню яе працаздольных жыхароў і яго дэпутацкай актыўнасці, з’явілася новая цагляная агароджа на могілках, на святым месцы наведзены належны парадак.


Дарэчы, цяпер сельскі выканаўчы камітэт не будзе мець клопату з агароджамі на могілках, таму што за апошнія гады агульнымі намаганнямі ўладаў і насельніцтва ўдалося ўсе іх абгарадзіць цаглянымі блокамі. Такі тут важкі клопат пра памёрлых! У належным стане і помнікі загінуўшым воінам, якія, па меры неабходнасці, аднаўляюцца і нават устанаўліваюцца новыя. За ўсімі гэтымі фактамі бачыцца нераўнадушнасць.


Шмат уражанняў у гасцей Савета пакінула ўбачанае ў Юркевічах і пасёлку Азёрным. Багацце казачных рукатворных сюжэтаў у гэтых мясцінах успрымаецца вельмі добра, таму што тут шмат вадаёмаў, найпрыгажэйшае на Палессі возера Белае, тут Жыткавіцкі лясгас за ўласныя сродкі змог ажывіць, здавалася, аджыўшую сваё аздараўленчую базу, якая будзе функцыянаваць як цэнтр палявання і рыбалоўства і прыцягваць увагу як беларускіх, так і замежных турыстаў. Зразумела, што менавіта тут казачнае наваколле патрабуе адпаведнага антуражу. Пра які і вырашылі паклапаціцца ў сельскім Савеце і на прадпрыемствах. Хораша стала на былых пустках каля сельсавета, дзе пасаджаны дэкаратыўныя дрэвы і з’явіліся казачныя персанажы, разбіты кветнікі. Дзівосна прыгожа і ў Юркевіцкай сярэдняй школе — было б, заўважым дзіўна, калі ў навучальнай установе існавала інакшая карціна!


А ў Азёрным, дзе размяшчаецца вядучая ў Беларусі рыбаводная гаспадарка “Белае”, таксама ёсць чаму падзівіцца: можна пакратаць рукой паўтараметровага шчупака, можна паназіраць на пушкінскіх прататыпаў — кампазіцыю пра залатую рыбку ля прыватнай крамы, можна парадавацца аздабленню масткоў праз вадаёмы і шмат іншым. І ўсё зроблена з любоўю.


— Канешне, мы не змаглі зрабіць шмат з задуманага, — адзначыла прысутным Алена Шпакевіч.— Надвор’е не дазваляла. Але мы рыхтавалі ажыццяўленне сваёй ідэі яшчэ з мінулага года. І тое, што зрабілі, магчыма, не падыйдзе да іншай тэрыторыі… Вельмі шмат папрацавалі практычна ўсе прадпрыемствы і ўстановы, памочнікі-шэфы сельсавета і, канешне, землякі, якія не скупіліся, калі мы звярталіся за дапамогай. Цяпер усім будзе прыемна прыязджаць у родныя мясціны. Тым больш што справа гэта будзе працягвацца…


Справядлівая заўвага Алены Іванаўны ізноў прымусіла прысутных, асабліва кіраўнікоў тэрыторый, задумацца: а як самім аздобіць куточкі сваёй зямлі, каб было сугучна яго гісторыі, культурнаму мінуламу і сучаснасці? Каб не слепа капіраваць, а набыць свой твар? Як “зацікавіць” выхадцаў з населеных пунктаў, каб, па магчымасці, падтрымалі хоць чым-кольвечы, бо фінансавыя сродкі ў бюджэце на гэтыя мэты зусім скупыя?..


Шмат аб’ектаў (гандлю, бытоўкі, сацыяльных аб’ектаў, культуры) наведалі кіраўнікі на тэрыторыі Савета і паўсюль бачылі больш станоўчага. Аднак і і праблем дастаткова, але тут ёсць зацікаўленыя людзі, якія бяруцца іх вырашаць.


Як вобразна адзначылі пры падвядзенні вынікаў убачанага Віктар Атліванаў і Мікалай Какора, пад ляжачы камень вада не цячэ. І паставілі станоўчую адзнаку ўсім, хто дбае пра прыгажосць тутэйшага кутка.


Хаця ж не абышлося і без аб’ектыўнай крытыкі: праведзенае анкетаванне насельніцтва спецыялістамі ідэалагічнага аддзела райвыканкама выявіла на шэраг пралікаў і недахопаў, у тым ліку і ў плане інфармавання людзей аб рабоце, якую праводзіць выканкам сельсавета. Гэтаксама на нарадзе гаварылася аб асаблівай ролі сельскага Савета ў турыстычным плане, і іншых важных аспектах дзейнасці мясцовай улады, якая павінна ажыццяўляць кантроль за ўсімі бягучымі працэсамі на сваёй тэрыторыі. На нарадзе прагучала ўдзячнасць і ўсім структурам, якія прыкладалі і яшчэ будуць прыкладаць намаганні, каб вясковыя населеныя пункты ў Юркевіцкім сельскім Савеце палепшылі свой знешні выгляд, каб аб’екты сацкульбыту набылі больш рысы якасці ў сваёй працы на карысць людзей.


У. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.