Арыенціры для аграрыяў — рост і паляпшэнне
Даўно не збіраліся ў такім пашыраным саставе аграрыі раёна, каб абмеркаваць свае справы надзённыя і вызначыцца з курсам далейшага развіцця галіны. Таму на практычным семінары, які прайшоў на базе камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства “Чырвоны Бор” з удзелам старшыні райвыканкама Аляксандра Мікалуцкага, яго першага намесніка Мікалая П’яўко, кіраўнікоў і спецыялістаў гаспадарак, райсельгасхарчу і партнёраў вяскоўцаў, было выказана нямала цікавых прапаноў і рэкамендацый для паляпшэння сваёй работы, выканання пастаўленых задач па нарошчванню вытворчасці прадукцыі і аздараўлення эканомікі. Як паказала мерапрыемства, у раёне для апошняга закладзена нядрэнная база і маюцца іншыя магчымасці.
Сваю работу ўдзельнікі семінара распачалі на малочнатаварным комплексе гаспадаркі. І невыпадкова. На цяперашні час малочная прадукцыя для вяскоўцаў з’яўляецца асноўнай крыніцай грашовых паступленняў. Таму найперш і была звернута ўвага аграрыяў на тэхналагічныя аспекты вытворчасці малака. Пакуль з гэтым у чырванаборцаў атрымліваецца не вельмі, але ўжо намецілася тэндэнцыя да выпраўлення становішча. На гэтым і рабілі спецыялісты райсельгасхарчу акцэнт. Найперш былі закрануты пытанні арганізацыі кармлення жывёлы. Кармоў, як адзначалася, для грамадскай жывёлагадоўлі раёна, каб пражыць год, маецца недастаткова. Таму кожны іх кілаграм павінен быць зрасходаваны рацыянальна, з максімальнай аддачай. Для гэтага шмат высілкаў прыкладваць на месцах не патрабуецца: усяго толькі наладзіць прыгатаванне паўнацэнных кормасумесяў з сенажу, кукурузнага сіласу і канцэнтратаў, з абавязковым дабаўленнем у іх здробненай саломы. На малочнатаварным комплексе сельгаспрадпрыемства ўсе пераканаліся, што жывёлай такая кормасумесь паядаецца вельмі добра, і прыбаўка па надоях маецца немаленькая. Па словах дырэктара КСУПа Віктара Раковіча, на цяперашні час яна складае трынаццаць працэнтаў у параўнанні з такім жа перыядам мінулага года. А да сакавіка плануецца павялічыць вытворчасць малака на дзве тоны больш чым летась. Прычым, пры разумным расходаванні кармоў. На жаль, як было адзначана на семінары, не ўсюды так беражліва і па-гаспадарску адносяцца да грамадскіх кармавых запасаў. Напрыклад, у КСУПе “Бялёў” кормасумесі рыхтуюцца не пастаянна, а ў акцыянерным таварыстве “Тураўшчына” не тэхналагічна вядуць здрабненне саломы, на сучасных комплексах не маюць магчымасці скармліваць сянаж у рулонах.
