Разам і назаўжды. Пагарталі кнігу “Памяць”

Роўна 85 гадоў таму адбылося ўз’яднанне Беларусі. Каля траціны тэрыторыі  сучаснай Жыткаўшчыны, адмежаванай па Случы, амаль два дзясяцігоддзі знаходзілася пад уладай белага арла. Як жылося нашым землякам пры Польшчы і чаму яны так чакалі чырвонаармейцаў-вызваліцеляў? Пагарталі кнігу “Памяць”.  

Ленін у Польшчы

Па ўмовах Рыжскага мірнага дагавора 1921 года большая частка былой Ленінскай воласці аказалася на польскім баку. Ленін стаў цэнтрам Ленінскай гміны Лунінецкага павета. Уладам не падабалася назва мястэчка, яны адразу перайменавалі яго ў Згарэлае. Назва не прыжылася – Ленін ды Ленін… Перад самым вызваленнем Заходняй Беларусі была яшчэ адна спроба перайменаваць Ленін, на гэты раз у Саснковічы – у гонар польскага начальніка пагранічнай акругі Саснковіча.

Найбольшым аўтарытэтам і ўплывовасцю вызначаліся палякі. Іх тут жыло няшмат, але яны займалі кіруючыя пасады ў гміне, паліцыі, школе. Выкладанне на ўроках вялося выключна на польскай мове. Родная беларуская была занядбана. За навучанне трэба было плаціць. Устаноў культуры, грамадскіх памяшканняў не было.

Зямлі, а мясцовымі ўгоддзямі валодаў памешчык Мікалай Агаркаў, не хапала, многія сяляне гаравалі, галадалі. Польскія ўлады мала клапаціліся аб сваіх падданых. Людзі ехалі шукаць лепшай долі. Перабежчыкі з Крэсаў на левым – савецкім — беразе Случы заснавалі вёскі Нова-Ленін, Новыя Залюцічы, Новыя Мілевічы…

Сурова распраўляліся польскія ўлады з вальнадумцамі, тымі, хто быў незадаволены парадкамі. Нярэдкімi былі арышты ленінцаў, суды прыгаворвалі сялян да турмы, высылкі. Але нiколi не пакідала людзей надзея i ўпэўненасць у тым, што савецкая ўлада не пакіне ix у бядзе, дапаможа.

 

Не заходзілі нават жабракі

3 успамінаў К. I. Трафімовіча з в. Грычынавічы:

– Рака Случ, граніца з СССР – зусім побач, а якая сцяна паміж нашымі Грычынавічамі i суседнімі Новымі Залюцічамі — вёскай савецкай Беларусі. Тут, на самым краі польскіх крэсаў усходніх – беспрасветная галеча, жабрацтва, i ніякага, здавалася, прасвету наперадзе. Пражыў дзень – i добра… Зямлі мала, i тая неўрадлівая – пясок, пустазелле нават не хоча расці. Каб зарабіць капейчыну, наймаліся на самыя цяжкія работы ў лес. Захварэе хтосьці – уся надзея на шаптуху. I хварэлі, i пaмipaлi вельмі часта, асабліва дзеці. Бяспраўе поўнае, нават за словы «я – беларус» можна было чакаць пакарання, у лепшым выпадку – заплаціць штраф. Штрафы былі на кожным кроку, куды б ні ступала абутая ў лапаць сялянская нага: сарвеш ягаду ў панскім лесе – штраф, зловіш рыбу – штраф, скажаш нешта супраць існуючых парадкаў – таксама штраф… І падаткі: за каровы i за комін, за яблыньку каля хаты i за курку…

Прыйшоў я неяк да папа, каб узяць даведку аб нараджэнні. Поп паглядзеў на мяне:

– Трынаццаць злотых.

Заплаціў. Ён раскрыў свой памінальнік, каб адзначыць даведку, спахмурнеў яшчэ больш i сказаў:

– Два гады ў царкве не спавядаўся… Мусіш плаціць штраф – чатыры злотыя…

Амаль штогод здараўся вясной голад – абыйдзеш паўвёскі i ні кавалачка хлеба не выпрасіш. Нават жабракі не заходзілі ў вёску, ведалі, што ім  тут не пададуць, бо няма чаго…

 

Слёзы шчасця на тварах

З успамінаў Б.Г. Ліфшыца з Леніна:

– 17 верасня наступіла пахмурным ранкам, шэрым небам. Да бацькі прыйшоў незнаёмы чалавек, яны доўга аб нечым размаўлялі. Я бачыў, як мясцовы стражнік сяржант Пацоха сеў на падводу і спешна паехаў у бок Мікашэвіч. Ніхто яшчэ ні аб чым не здагадваўся.

Хутка па той бок граніцы пачалося ажыўленне. Мы з сябрамі назіралі за ёй з гарышча. Выглянула сонца. Да самай ракі падыйшлі людзі ў цывільным аддзенні, папрасілі прыслаць з нашага боку войта. Але ён яшчэ з вечара некуды знік. Урэшце на лодцы праз граніцу адправіўся на ўсходні бок стараста. Апоўдні ён вярнуўся. Усе былі зацікаўлены – у чым справа, а хутка стала ўсё зразумела: уброд пешшу, на конях і на лодках Чырвоная Армія фарсіравала Случ. Коннікі пачалі абходзіць пасёлак, пяхота накіравалася па вуліцы Вялікай да цэнтра мястэчка.

З радаснымі воклічамі мы зляцелі з гарышча. Да цэнтра спяшаліся, здавалася, усе да аднаго местачкоўцы, ад малых да старых. Такога ажыўлення, радасці, хвалявання я не прыпомню… Людзі віталі чырвонаармейцаў, абдымалі ix, у многіх на твары былі слёзы шчасця.

У Леніне пачалося новае жыццё. Ішло вялікае будаўнцтва. Адкрылася народная бібліятэка. Усе дзеці пайшлі вучыцца, а хутка была арганізавана i вячэрняя школа для працуючай моладзі. Працавалі бальніца, сталовая, пякарня, адкрыўся рынак. У каго не было жылля, давалі яго бясплатна — многія палякі пакінулі Ленін i выехалі за Захад. Атрымала невялікую хату i наша сям’я. Усё стала не так, як раней, i дзіўна, людзі хутка прывыклі да змен, па-другому ўжо i не ўяўлялі сваё жыццё. Савецкая ўлада стала сваёй, роднай.

 

Падрыхтавала Святлана Шакалян

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.