Ставяць на прафесіяналізм у акцыянерным таварыстве “Жыткавічыхімсервіс”

атливанов2На ўрачыстым сходзе з нагоды прафесійнага свята аграрыяў, які прайшоў у акцыянерным таварыстве “Жыткавічыхімсервіс”, заслужаныя ўзнагароды ад кіраўніцтва атрымалі не толькі лепшыя работнікі і спецыялісты прадпрыемства, але і дзеці некаторых з іх, што праяўляюць належнае старанне ў вучобе і актыўнасць у грамадскім жыцці школ.

атливановУ ліку лаўрэатаў прэміі сталі Дзіяна Краўчук, Крысціна Гулюта і Валерыя Швец. Па словах дырэктара Віктара Атліванава, гэтай традыцыі ўжо некалькі год, і такое заахвочванне станоўча адбіваецца на мікраклімаце ў калектыве, мабілізуе яго на новыя вытворчыя здабыткі.

— У акцыянерным таварыстве падабраліся старанныя працаўнікі, якія здольныя супрацьстаяць цяжкасцям і вырашаць самыя складаныя задачы, — такую важную рысу калектыву акцыянернага таварыства падкрэсліў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Мікалай п’яўко. — Упэўнены, што ў прадпрыемства яшчэ нямала новых здзяйсненняў і перамог.

Сапраўды, з гэтым цяжка не пагадзіцца. Як вынікала з выступлення дырэктара Віктара Атліванава, час неаднаразова выпрабоўваў арганізацыю на трываласць, уменне сабрацца для вырашэння надзённых праблем. І прыкладаў такой настойлівасці было прыведзена вельмі шмат. Узяць хаця б тую ж сельскагаспадарчую дзейнасць. Сёлета ў ААТ “Жыткавічыхімсервіс” намалацілі больш за тысячу тон збажыны і зерня кукурузы, назапасілі паўтары тысячы тон сіласу. І гэты важны вектар плануецца развіваць у далейшым, прадпрыемству выдзелены дадаткова зямельныя ўгоддзі. Наладжваюцца справы і на свінаферме. З завезенага пагалоўя свінаматак ужо атрыманы прыплод, семдзясят галоў якога рэалізавана насельніцтву. Да канца года гэты паказчык плануецца павялічыць. У перспектыве акцыянернае таварыства нацэлена прадаваць людзям да пяці тысяч парасят.

Важным напрамкам у сваёй дзейнасці ў акцыянерным таварыстве лічаць і здабычу сапрапелю.  На гэтым вытворчым участку праведзена вялікая мадэрнізацыя і абнаўленне абсталявання. Цяпер такі працэс чакае і базу забеспячэння. Таварыствам атрыманы грант для выканання пастаўленай задачы на аб’екце ў памеры 275 тысяч еўра. Асвояць грошы ў наступным годзе. Шматвектарнасць у рабоце прадпрыемства станоўча адбіваецца на яго эканоміцы. Як зазначыў Віктар Атліванаў, акцыянернае таварыства практычна разлічылася са сваімі пазыкамі ў банку. Больш таго, знаходзіцца ў пошуку новых відаў дзейнасці. Такім крокам стала набыццё двух малакавозаў і аказанне паслуг па транспарціроўцы малака на перапрацоўчае прадпрыемства.

Зразумела, што без цяжкасцей не абыходзіцца, але кіраўнік упэўнены ў прафесіяналізме і майстэрстве той каманды, з якой працуе. Таму на сходзе несціханна гучалі ад яго і запрошаных на мерапрыемства гасцей словы віншаванняў і найлепшых пажаданняў, уручаліся прэміі, падарункі тым, хто па-сапраўднаму аддадзены свайму прадпрыемству.

Сяргей Белка

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.