Канечне, расказваючы пра работу калектыва малочнатаварнага комплексу, Віктар Раковіч не мог сваім калегам не выказаць і пра набалелае. Гэта хутчэй для таго, каб не паўтаралі памылак. МТК у “Чырвоным Бары” быў уведзены ў эксплуатацыю адным з першых у раёне. Але, каб знізіць затраты на будаўніцтва, не зрабілі памяшканне для сухастойных кароў. Цяпер такая “эканомія” на ўсю моц адбіваецца негатыўна на малочнай вытворчасці. Практычна трэцяя частка фермы для ўтрымання дойнага статка выключана з працэсу вытворчасці малака, бо там у секцыях замест дойных кароў утрымліваюцца сухастойныя. Вырашаць праблему збіраюцца ў бліжэйшы час: будуць будаваць гаспадарчым спосабам яшчэ два памяшканні для сухастойных кароў і цялятнік. У ім ёсць таксама вялікая патрэба, у чым усе пераканаліся падчас наведвання месца, дзе размешчаны домікі для вырошчвання маладняку па халоднаму метаду. Было відавочна, што цяляты там ператрымліваюцца. Гэтага не хаваў і кіраўнік гаспадаркі, але ў склаўшайся сітуацыі такое ўтрыманне — найлепшы выхад, каб пазбегнуць вялікага падзяжу. Пытанне вырашыцца з размяшчэннем маладняку пасля заканчэння рэканструкцыі памяшкання на адной з ферм гаспадаркі. Дарэчы, у гэтым накірунку дзейнасці ў сельгаспрадпрыемстве было за апошні час зроблена вельмі і вельмі шмат. Удзельнікі семінара пабывалі на фермах, дзе праведзена і праводзіцца рэканструкцыя, і пераканаліся, што з невялікімі затратамі можна абнавіць жывёлагадоўчыя аб’екты-развалюхі да непазнавальнасці і стварыць там прыстойныя ўмовы для ўтрымання жывёлы. У “Чырвоным Бары” ў памяшканнях, якія раней пуставалі, дзякуючы праведзеным рамонтам цяпер стаяць цялушкі і каровы, бычкі. Самае галоўнае, што не спыняюць гэтую работу. На цяперашні час поўным ходам рамантуецца яшчэ адзін кароўнік, у якім плануюць ужо ў гэтым годзе размясціць дойны статак. Павелічэнне пагалоўя, значыць, і павелічэнне вытворчасці малака. І па гэтаму шляху ідуць ва ўсіх гаспадарках раёна.
Асобна ўвагу ўдзельнікаў семінара акцэнтавалі на падтрыманні добрага санітарнага стану на фермах і іншых вытворчых аб’ектах, стварэнні там належных бытавых умоў для працаўнікоў. Аляксандр Мікалуцкі зазначыў, што кіраўнікі і спецыялісты павінны наладзіць вытворчасць такім чынам, каб работнік, сумленна выканаўшы свае абавязкі, атрымліваў за гэта годную аплату. А тое, што зроблена на фермах сельгаспрадпрыемства апошнім часам, стане добрай асновай для будучых вытворчых поспехаў.
— Папрацавалі мы ў мінулым годзе нядрэнна, але дабіцца яшчэ можам намнога большага, — адзначыў старшыня райвыканкама Аляксандр Мікалуцкі.
Станоўчыя моманты на фермах, якія ўбачылі аграрыі на мерапрыемстве, былі заўважаны і на машынным двары гаспадаркі. Галоўны інжынер райсельгасхарчу Андрэй Ляшкевіч падрабязна расказаў і паказаў, як мясцовыя механізатары справіліся з пастаноўкай тэхнікі на захоўванне, у якіх умовах ім даводзіцца весці рамонты. Яны ў КСУПе ідуць поўным ходам. Практычна ў кожнай майстэрні стаялі розныя машыны і агрэгаты, ля якіх рупіліся людзі. Канечне ж, усім спадабаліся бытавыя ўмовы ў гаражы, асабліва лазня. У час асноўных сельскагаспадарчых кампаній яна дзейнічае штодзённа да пазна, ды і зімой механізатары, бывае, карыстаюцца яе паслугамі.
Але ўсё ж асноўны клопат на цяперашні час у інжынернай службы і механізатараў – падрыхтаваць надзейна тэхніку да пасяўной. Ужо да першага лютага павінна быць гатова не меней дзевяноста працэнтаў усёй наяўнай тэхнікі. Задача, калі бракуе грашовых сродкаў, не такая і лёгкая, але выконваемая. Важна адно, што зацягваць з рамонтамі не патрэбна – вясна не за гарамі.
