Справа на перспектыву
Шэраг мерапрыемстваў гэтымі днямі праведзена Цэнтрам падтрымкі прадпрымальніцтва ТАА “Белбізнесцэнтр” сумесна з Жыткавіцкім раённым выканаўчым камітэтам у нашым раёне. Гэта стала магчымым дзякуючы праектнай ініцыятыве ЕС/ПРААН “Тэрытарыяльна-арыентаванае развіццё рэгіёнаў, пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС”.
На навучаючым семінары па тэме: “Мікрафінансаванне і крэдытныя саюзы. Стратэгія падтрымкі для малых і сярэдніх прадпрыемстваў” сабралася каля двух дзясяткаў чалавек. У асноўным яны з’яўляліся прадстаўнікамі прадпрымальніцкіх структур раёна. Але былі і студэнты, пенсіянеры, беспрацоўныя, якія прыйшлі атрымаць пэўныя веды, бо думаюць таксама паспрабаваць прадпрымальніцкага хлеба. Ды і тыя, хто даўно працуе на гэтай ніве, таксама ставілі перад сабой мэту павучыцца новаму. А гэта, як кажуць, ніколі нікому не шкодзіла. Ды і тэма семінара была даволі актуальнай. Пытанне: “Дзе ўзяць грошы на фінансаванне свайго бізнесу?” заўсёды з’яўляецца не з апошніх для прадпрымальнікаў. Менавіта на гэтым аспекце і зрабіў акцэнт выступаючы па тэме Ігар Мікульчык, старшыня праўлення рэспубліканскага цэнтра мікрафінансавання падчас сваёй мульцімедыйнай прэзентацыі. Ім былі дэталёва прааналізаваны ўсе “плюсы” і “мінусы” спосабаў мікрафінансавання малога бізнесу, адзін з якіх можна ажыццявіць праз крэдытныя саюзы. Менавіта на дзейнасці гэтай структуры зрабіў асноўную ўвагу Ігар Яўгенавіч. Дапоўніў яго і другі выступоўца — выкладчык Ала Барадуля.
Несумненна, тэма выклікала зацікаўленасць у прысутных, што спрыяла ўсталяванню дыялога паміж прадпрымальнікамі і выступоўцамі. Апошнім прыйшлося адказваць на шматлікія пытанні. Канечне, сказанае на семінары не ўсімі ўспрымалася адназначна, нават пасля мерапрыемства некаторыя прадпрымальнікі абмяркоўвалі пачутае. Гэта значыць, што іх яно закранула, магчыма нехта і паспрабуе ажыццявіць ідэі на практыцы. Але ўсе выказвалі адзінадушна, што патрачаны час на семінары не быў дарэмна, кожны пастараўся вынесці для сябе з мерапрыемства пэўны багаж ведаў для далейшага развіцця сваёй справы.
Мерапрыемствы ў рамках праекта будуць мець свой працяг.
С. МІКАЛАЕЎ.