“Дружбаўцы” працуюць дружна

Кожную першую нядзелю восені ў працаўнікоў НПС “Тураў” свята — Дзень працаўнікоў нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці.


Нафтаперапампоўваючая станцыя “Тураў” размяшчаецца ў маляўнічай мясціне — у вёсцы з прыгожай назвай Верасніца. І працуюць тут людзі не менш прыгожыя і самастойныя. І не толькі гэта іх галоўная якасць. Яшчэ ж трэба выконваць свае абавязкі на высокім узроўні. А гэта вельмі складана. Нафтаправод — гэта не тры трубы і некалькі помпаў, а вельмі складаны механізм, часткі якога знаходзяцца пад зямлёю, над зямлёю, пад дарогамі, пад рэкамі, у лесе, на полі, на балоце. Аўтаматызацыя прымяняецца ўсюды — так што аператар станцыі ці дыспечар у Гомелі пры ўзнікненні няштатнай сітуацыі на якім-небудзь участку могуць перакрыць хутка перапампоўванне нафты.


А каб працавала ўсё добра, трэба добры догляд і забеспячэнне добрага стану абсталявання. Вось тут і патрабуецца добры, граматны выканаўца. На станцыі сярод рабочых працуюць 35 чалавек з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, што складае больш 37 працэнтаў. Паспрабуй разабрацца без ведаў у вельмі складаным электраабсталяванні, КіПаўскай апаратуры, дзе і як перакрыць перапампоўку нафты, падачу вады, паліва і гэтак далей. І каб быў парадак.


Перапампаваць нафту для заходніх краін (і таксама мець вялікія сродкі для дзяржавы ад калектыву ў 1380 чалавек), пазбегнуць аварый — вось асноўны клопат “дружбаўцаў”. Пастаянныя рамонты нафтаправодаў праводзяцца пасля праходаў, ачышчальных і дыягнастычных “снарадаў”. Распячатка дэфектаў з дакладнасцю да некалькіх сантыметраў па вертыкалі і гарызанталі дае магчымасць спланаваць рамотныя работы. І вось тут працягваеца руцінная праца: сабраць тэхніку (асвятляльнае і зварачнае абсталяванне, экскаватар, водапаніжэнне, бульдозер, помпы для адпампоўкі нафты і г.д.), матэрыялы, спецыяльную вопратку, і ехаць у поле ці ў лес, у балота ці ў рэчку. Нярэдка нашым работнікам сярод вады “пасядзець” цэлы тыдзень можна, закапаўшыся праз паўметровы слой вады на 2 метры ў зямлю. Тут патрэбна добра папрацаваць з тыдзень, не выязджаючы дадому, выразаць “катушку” ў 5-6 метраў і дыяметрам 630, 720 ці 820 мм, дастаць, падагнаць з дакладнасцю да 10мм, паставіць новую і зварыць. Так падагнаць можа Іван Бохна, які працуе на “Дружбе” з красавіка 1978 года. Канешне, падагнаць могуць і другія, але ж такому спецыялісту як Іван Міхайлавіч, відавочна, няма роўні.


Зварыць стыкі трубы для працы пад ціскам у 80 кг/см2 могуць нашы Анатоль Кошкін і Мікалай Белка. Віртуозы! Нездарма, Анатоль Міхайлавіч быў прызнаны лепшым электрагазазваршчыкам прадпрыемства і быў камандзіраваны на міжнародныя спаборніцтвы ў Казахстан.


Напэўна, можна пералічыць па пальцах людзей, якія б не звярталіся да Валянціна Ласко за дапамогай. Магчыма, з закрытымі вачыма можа разабраць і сабраць любую машыну, а калі штосьці не ведае, то вывучыць, а пасля зробіць і механічную частку, і электрычную. Уладзімір Мастовіч на сваім экскаватары ўсё зробіць так, што толькі радуешся. Прыемна працаваць з такімі людзьмі!


Няхай жа прабачаць іншыя працаўнікі, пра большую частку нашага дружнага калектыву немагчыма расказаць (а яны заслугоўваюць гэтага!) у кароткай заметцы. Хочацца іх проста павіншаваць са святам працаўнікоў нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці. Пажадаць ім і іх сем’ям безаварыйнай працы, здароўя і ўсяго добрага.


У. ЗЯМЛЯНІК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.