Раней леташняга на палетках ААТ “Тураўшчына” саспела салодкая кукуруза

Прыкметна раней леташняга на палетках ААТ “Тураўшчына” саспела салодкая кукуруза. Трэці тыдзень на мясцовым кансервавым камбінаце закручваюць залатыя зярняты ў слоікі.

Шлях пачаткаў на завод стартуе са 130-гектарнага палетка. За штурвалам спецыяльнага камбайна пазменна працуюць Дзмітрый Леўкавец і Уладзімір Клочка. Адвозіць кіяхі вадзіцель Мікалай Бурлоў.

– Сямітонны бункер запаўняецца хвілін за 15-20, – выгрузіўшы апошнюю ёмістасць, Дзмітрый спыніў сваю машыну на краю палетка. – Хаця і моцна пякло гэтым летам, але ж кукуруза вырасла добрая. Кажуць, смачная, асабіста яшчэ не каштаваў, больш люблю яе ў салатах, – усміхаецца мужчына.

Ранні гатунак “Карамэла” у той дзень убіралі на апошніх гектарах. За ім – чарга “Тайсана”.

– Каб максімальна захаваць усе спажыўныя якасці гатовага прадукту, сыравіну варта перапрацаваць не больш чым за гадзіну, яшчэ столькі ж пасля ўкупоркі яна прабудзе на стэрылізацыі, а потым ідзе на склад, – гэта мы ўжо на камбінаце гутарым з выконваючай абавязкі начальніка вытворчасці Аленай Салавей. – За двухзменныя суткі зараз выпускаем 55-57 тысяч слоікаў. Для такога аб’ёму патрэбна 50 тонн пачаткаў, з якіх атрымліваецца 28% зярнят.

Цэх сустракае парай, лясканнем працуючых механізмаў і салодкімі пахамі. На сваіх месцах завіхаюцца рабочыя. Па канвейеру з вонкавага бункера плывуць пачаткі, па дарозе разумнае абсталяванне распранае іх ад лісцевай абгорткі і лушчыць. На шырокім рухомым стале аператар уручную выбракоўвае несімпатычныя зярняты. Бурштынавы ручай па чарзе напаўняе шкляныя паўлітровікі. Яны лентай бягуць да апарата, дзе ў іх заліваецца самы натуральны марынад – з вады, солі і цукру. Далей закатачная машынка закручвае накрыўкі. У другім памяшканні слоікі фарміруюць у шматпавярховыя паддоны, якія потым паставяць у вялізны аўтаклаў. Цыкл завершаны. У сховішчы пасля двухтыднёвай адстойкі на гатовыя ёмістасці наклеяць этыкеткі і пачнецца адгрузка тураўскага «золата» спажыўцам. Звяртаем увагу, што на адной стопцы наклейкі не фірмовыя жоўценькія “Туров-град”, а светла-фіялетавыя іншага дызайну. Прыгледзеўшыся, заўважаем назву папулярнай гандлёвай сеткі. Падказка пакупнікам, як на паліцах магазіна шукаць нашу самую смачную палесскую кукурузу.

Акцыянернае таварыства “Тураў-шчына” па-ранейшаму застаецца адзіным у рэспубліцы вытворцам гэтай папулярнай гародніны, які ў адрозненні ад канкурэнтаў выкарыстоўвае не замарожаную, а свежую сыравіну. На жаль, зялёны гарошак сёлета не парадаваў ураджайнасцю, таму на кукурузу тут робяць асноўную стаўку. План кансервацыі складае два мільёны слоікаў.

Гэта цікава

  • Кукуруза стварае цотную колькасць зярнят: ад 200 да 800. У пачатку звычайна 12-30 радоў.
  • Тры з паловай вёдзер свежай кукурузы дастаткова, каб падсаладзіць 400 слоікаў кока-колы.
  • Кукуруза расце на ўсіх кантынентах, акрамя Антарктыды. Больш за ўсё яе ў ЗША – цвэрць сусветных плошчаў.
  • У склад кукурузы ўваходзіць Аурум – самае сапраўднае золата, толькі ў выглядзе мікраэлемента.

Святлана Шакалян

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.