Чарговы падарунак вяскоўцам
Наш аўтаклуб па-ранейшаму не забывае населеныя пункты раёна, у якіх адсутнічаюць клубныя ўстановы культуры. На днях ён наведаў вёскі Поўчын, Князь-Бор, Загацце і Вільча.
Перад вяскоўцамі выступіла работнік райвыканкама Алена Чарнагалова. Яна расказала пра асноўныя справы, якімі жыве Жыткаўшчына, адказала на пытанні людзей. У вёсцы Вільча госці наведалі вялікую сям’ю Рудніцкіх, уручылі падарункі гаспадыні да Дня маці.
Загадчыца бібліятэкі вёскі Града Наталля Дземянчук прывезла з сабою кнігі, дэкламавала вершы пра маці. Даспадобы прыйшліся мясцовым жыхарам песні ў выкананні Наталлі Баранавай, Вольгі Жураўскай, Галіны Бандзюк, Іны Купчанка пад акампанемент баяніста Алега Стражэнкі.
Вечарам таго ж дня члены аўтаклуба выступілі з гэтай праграмай перад жыхарамі пасёлка Чырвоная Зорка.