У лёсе малой радзімы яго лёс. Вечарыну-партрэт прысвяціла жыткавіцкая бібліятэка ветэрану жураналістыкі Сяргею кулакевічу
Шчыры сэрцам паляшук
Многія жыткаўчане, пакінуўшы асабістыя справы, у пятніцу спяшаліся ў раённую бібліятэку на сустрэчу з чалавекам, які пакінуў значны творчы след у гісторыі нашага раёна.
Да стагоддзя стварэння Жыткаўшчыны работнікі гэтай установы прымеркавалі вечарыну-партрэт “У лёсе малой радзімы яго лёс”, прысвечаную 70-годдзю Сяргея Кулакевіча, члена Беларускага саюза журналістаў, лаўрэата абласной літаратурнай прэміі “Палесскія росы”.
Сустрэча атрымалася амаль сямейнай, бо выпадковых людзей ў зале проста не было. Шмат цёплых слоў адрасавалі нашаму калегу-юбіляру сябры і прыхільнікі яго таленту. За 36 гадоў журналістскай працы з-пад яго вострага пяра выйшлі тысячы нарысаў, заметак і рэпартажаў. Праз некаторы час лепшыя творы трапілі пад вокладкі дзвюх зборнікаў, адзін з якіх выйшаў ў сааўтарстве з дачкой.
— Лічу, што ў мяне не адно дзіця, а трое: Насця і дзве кнігі, — распавядаючы пра жыццёвы і прафесійны шлях, з гумарам адзначыў віноўнік урачыстасці, дадаўшы, што да літаратурнага працэса яго натхніла жаданне пакінуць памяць пра родную, на жаль, знікаючую вёску, землякоў і тых адметных у розных сферах людзей, якія сталі героямі яго публікацый.
“Случ, Вільча, радзіма” і “Птушкі ляцяць на Палессе” разышліся па Беларусі, Расіі, Украіне, а адзін экземпляр апошняга выдання трапіў нават у Амерыку. Творы Сяргея Адамавіча прыхільна сустрэлі раз’ехаўшыяся па свету аднавяскоўцы, якія прызнаваліся, што ён сваімі кнігамі “давёў іх да слёз”.
Як падкрэсліў краязнаўца Васіль Нікановіч, кнігі Кулакевіча маюць вялікі выхаваўчы патэнцыял, а Людміла Кронда, якая на пасадзе дырэктара бібліятэкі ў свой час арганізоўвавала іх прэзентацыю, прапанавала творы, прасякнутыя патрыятызмам і павагай да чалавека, выкарыстоўваць у раённай школьнай праграме. На тым, што пісьменніцкі аўтарытэт аўтара паважаны, у сваёй прамове засяродзіў увагу наш зямляк, таксама літаратар Генадзь Рай. “Нарадзіць чацвёртае дзіця”, а таленту на гэта хапае, пажадала Сяргею Адамавічу галоўны рэдактар “Новага Палесся” Святлана Севасцьянава-Казачок”.
Не шкадавалі заслужаных кампліментаў і другія ўдзельнікі сустрэчы.