Прафесійная дзейнасць Леаніда Тарлецкага цесна звязана з паліўнай і газавай галіной Жыткаўшчыны
І аб гэтым ён ніколькі не шкадуе, бо ў тых калектывах, дзе працаваў і працуе Леанід Яўгеньевіч амаль сорак гадоў, меліся ўсе ўмовы для паспяховай работы і самарэалізацыі па абранай спецыяльнасці.
Нарадзіўся Тарлецкі ў вёсцы Палянка нашага раёна. Пасля заканчэння дзевяцігодкі паступае ў Мазырскі політэхнічны тэхнікум на спецыяльнасць прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва. Прымяніць набытыя ў навучальнай установе веды Леаніду ўдалося толькі праз два гады, калі адслужыў у арміі. Пачынаў працоўную дзейнасць на торфабрыкетным заводзе. Пазней у складзе БМУ-8 будаваў аб’екты для вышэйзгаданага прадпрыемства. З 1996 года яго працоўная дзейнасць цесна звязана з МВУ “Жыткавічыміжрайгаз”. Сюды Леанід Яўгеньевіч прыйшоў у якасці інжынера вытворчага аддзела.
— Для мяне калектыў газавікоў, так бы мовіць, стаў родным, — гаворыць Леанід Яўгеньевіч. — Менавіта з газавай гаспадаркай раёна звязаны найбольш значныя дасягненні ў прафесійнай кар’еры. Хаця і нялёгка яны даваліся, але прыкладваў усе свае намаганні, каб аддзел быў адным з лепшых у структуры прадпрыемства.
На сваёй пасадзе Тарлецкі ўвесь час аддаваў рабоце. Калі патрабавалася, працаваў нават у выхадныя. Але заўсёды выконваў пастаўленыя кіраўніцтвам задачы ў тэрмін і паспяхова. Аб гэтым сведчаць і шматлікія ганаровыя ўзнагароды, якія ён атрымліваў за гады прафесійнай дзейнасці. Яго прафесіяналізм і вопыт надзвычай высока ацэньвае і кіраўніцтва МВУ “Жыткавічыміжрайгаз”. А ў яго да сапраўдных майстроў сваёй справы стаўленне самае прыхільнае.
— Леанід Тарлецкі чалавек вельмі сціплы, але сваю справу ведае, — характарызуе свайго падначаленага дырэктар прадпрыемства Іван Купрацэвіч. — З такім спецыялістам, вобразна кажучы, можна ў агонь і ваду, нідзе не падвядзе.
Леанід Яўгеньевіч вельмі ганарыцца, што яму выпала працаваць у калектыве МВУ “Жыткавічыміжрайгаз”. Усё ж за гады працы на гэтым прадпрыемстве ён нямала з калегамі зрабіў для яго росквіту. Чым толькі ганарыцца, бо бачыць вынікі сваёй працы: арганізацыя ўпэўнена не толькі стаіць на нагах, але і глядзіць у будучыню.
Сяргей БЕЛКА.