Марына Кішкурно: культура, без якой няма жыцця
Хто хаця б аднойчы пабачыў, як апантана працуе на публіцы Марына Кішкурно, ніколі не забудзе яе харызмы і нацыянальнага каларыту.
На фестывалях, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных святах ёй давяраюць прадстаўляць жыткавіцкі падворак, ведаючы, што ў гэтага чалавека з першых хвілін атрымаецца ўзяць гледачоў у палон, закружыць у віхуры танца пад бубен ці нават прымусіць музыцыраваць качаргу.
Шлях дзяўчынкі Марынкі ў культуру пачаўся ў дашкольным узросце, калі старэйшай на дзесяць гадоў сястры купілі піяніна. Будучая «артыстка» на слых пераймала за ёй рухі па клавішах. А ў першым класе сама сябе запісала ў музычную школу. Пасля вучылішча культуры дыпламаваны харавік-дырыжор пачала сваю працоўную біяграфію загадчыкам аўтаклуба, дзякуючы чаму карэнная жыткаўчанка добра вывучыла раён.
– А шчырую любоў да творчасці ў маім сэрцы запалілі калегі, – субяседніца ўдзячна многім знаўцам мясцовых традыцый. – Адчуць хараство і багацце нашай спадчыны дапамог удзел ў самадзейных вакальных калектывах. Нездарма кажуць, што песня – душа народа.
Марына Антонаўна была метадыстам цэнтра фальклору, вяла кадравую работу, доўгі час працавала галоўным спецыялістам аддзела культуры. Два гады таму ўзначаліла раённы цэнтр народнай творчасці і арганізацыі вольнага часу насельніцтва, назва якога дакладна перадае змест работы. Ён аб’ядноўвае 40 клубных ўстаноў на вёсцы і дзве гарадскія (ГДК Жыткавічы-1 і Дварэц). А нясуць землякам агеньчык культуры ў іх 93 творчыя работнікі.
– Выпадковыя людзі ў нас не затрымліваюцца, – упэўнена Марына Кішкурно, – таму што праца тут спецыфічная, патрабуе поўнай аддачы. І няхай каля паловы калектыву не мае профільных дыпломаў, свой аўтарытэт калегі зарабілі багатай практыкай і добрасумленнасцю.
Самай вялікай каштоўнасцю і гонарам дырэктар лічыць 23 народныя ансамблі, якія створаны ў структуры цэнтра. Радуе, што многія з іх росцяць сабе маладую змену, перадаючы фальклорную спадчыну дзецям. Хаця, канечне, нельга не ўлічваць дэмаграфічную тэндэнцыю на сяле. Гэтая акалічнасць вымушае шукаць новыя фарматы работы, арганізацыі святаў, вольнага часу жыхароў.
– Культура – наогул, сфера не статычная, – разважае Марына Антонаўна. – Яна вымушае пастаяннага развіцця, укаранення інавацый. Проста канцэрт сёння не будзе мець поспеху. Патрабуецца інтэрактыў, уцягненне публікі ў дзею, вербальны кантакт. І калі работнікам культуры шчыра дзячаць за радасць і настрой, разумееш, што выбраў правільны прафесійны шлях.
Бліц
— Дзе чэрпаеце натхненне?
— У працы найперш, а душою падсілкавацца дапамагае прырода: бераг ракі і вуда ў руках.
— Любімая частка работы?
— Выступленне на сцэне. Гэта адрэналін і творчая энергетыка.
— У вас дужа арыгінальны касцюм. Напэўна, з гісторыяй?
— За 30 гадоў ён стаў маім талісманам. На рукавах кашулі, якую вышывала адна пажылая тураўчанка, арыгінальны ўзор цмока. А кабацік у кветках – маміна памяць.
— На якім канцэрце хацелі б пабываць?
— Падабаюцца выканаўцы шансона. А што тычыцца народнай спадчыны, то з задавальненнем паслухала б колішніх «Песняроў».
Штрых да партрэту
Тое, што Марына не ведае нот, настаўніца высвятліла толькі пасля першай чвэрці. Якія клавішы націскаць, дзяўчынка, аказваецца, запамінала за сястрой.
Аднойчы ў сярэдніх класах заявіла, што ў музыкалку больш не пойдзе. Мудрая мама-выхавальніца згадзілася, наперадзе былі летнія канікулы. А калі пачаўся навучальны год, прымяніла хітры ход: «Дачушка, мне прыснілася, што табе трэба хадзіць на фартэпіяна». І тая аднавіла заняткі.
Святлана Шакалян, фота прадастаўлена гераіняй публікацыі