Калі падчас наведвання аб’ектаў сельгаспрадпрыемства “Чырвоны Бор” асноўная ўвага надавалася пытанням тэналагічнага характару, то на падвядзенні вынікаў семінара абмеркаванне ў сваёй большасці ішло ў эканамічнай плоскасці. Тон яму задала галоўны эканаміст райсельгасхарчу Алена Кузіна. Ды і ў выступленнях кіраўнікоў райплемстанцыі і райветстанцыі Андрэя Кудласевіча і Сяргея Ярмаша гэтая састаўная праследжвалася вельмі яскрава. Даходзіла нават да гарачых дыскусій. Напрыклад, калі размова зайшла аб якасці прадаваемага малака. Начальніку райсельгасхарчу Мікалаю П’яўко нават прыйшлося прыняць рашэнне, каб перапрацоўшчыкі вытворцы малака змаглі прыйсці да згоды. Спрэчка гэтая ўзнікла невыпадкова, бо, як адзначыла Алена Мікалаеўна, сельгаспрадпрыемствы ад продажу малака нізкімі гатункамі недаатрымліваюць значныя сумы грошай.
— Праблема існуе, і яе патрэбна вырашаць сумесна, неадкладна, — адзначыў Мікалай Мікалаевіч П’яўко. — Прычым, падключыцца да гэтага павінны і спецыялісты райсельгасхарчу, і ветэрынарнай станцыі. Усе мы робім адну важную справу. Таму ў найбольш праблемных гаспадарках павінны папрацаваць групы з прадстаўнікоў усіх зацікаўленых бакоў, якія пасля вывучэння стану спраў парэкамендуюць мясцовым жывёлаводам выхад, як палепшыць якасць малака.
Аналізуючы вынікі работы аграрыяў раёна, Алена Кузіна і іншыя выступоўцы назвалі нямала станоўчых прыкладаў у мінулагодняй дзейнасці. Гэта і рост тэмпаў вытворчасці сельгаспрадукцыі, павелічэнне выручкі ад яе рэалізацыі, зніжэнне падзяжу жывёлы і многае іншае. Аб гэтым сведчаць і такія факты: раён па тэмпах росту вытворчасці заняў у вобласці трынаццатае месца, так бы мовіць, у залатой сярэдзіне. А вось па развіцці жывёлагадоўчай галіны ўвогуле апынуўся на пятым месцы. У раённым жа рэйтынгу сярод гаспадарак найбольшых здабыткаў дабіліся працаўнікі КСУПа “Коленскае”, ААТ “Людзяневічы” і КСУПа “Бялёў”. Разам з тым, не замоўчваліся і праблемы, над якімі патрэбна працаваць вяскоўцам. Сярод іх і зніжэнне сабекошту прадукцыі, невытворчага выбыцця жывёлы, паляпшэнне асемянення кароў і цялушак, павелічэнне выручкі і рэнтабельнасці, і іншае. Па словах спецыялістаў і кіраўніка раёна, рэзервы тут вельмі і вельмі значныя, бо па прычыне розных упушчэнняў недаатрымана дзясяткі мільярдаў рублёў выручкі. А гэтыя грошы былі б не лішнімі для развіцця гаспадарчай дзейнасці. Як адзначыў старшыня райвыканкама Аляксандр Мікалуцкі, менавіта сваімі справамі мы пішам гісторыю свайго рэгіёна, таму патрэбна старацца працаваць так, каб у гэтай гісторыі мы засталіся добрымі летапісцамі. А што тычыцца карыснасці прайшоўшага семінара, то аб гэтым вельмі ёмка выказаўся начальнік райсельгасхарчу Мікалай П’яўко:
— Мерапрыемства прайшло арганізавана, кожны яго ўдзельнік набыў пэўны вопыт падчас стасункаў з калегамі і наведвання вытворчых аб’ектаў. Да таго ж канструктыўнае абмеркаванне самых важных момантаў нашай дзейнасці, пытанняў і праблем дапаможа кіраўнікам і спецыялістам на месцах сканцэнтрыраваць сваю ўвагу і рэсурсы на больш вузкіх месцах вытворчых і тэхналагічных працэсаў. А гэта толькі пойдзе на карысць агульнай справе. Таму і практыка правядзення такіх семінараў будзе выкарыстоўвацца і надалей, бо яшчэ ёсць над чым працаваць.
Сяргей Белка.