Дружная, здаровая, сямейная… Святкавалі Масленіцу ў САШ №3 вучні і іх бацькі
З песнямі, танцамі, спартыўнымі забавамі праводзілі зіму і сустракалі вясну ў сярэдняй агульнаадукацыйнай школе №3 райцэнтра. На працягу некалькіх гадоў тут праводзяць агульнашкольнае культурна-спартыўнае мерапрыемства “Масленіца”. З вялікім задавальненнем у ім удзельнічае не толькі вялікі калектыў вучняў і настаўнікаў школы, але і бацькі рабят, а таксама жыхары мікрараёна, дзе знаходзіцца навучальная ўстанова. Так было і ў гэтым годзе. Нездарма ж дэвіз свята: “Масленіца дружная. Масленіца здаровая. Масленіца сямейная.”
Што ў трэцяй школе ладзіцца вялікае свята, можна было пачуць яшчэ за некалькі сотняў метраў ад навучальнай установы. З яе двара па ўсім наваколлі разносіліся вясёлыя гукі музыкі, ды высока ў неба ўзнімаліся воблачкі дыму ад палявой кухні, што размесцілася прама ў школьным двары. Тут для гасцей рыхтавалі кашу, а ў некалькіх школьных кафэ пякліся сімвалы свята “Масленіца” блінцы. Увогуле, арганізатары свята паклапаціліся, каб яго ўдзельнікі мелі магчымасць добра падсілкавацца. Прадавалі ў школьным двары не толькі кашу і бліны, але і піражкі, гарбату і іншыя прысмакі. Парадавала свята і цудоўнай культурна-забаўляльнай праграмай. Кожны змог знайсці сабе занятак па густу.
Уся дзея пачалася з тэатралізаванай інсцэніроўкі “Масленіца прыйшла”. Казачныя героі Масленіца, Зіма, Вясна, Завіруха і іншыя, ролі якіх па-майстэрску выканалі вучні і настаўнікі школы, не давалі сумаваць гледачам. Па ходу дзеі вымушалі ўсіх усміхацца, прапаноўвалі разгадаць загадкі, павадзіць карагоды і іншае. Усё гэта знаходзіла гарачы водклік у гледачоў. Пасля прадстаўлення сваім вакальніцкім майстэрствам прысутных доўгі час радавалі артысты народнага ансамбля народнай песні “Сваты”.
Асабліва насычанай была спартыўная праграма свята. Спаборніцтвы праходзілі і ў памяшканні школы, і ў школьным двары, і на школьным стадыёне. Напрыклад, у спартзале сабраліся аматары валейболу “рыцарскіх турніраў”. Тут першынство аспрэчвалі аж шэсць каманд з ДПТВ-182, акцыянерных таварыстваў “ЖМЗ”, “Сатурн” раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, “Беларусбанка”, а таксама школьная каманда. Мяркуючы па вялікай колькасці балельшчыкаў, спаборніцтвы па сваім накале былі надзвычай вострымі і цікавымі. Дарэчы, першае месца ў іх па-праву занялі каманды “Беларусбанка” (валейбол) і САШ №3 (рыцарскі турнір). Аматараў настольнага тэнісу гасцінна запрашаў школьны тэнісны клуб. Тут мераліся сваім майстэрствам не толькі рабяты і дзяўчаты, але і дарослыя. Вельмі актыўным іграком быў Уладзімір Кустаў, які не выйшаў з клуба, пакуль не памерыўся сіламі з усімі ўдзельнікамі турніру.
Дваровая спартыўная пляцоўка была аддадзена малодшым школьнікам і іх бацькам. Тут можна было ўбачыць матч паміж пяцікласнікамі па міні-футболу, а таксама спартландыі каманд бацькоў і вучняў. Балельшчыкі дружна падбадзёрвалі свае любімыя каманды, таму нават падзенні ўдзельнікаў спартландый у снег ніколькі не ўбаўлялі ў апошніх настрою на перамогу. Дэвіз: “Хутчэй, вышэй, мацней” тут меў надзвычай высокую праяву.
Напэўна, самыя складаныя выпрабаванні давялося вытрымаць рабятам, якія вучацца ў шостых- дзевятых класах. Яны дэманстравалі свой спрыт у розных відах спаборніцтваў на стадыёне. Не ў адным відзе спорту ім прыйшлося паказваць сваё майстэрства. Для вучняў гэта была самая сапраўдная зімняя алімпіяда Рабяты бегалі на лыжах, змагаліся ў санных гонках, трапнасці кідкоў па мішэнях, арыенціраванні і іншых конкурсах. У канцы ж ім яшчэ патрэбна было праявіць кемлівасць і знайсці схаванае імправізаванае пудзіла зімы. З апошняй задачай паспяхова справіўся вучань 7“б” класа Мурашка Яўген. А лепшымі ж у спаборніцтвах сталі каманды 6“б”, 7“а”, 8“а”.
Спартыўная праграма па задуме арганізатараў свята плаўна перарастала ў культурную. Але перш чым пайсці на дыскатэку ці паглядзець мульцікі, або прыняць удзел у конкурсе скарагаворак, пагуляць у дартс, рабяты кіраваліся да кафэ “Блінная”, у якое на час свята ператварылася школьная сталовая. Пасля стартаў на вуліцы апетыт у рабят па-сапраўднаму быў, нібы ў асілкаў.
Адзначым і яшчэ адзін станоўчы момант. На мерапрыемства былі запрошаны і ветэраны працы школы. Іх таксама частавалі блінцамі з гарбатай.
За забавамі і спартыўнымі спаборніцтвамі час бег непрыкметна. Школьны званок абвясціў, што пачынаецца яшчэ адна галоўная дзея свята. Усе дзеці і дарослыя хутка выходзілі на спартыўную пляцоўку школьнага двара. Тут адбылося спальванне пудзіла Зімы. Чорны дым і гарачае полымя кастрышча абвясцілі, што пара саступіць зіме з яе маразамі і снягамі дарогу прыгажуні вясне, якую мы ўсе так зачакаліся. Неўзабаве, хочацца верыць, гэта ў прыродзе і адбудзецца.
Свята атрымалася. У першую чаргу дзякуючы тым, хто на яго прыйшоў і прыняў самы актыўны ўдзел у конкурсах і спаборніцтвах. Вялікая заслуга ў тым і кіраўніка навучальнай установы Ганны Друк, якая з’яўляецца арганізатарам мерапрыемства, а таксама ўсяго настаўніцкага калектыва школы. Не буду пералічваць імёны ўсіх педагогаў, каб часам не забыцца на каго і гэтым не пакрыўдзіць. Усё яны сваёй працай унеслі пасільны ўклад, каб на мерапрыемстве было весела і цікава. Да таго ж падчас такіх мерапрыемстваў настаўнікі далучаюць сваіх вучняў да здаровага ладу жыцця, а таксама вучаць любіць і шанаваць нашы народныя традыцыі.
С. МІКАЛАЕЎ.