Арсень Акунец: «Усюды добра, а дома лепей»

Імкліва шамацяць старонкі гісторыі, і ўсё цяжэй знайсці людзей, якія б маглі нешта цікавае ўспомніць пра наш горад. Але нам пашчасціла адшукаць такого чалавека. Па якіх тратуарах паўстагоддзя таму хадзілі мясцовыя жыхары, дзе былі самыя модныя танцы і за што Жыткавічы трапілі ў рэспубліканскую крымінальную зводку? У падарожжа на віртуальнай машыне часу адправіліся з 85-гадовым Арсеніем Акунцом з Людзяневічаў.

Ураджэнец вёскі Ляхавічы разам з бацькамі, якія мелі 10 дзяцей, пераехаў у Жыткавічы ў 1955 годзе, калі яго старэйшыя браты і сёстры пайшлі на свой хлеб. Перад арміяй юнак уладкаваўся ў камунгас на ўкладку маставой.

Недалёка ад пераезда каля ваенкамата стаяў дызель, ад якога асвятлялася частка горада, – прыгадвае сваё першае працоўнае месца субяседнік. – Там жа на чыгунцы выгружалі камень,  мы кувалдамі драбілі гэтыя валуны, падвозіўшы бут на падводах ці тачках, масцілі цэнтральную вуліцу.

Сёння цяжка ўявіць, што пры такой знясільваючай працы хлопцы і дзяўчаты паспявалі яшчэ і наганяць забраную вайной сярэднюю адукацыю, па вечарах вучыліся ў школе рабочай моладзі. Арсеній Майсеевіч расказвае, што дырэктарстваваў там былы рэдактар нашай газеты Бандзюк, а ўстанова знаходзілася ў чыгуначнай гасцініцы, цяпер у гэтым будынку – тэрытарыяльны цэнтр.

Жыткавічы таго часу на захадзе заканчваліся леспрамгасам. На месцы райвыканкама стаяла рыбная база, дзе рэстаран – гандлёвыя склады. Кінатэатр пабудуюць пазней, тут размяшчаўся дзіцячы парк, пасярод якога ўзвышаўся помнік Сталіну. Замест кафэ “Бульбянае” працавала арцель, дзе сярод іншай прадукцыі выраблялі жаночыя саламяныя капялюшы.

Пенсіянер успамінае, як па гораду начамі плыў хлебны водар. Адна пякарня працавала ў будынку цяперашняй рэдакцыі, другая – ў леспрамгасе. І каб купіць свежы бохан, гараджане з чатырох раніцы займалі ў магазіне чаргу. А самым папулярным месцам збору моладзі быў чыгуначны клуб каля сучаснага “Матрыкса”. У 1960-ых гадах тут ужо часцей танцавалі не пад гармонік, а круцілі пластынкі з тагачаснымі шлягерамі.

Служыць наш жыткаўчанін трапіў, як сёння сказалі б, ва ўнутраныя войскі, на ахову грамадскага парадку. Гэтая акалічнасць і абумовіла змену прафесіі, дзембеля ўзялі на службу ў раённую міліцыю.

– Аддзел тады налічваў чалавек сорак, – пенсіянер уражвае дакладнасцю лічбаў і прозвішчаў, якія мы апусцім. – Кожнаму прыходзілася сумяшчаць розныя абавязкі. На выклікі ў бліжэйшыя вёскі ездзілі на кані ці заводзілі гусенічны трактар, пазней быў грузавік. Грунтовыя дарогі да вёсак размывала, гразь не прасыхала амаль круглы год. Памятаю будку аўтастанцыі каля  вакзала, за якой была чыгуначная паліклініка. У Жыткавічах на цэнтральных вуліцах ляжалі драўляныя тратуары.

Неяк па факту крадзяжу грошай міліцыянера выклікалі ў гасцініцу, што стаяла на месцы ГЦК. Пакуль разбіраліся, юнак прыкмеціў на лаве прыгожую дзяўчыну. Жэню, настаўніцу Глушкавіцкай школы, на шляху дадому, у Загорбашша, застала ноч, цягнік ішоў у 6 раніцы. А ўсе месцы ў той вечар былі занятыя. І Арсень прапанаваў ёй спачатку свой ложак у бацькоўскай хаце, а потым – руку і сэрца. З таго часу сужэнцы крочаць разам па жыцці 63-ы год, падняўшы на ногі трох дзяцей, радуючыся поспехам унукаў і праўнукаў.

А між іншым гэтага шчасця магло і не быць. У 1963 годзе нашы правінцыйныя Жыткавічы ўскалыхнула буйная дыверсія. Бандыты, што трымалі ў страху Кольна, помсцячы праваахоўнікам, узарвалі драўляны будынак міліцыі, ён размяшчаўся на месцы цяперашняга МРЭА. Выбуховае рэчыва праціўнікі савецкай улады кінулі ў акно кабінета следчага, дзе знаходзіўся дзяжурыўшы ў тую ноч Акунец. Абрынуўшаяся шафа з крымінальнымі справамі моцна пашкодзіла пазваночнік 23-гадовага мужчыны. Дзякуючы майстэрству гомельскіх медыкаў і неверагоднай вынослівасці і прагі да жыцця пацярпелы стаў на ногі і адмовіўся ад інваліднасці. Пра сур’ёзныя праблемы са здароўем Арсенія Майсеевіча не здагадваліся ні калегі, ні вучні Грэбенскай школы, у якой ён пасля міліцыі на працягу года сумленна выкладаў фізкультуру (у арміі меў першы разрад па гімнастыцы) і працоўнае навучанне. Потым яго запрасілі ў райкам партыі інструктарам.

Пасля пераводу ў людзяневіцкі саўгас старшынёй рабочага камітэта Арсеній Майсеевіч у 1970-ым годзе змяніў жыткавіцкую прапіску.

 

Святлана Шакалян, фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.