Сакрэт маладосці Кацярыны Домніч з Турава

На пенсіі можна вязаць шкарпэткі, пераказваць плёткі і скардзіцца на здароўе. А можна, як 84-гадовая тураўчанка Кацярына Домніч, не зважаючы на ўзрост, напоўніцу радавацца кожнаму дню.

– Старасці не адчуваю, – прызнаецца ветэран працы, што ў мясцовай музычнай школе не адно пакаленне рабят вучыла іграць на баяне. Падцягнутая, з прычоскаю, у элегантным касцюме: назваць яе бабуляй язык не паварочваецца. – У душы мне 20, толькі здзіўляе, што сыны ўжо такія дарослыя, унукі параслі і праўнукаў дачакалася.

Яна па-ранейшаму такая ж рухавая і лёгкая на пад’ём, не растаецца з песняй, ахвотна выступае на розных пляцоўках, вучыць на памяць новыя вершы і байкі, упэўнена карыстаецца тэлефоннымі месэджарамі і, ламаючы ўзроставыя стэрэатыпы, рассякае па гораду на скутары.

Вырасла Кацярына Пятроўна ў Давід-Гарадку. З дзевяці дзяцей вялікай сям’і засталося шасцёра і ўсім пашчасціла размяняць дзявяты дзясятак. Пасля сямігодкі яна пайшла вучаніцаю прадаўца ў магазін. І там на паліцы ўбачыла маленькую гармошачку.

– Пакуль не было пакупнікоў, брала яе ў рукі і асцярожна націскала на кнопкі, – з гэтай хвіліны і прачнулася яе любоў да музыкі, якая абумовіла выбар прафесіі. – А неўзабаве бацька прывёз з заробкаў такі ж інструмент старэйшаму ўнуку, толькі іграць на ім стала я. Самавучкаю.

Старанні здатнай дзяўчыны не засталіся незаўважнымі і яе накіроўваюць у Пінск на курсы калгасных баяністаў. Пасля паляшучка скончыць яшчэ два музычныя вучылішчы – у Гродне і завочна – у Мазыры.

– «Каця, вяртайся дадому, я табе хату ў Тураве купіў», – напісаў мне бацька, – у Растоўскай вобласці на шахце працаваў яе зямляк Андрэй. Маладыя пабралася шлюбам і ужо гадавалі сына Артура. – Тут на беразе Прыпяці праз пяць гадоў нарадзіўся другі наш хлопчык – Ігар. Толькі жыццё ў пары не заладзілася. Але ж ні аб чым не шкадую. Хаця і была адна, адзінокаю сябе не адчувала і зараз – сярод людзей.

Яшчэ паралельна з працаю ў дзіцячай музычнай школе, з якой афіцыйна развіталася ў 55 гадоў, Кацярына Пятроўна акампаніравала ў Тураўскім і Дварэцкім клубах. Пад яе кіраўніцтвам стварыўся народны ансамбль «Ярок». У гэтага настаўніка вучыліся і будучыя артысты сямейнага гурта «Абібок» Валянціна Барыгіна і Сяргей Страх. Асобнай старонкаю біяграфіі Кацярыны Домніч сталі вясковыя вяселлі, на якія здатную баяністку наперабой запрашалі граць полькі, вальсы і частушкі.

На заслужаны адпачынак жанчына пайшла ў 76 гадоў. Толькі з творчай дзейнасцю не парывае і зараз. Цікавае насычанае жыццё дапамагае доўжыць гады. Запальваючы ў сэрцы гледачоў агеньчык пазітыву, яна і сама грэецца яго святлом.

 

Святлана Шакалян, фота з архіва К. Домніч

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.