Адраджаем традыцыі
У вёсцы Верасніца жывуць працавітыя людзі. Як вядома, хто добра працуе, той і адпачываць добра ўмее.
Нядаўна настаўнікі і вучні школы арганізавалі і правялі святкаванне Масленіцы. Цікава было назіраць за самой падрыхтоўкай да свята. Вучні запаланілі школьную бібліятэку, пералісталі шмат зборнікаў, кніг, журналаў, каб знайсці звесткі аб асаблівасцях народнага свята. І не дарма патрацілі час.
На свяце кожны клас паказаў невялічкаю замалёўку, якая перадала сэнс таго ці іншага абраду. Аказваецца, у гэты дзень запрашаюць упершыню каня, каб быў паслухмяны. На санках з гары спускаліся, каб лён улетку вырас доўгі. Прыцяглі вучні і калоду, якую жартоўна прывязалі да “халасцяка”. Так раней рабілі з тымі, хто доўга не жаніўся.
Паколькі ў школе навучаюцца вучні з розных вёсак (Любавічы, Малешаў, Запясочча), то і бліны з аладкамі на свяце былі на самы розны густ.
Гасцінна накрытыя сталы запрашалі адведваць пачастункі.
Вясёлыя забавы і конкурсы чакалі ўдзельнікаў на школьным двары. Настрою надаваў невялічкі мароз і вадзілі карагод вакол саламянага пудзіла, якое гарэла на прыладжаным месцы.
Так праводзілі зіму ды сустракалі вясну ў Верасніцкай школе. На тое свята прыйшло нямала бацькоў, старэйшых жыхароў вёскі. Светлыя твары ўдзельнікаў і гасцей сведчылі аб тым, што свята ўдалося.
Юлія БЕЛКА, Ліза ТОЧКА, Марыя БАНДАРЭНКА, удзельнікі гуртка “Юны журналіст”.