Уклад яго немалы
Няма межаў для ўдасканалення чалавечых здольнасцяў. У поўнай меры гэтае выказванне характарызуе слесара па абслугоўванню і рамонту газавыкарыстоўваемага абсталявання філіяла “Жыткавіцкае вытворчае ўпраўленне” рэспубліканскага вытворчага ўнітарнага прадпрыемства “Гомельаблгаз” Генадзя Чарнашэвіча.
Аб тым, што многія гады жыцця Генадзя Канстанцінавіча будуць цесна звязаны з газавай галіной раёна, мужчына нават не спадзяваўся. Пасля школы вывучыўся на будаўніка, служыў у арміі, пэўны перыяд працаваў на мікашэвіцкім “Граніце”. У наш райцэнтр пераехаў пасля жаніцьбы і ў 1989 годзе ўладкаваўся на газавае прадпрыемства. 28 гадоў прайшло з таго часу. Чарнашэвіч старанна і дасканала асвоіў сваю новую спецыяльнасць. Аб чым сведчыць і высокі пяты разрад слесара. Менавіта такім прафесіяналам кіраўніцтва арганізацыі давярае выконваць самыя складаныя тэхналагічныя працэсы. Генадзь Канстанцінавіч заняты на будаўніцтве газаправодаў, прычым займаецца іх зваркай. Работу выконвае з высокай якасцю, бо добра ўсведамляе: ад яго прафесіяналізму залежаць безаварыйная і бяспечная дзейнасць камунікацый. Іх, варта сказаць, з кожным годам у раёне большае, а гэта толькі спрыяе стабільнай рабоце жыткавіцкіх газавікоў. І Генадзь Чарнашэвіч у агульныя здабыткі калектыву ўносіць немалы ўклад, што неаднаразова заахвочвалася кіраўніцтвам арганізацыі ў выглядзе ўзнагарод і прэмій.