Карныя экспедыцыі на Жыткаўшчыне
Так склалася ў гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, што на тэрыторыі нашага раёна праходзіла першая карная экспедыцыя гітлераўцаў супраць мірнага насельніцтва ўлетку 1941 года пад кодавай назвай “Прыпяцкія балоты” (пра партызан тады яшчэ і не чулі), і адна з самых апошніх на Беларусі – “Марабу”.
Варта адзначыць, што нашы палескія, прыпяцкія балоты наогул адыгралі асаблівую ролю ў гісторыі. У даўнія вякі тут, сярод багнаў, сяліліся плямёны дрыгавічоў, у маладаступным месцы быў заснаваны славуты Тураў. У больш позні час, у гады Першай сусветнай вайны, у гэтых мясцінах безнадзейна “забуксавала” кайзераўская ваенная машына, вайна закончылася бясслаўна, ганебна для ўсіх краін, якія ўдзельнічалі ў ёй. Менавіта таму гітлераўскія стратэгі пры распрацоўцы плана “Барбароса”, як агню баючыся гэтага напрамку, для паходу на ўсход выбіралі іншыя, хоць і не самыя кароткія напрамкі. І наш раён канчаткова быў акупіраваны толькі напрыканцы жніўня 1941 года.
Карная аперацыя “Прыпяцкія балоты” была накіравана супраць падраздзяленняў Чырвонай Арміі, якія выходзілі з акружэння, першых парасткаў партызанскага руху, а таксама з мэтай запалохвання насельніцтва Брэсцкай, Палескай і Мінскай абласцей. Яна праводзілася сіламі дзвюх пяхотных дывізій і 1-й кавалерыйскай брыгады з 19 ліпеня па 31 жніўня 1941 года. Асобны загад рэйхсфюрэра Гімлера на “Прыпяцкія балоты” патрабаваў знішчыць усе вёскі, насельніцтва якіх падтрымлівае чырвонаармейцаў, расстрэльваць усіх падазроных, канфіскоўваць для патрэб арміі жывёлу і прадукты.
Паводле справаздачы кіраўнікоў аперацыі, падчас яе правядзення было расстраляна 13788 савецкіх грамадзян – мірных жыхароў і ваеннапалонных. Сярод іх у нашым раёне ў Азяранах жыцця было пазбаўлена 30 чалавек, у Запясоччы – больш за 30, у Рыдчы – 26, у Чэрнічах – 42, у Пагосце – 69, у Старажоўцах – 31. У гэтых вёсках было спалена шмат хат, астатнія абрабаваны.
У красавіку 1942 года паслам краін-удзельніц антыгітлераўскай кааліцыі была разаслана нота савецкага ўрада, у якой гаварылася, што ў студзені таго года нашымі войскамі была разгромлена нямецкая 1-я кавалерыйская брыгада. Сярод захопленых дакументаў аказалася справаздача камандзіра брыгады “Аб правядзенні ўціхамірваючай акцыі “Прыпяцкія балоты”. “Мы выганялі жанчын і дзяцей у балоты, – гаварылася ў ёй, – але гэта не дало належнага выніку, балоты не настолькі глыбокія, каб у іх можна было патануць”. Сярод дакументаў была таксама тэлеграма Гімлера, у якой рэйхсфюрэр рэзка крытыкаваў дзейнасць камандавання карнай экспедыцыі, ацэньваў яе вынікі як нязначныя і патрабаваў дзейнічаць больш рашуча і радыкальна, штодня дакладваць яму аб колькасці расстраляных.
Больш за 10 тысяч савецкіх грамадзян, у тым ліку ў Жыткавіцкім і былым Ленінскім раёнах было знічшана падчас правядзення аперацыі “Горнунг”, што ў перакладзе азначае “люты”. Кіраваў ёю камандзір асобнага батальёна СС Дырленвангер, той самы, які потым “вызначыўся” пры знішчэнні разам з людзьмі вёскі Хатынь у Лагойскім раёне. Злучэнне партызанскіх атрадаў пад камандаваннем В.З. Каржа на працягу некалькіх дзён стрымлівала націск карнікаў, але вымушана было адступіць. У тыя лютоўскія дні здзейснілі свой подзвіг вядомыя ў краіне браты Іван і Міхаіл Цубы. У Леніне было расстраляна 1046 чаалвек, спалена 351 хата.
Працягам “Горнунга” стала аперацыя “Русалка”, якая распачалася 24 лютага 1943 года зноў па загаду Гімлера. Яна мела поспех у барацьбе з партызанамі ў Жыткавіцкім раёне, дзе карнікі расстралялі 696 жанчын, старых і дзяцей, больш 1000 чалавек вывезлі ў Германію. Тады была знішчана і вёска Дзякавічы. На просьбу камандавання аперацыі пакінуць частку людзей для выканання розных работ, Гімлер адказаў: “Лепш ачысціць ад насельніцтва ўсю Беларусь…”
Наступіла вясна 1944 года, ужо блізка было доўгачаканае вызваленне. 17 мая гітлераўцы арганізавалі апошнюю на Беларусі карную экспедыцыю “Марабу” з мэтай знішчыць партызанскія атрады на тэрыторыі Жыткавіцкага і Ленінскага раёнаў, захапіць жывёлу і прадукты, а таксама людзей для вывазу ў Германію. Гэта была ўжо прыфрантавая паласа, лінія фронту са студзеня да пачатку наступальнай аперацыі “Баграціён” на Палессі пралягала па рэках Трэмля, Сцвіга, Прыпяць, праходзіла непадалёку ад Турава. Напярэдадні, у канцы красавіка, разам са 124 жыхарамі была знішчана вёска Поўчын.
У час карнай экспедыцыі “Марабу” партызаны вялі баі з гітлераўцамі каля Леніна, Залюціч, Мілевіч. 21 мая яны прарвалі варожую блакаду, і, нанёсшы ворагу значныя страты, выйшлі насустрач Чырвонай Арміі. Карнікі з асаблівай лютасцю рабавалі вёскі ў раёне, расстрэльвалі людзей, моладзь адпраўлялі на катаржныя работы ў Германію.
У нашым раёне на працягу ўсёй вайны, а найбольш у час правядзення карных экспедыцый ворагам былі знічшаны разам з жыхарамі, апрача іншых, вёскі Беразнякі, Буда, Ельна, Залюцічы, Ленін, Старыя Мілевічы. Не ўзнавіліся вёскі Вадапойла і Надубава.
Па матэрыялах друку падрыхтаваў Сяргей ВЕЧАРОВЫ.