Здабыткі сённяшнія і будучыя
На цяперашні час у КСУПе “Коленскае” ўтрымліваецца больш чатырох тысяч грамадскай буйной рагатай жывёлы. Таму кіраўніцтву, спецыялістам і рабочым гаспадаркі давялося нямала папрацаваць, каб грунтоўна падрыхтавацца да стойлавага ўтрымання гэтага немалога пагалоўя. Як паказвае практыка, з пастаўленай задачай у сельгаспрадпрыемстве справіліся паспяхова, таму зараз і маюць адпаведныя вынікі па вытворчасці малака і мяса.
Уся грамадская жывёла гаспадаркі размешчана на пяці фермах. На многіх з іх правялі неабходныя рамонты. Асабліва буйная рэканструкцыя адбылася на боркаўскай ферме, дзе старыя памяшканні перарабілі пад сучасныя тэхналогіі. Цяпер там камфортна жывецца цялушкам для ўзнаўлення дойнага статка. Дарэчы, увага вырошчванню цялушак у сельгаспрадпрыемстве надаецца вельмі вялікая. Гэта дазваляе забяспечваць не толькі свае патрэбы, але і прадаваць іншым гаспадаркам. Напрыклад, у час наведвання КСУПа сто галоў цялушак адбіраліся для акцыянернага таварыства “Тураўшчына”. Па словах галоўнага заатэхніка сельгаспрадпрыемства “Коленскае” Міхаіла Кісялёва, гандляваць цялушкамі вельмі выгадна з эканамічнага боку, а яшчэ не трэба турбавацца, чым абнавіць свой статак, таму што вырошчваюць для гэтых мэт маладняк згодна з усімі тэхналагічнымі патрабаваннямі. І тыя затраты, што панесены гаспадаркай на рэканструкцыю фермы ў Борках, каб мець высокапрадуктыўнае цёлачнае пагалоўе, хутка акупяцца.
І ўсё ж асноўная крыніца грашовых паступленняў ад жывёлагадоўчай галіны сельгаспрадпрыемства залежыць ад вытворчасці малака. У гэты час яго гаспадарка прадае больш дзесяці тон штодзённа.
— Нас радуе тое, што 65 працэнтаў прадаваемага малака перапрацоўшчыкі прымаюць гатункам “экстра”, а гэта дадатковыя фінансы, бо цана такой прадукцыі значна вышэйшая, — расказвае Міхаіл Кісялёў. — Таму прыкладваюцца ўсе намаганні, каб на нашых фермах надойваць не толькі больш малака, але і самай высокай якасці.
З пачатку года на малочных фермах сельгаспрадпрыемства надоена 3973,1 тоны малака. На такі ж перыяд мінулага года гэты паказчык складаў 3738,3 тоны. Прададзена перапрацоўшчыкам 3385,2 тоны малака, што на 112 працэнтаў болей чым за такі ж час летась. Гэты рост не спыняецца і зараз. А ўсё таму, што ёсць не толькі добрая матэрыяльная база, якая пастаянна мадэрнізіруецца і абнаўляецца, але і належны запас травяністых кармоў. Напрыклад, на цяперашнюю зімоўку іх назапашана ў разліку на адну ўмоўную галаву па 27 цэнтнераў кармавых адзінак. Як адзначыў галоўны заатэхнік Міхаіл Кісялёў, кожны кілаграм корму скарыстоўваем, каб мець максімальную аддачу. Таму жывёле раздаюцца ў кармушкі паўнацэнныя кормасумесі з сіласу, сенажу, канцэнтратаў. Строга вытрымліваецца на фермах не толькі рацыён, але і рэжым кармлення. Адным словам, у сельгаспрадпрыемстве робяць усё, каб надаіць па канцу года больш чатырох тысяч кілаграмаў малака ад адной каровы.
— Канечне, гэта не наш паказчык па надою ад каровы, — расказвае Міхаіл Феліксавіч. — На жаль, напачатку года крыху здалі свае пазіцыі. Рэальна мы маглі б ужо цяпер мець надой ў пяць тысяч кілаграмаў ад каровы. Нам бы падцягнуцца толькі па руднянскай малочнатаварнай ферме.
Словы спецыяліста падмацаваны рэальнымі фактамі. Калектыў малочнатаварнага комплексу “Пасека” ўжо гадоў шэсць як пераўзыходзіць пяцітонны надой ад каровы. Так што адстаючым ёсць на каго раўняцца. Увогуле працавітых і старанных жывёлаводаў, аператараў машыннага даення на кольненскіх фермах вельмі шмат. Менавіта яны і задаюць тон у рабоце. Ганарацца тут вытворчымі здабыткамі, якіх дабіваюцца Надзея Рагалевіч, Галіна Марыніч, Вера Юнчыц, Таміла Беражная, Валянціна Пяшэвіч, Таццяна Грышай і іншыя. Гэта вопытныя і спрактыкаваныя працаўніцы. У кожнай з іх вялікі стаж работы ў жывёлагадоўлі. Яны добра ўсведамляюць, што ад іх старання і майстэрства многае залежыць у павелічэнні вытворчасці малака і мяса. Ды і кожны жывёлавод гаспадаркі бачыць тыя перамены да лепшага, што адбываюцца на фермах у плане ўдасканалення тэхналогій і ўмоў працы. На цяперашні час у сельгаспрадпрыемстве няма ферм, дзе б выкарыстоўвалася ручная праца на такіх цяжкіх работах, як раздача кармоў, гноевыдаленне. Усё гэта выконвае тэхніка, таму ў аператараў машыннага даення намнога паменшала абавязкаў, асноўным з іх застаўся адзін — правільна і своечасова падаіць карову.
Відавочна, што запас трываласці ў павелічэнні вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі ў камунальным сельскагаспадарчым унітарным прадпрыемстве “Коленскае” ёсць. І даволі значны. Менавіта на ім і грунтуюцца цяперашнія і будучыя поспехі працаўнікоў мясцовых ферм. На іх жывёлаводы нацэлены пастаянна.
Сяргей БЕЛКА.