Справа майстроў любіць
За апошнія гады ў Жыткавіцкім прадпрыемстве меліярацыйных сістэм вельмі шмат зроблена ў плане паляпшэння ўмоў працы і быту работнікаў. А ўсё ад таго, што кожны год меліяратары захоўваюць станоўчыя тэндэнцыі ў сваёй вытворчай дзейнасці. І мінулы год не стаў выключэннем.
Старшыня прафкама прадпрыемства Любоў Вінарская ў сваім утульным кабінеце знаёміць з тымі паказчыкамі, якіх дабіліся жыткавіцкія меліяратары летась. Так, імі дасягнуты тэмп росту да мінулагодняга ўзроўню 111,4 працэнта. На 106 працэнтаў выканана і даведзенае заданне. Усяго калектыў ПМС выканаў розных работ на 26 мільярдаў 626 мільёнаў рублёў. Відавочна, што паказчыкі вытворчай дзейнасці больш чым прыстойныя.
Несумненна, што аб’ёмы работ самі калектыву не зваліліся, нібы манка нябесная. Кіраўніцтву прыходзілася праяўляць ініцыятыву, пошук, каб занятасць рабочых і загружанасць наяўнай тэхнікі была поўнай. Таму працавалі на меліярацыйных аб’ектах не толькі свайго раёна, але часта ездзілі ў камандзіроўкі ў суседнія. Напрыклад, жыткавіцкія меліяратары вельмі шмат дапамаглі падрыхтавацца прыстойна да абласных дажынак жыхарам Буда-Кашалёўскага раёна, дзе напрацавалі на 1 мільярд 600 мільёнаў рублёў. Увогуле жыткаўчане не цураюцца аніякай работы, смела бяруцца і за меліярацыйныя аб’екты, і за рамонт дарог, і абсталяванне палігонаў для захоўвання цвёрдых бытавых адходаў і іншае. Матэрыяльна-тэхнічная база дазваляе выконваць усё з высокай якасцю.
— Тэхніка практычна ў нас уся новая, — расказвае Любоў Вінарская. — У мінулым годзе купілі яшчэ адзін высокапрадукцыйны экскаватар замежнай вытворчасці. За кошт таго, што маем высокаэфектыўную тэхніку, маем і дадатковыя аб’ёмы работ. Хаця ў іх структуры ўсё ж ільвіная частка (46,4 працэнты) прыходзіцца на рамонтна-эксплуатацыйныя. Але дадатковы заробак для нас лішнім не бывае.
Несумненна, што паспяховае выкананне даведзеных заданняў станоўча адбіваецца на матэрыяльным дабрабыце працаўнікоў калектыва. Ён, па словах старшыні прафкама, вельмі знітаваны і дзеяздольны. Спецыялісты і рабочыя, калі патрабуецца, гатовы ахвяраваць для работы і свой вольны час. Бо адчуваюць зваротную сувязь ад кіраўніцтва, якая выражаецца ў дадатковых бонусах. Гэта і прэміяльныя выплаты да святаў, па канцы года. Шырока прыцягваюцца меліяратары і да ўдзелу ў спартыўна-масавай рабоце, культурных мерапрыемствах. Прычым, усё аплачвае прадпрыемства і прафкам.
Важным фактам паспяховай работы Жыткавіцкага прадпрыемства меліярацыйных сістэм з’яўляецца тое, што сюды кожны год прыходзяць працаўладкоўвацца маладыя спецыялісты. І не проста каб толькі прайсці адпрацоўку пасля заканчэння спецыялізаваных навучальных устаноў, а стала, на многія гады. Вобразна кажучы, рыбіна шукае, дзе глыбей, а чалавек, дзе лепей. І згадаліся гэтыя словы ў дачыненні Жыткавіцкага ПМС таму, што не прыходзіла б сюды моладзь, калі б на прадпрыемстве справы ішлі дрэнна.
Сяргей Белка.