Хлупін — самае сэрца Палесся

Калі б сярод населеных пунктаў нашага раёна існаваў конкурс з такой назвай, то ў Хлупіна з Азяранскага сельсавета былі б усе падставы стаць яго пераможцам. Крайняя паўднёва-усходняя кропка Жыткаўшчыны ўражвае сваёй каларытнай аўтэнтычнасцю і запаведна-першазданымі краявідамі. А яшчэ яе можна лічыць сталіцаю журавін.

Як хлюпалі халупы

– Ягада сёлета буйная ўрадзіла, нібы вішня, – пацвярджае Тамара Жачка. У мінулым нязменны бухгалтар былога калгаса “Ленінскі шлях”, а зараз прыбіральшчыца Хлупінскага клуба, першай пачала знаёміць нас з мясцовымі навінамі. – Колісь папалёталі ў гэтую клюкву, па некалькі мяхоў сем’ямі здавалі, грошы зараблялі.

Субяседніца расказала, што да сярэдзіны 1980-ых гадоў, пакуль вёску, што ляжыць сярод балот у паўтара кіламетрах ад Прыпяці, не акружылі дамбамі, яе вуліцы пастаянна патаналі ў вадзе. Гэтыя “мокрыя” абставіны, дарэчы, адлюстраваліся ў гісторыі паходжання назвы населенага пункта. Легенду аб тым захоўвае памятны альбом ва ўстанове культуры. У старадаўнія часы на беразе возера Плёса, якое зараз у межах сяла, пара рыбакоў паставілі свае халупы, і калі да іх жытла падступала паводка, усё навокал пачынала хлюпаць. Так сугучныя словы і далі Хлупіну імя.

Нягледзячы на тое, што Тамара Аляксандраўна застала росквіт роднай вёскі з паўтысячным насельніцтвам супраць сёняшніх 150-ці чалавек, на якасць жыцця тут жанчына не скардзіцца. Клуб, школа, магазін, ФАП, пошта на даму, два штодзённыя рэйсы аўтобуса да Жыткавічаў – інфраструктура ўпаўне задавольвае асноўныя запыты месцічаў. Акрамя згаданых аб’ектаў працай людзей забяспечвае і таварная ферма ААТ “Агра-Ляскавічы”.

Школа ёсць – вёска жыве

– Застацца на краю света? Да ні за што, – з усмешкаю ўспамінае сваё знаёмства з Хлупінам наш «экскурсавод», ураджэнка Мазыршчыны, ветэран педагагічнай працы Ніна Ярмоленка. – Але ж год маёй адпрацоўкі нечакана расцягнуўся на ўсё жыццё, а вёска стала другой радзімай. Тут жывуць гарапашныя і асцярожныя па натуры людзі, якія нямала нацярпеліся ад бездарожжа і вады…

Кінуўшы позірк на маладую настаўніцу хіміі і біялогіі, што сціпла пераступіла парог яе кабінета, дырэктар тагачаснай васьмігодкі ўпэўнена заявіла: “Яна будзе Мішынай жонкаю”. І сапраўды праз некалькі месяцаў хрэснік школьнага кіраўніка прыйшоў да Ніны Піліпаўны ў сваты. Акрамя выкладання сваіх прадметаў, яна 25 гадоў была завучам. Многія выпускнікі педагога, атрымаўшы прафесію, вярнуліся ў Хлупін. Пасля пяцігадовага пенсійнага перапынку жанчыну запрасілі ў клуб культарганізатарам – разам з дырэктарам установы насычаць вольны час насельніцтва рознымі мерапрыемствамі.

– Пакуль ёсць школа, няхай і не ў прыклад той, дзе мы працавалі, зараз дужа малакамплектная – вёска не загіне, – аптымістычна кажа субяседніца і вядзе знаёміцца з 93-гадовым адзінокім старажылам.

 

Нашчадак брытанскага роду

У двары Генадзя Грамадскага пад ногі нам кідаецца прывязаны сабака Босы. У загарадцы ўскідвае галаву баязлівая каза. За хатаю пад плёнкаю высяцца мяхі з выкапанай бульбаю. На брэх вартаўніка выходзіць гаспадар у блакітна-клетчатай, пад колер ясных вачэй, кашулі. З першых слоў размовы мужчына ўражвае яснасцю розуму, выдатнай памяццю і малажавасцю твару і постаці. І адразу выдае сакрэт доўгажыхарства: “Очэнь многа работаў”.

Па матывах насычанага падзеямі жыцця Генадзя Міхайлавіча атрымаўся б неблагі сцэнарый фільма. Яго прадзед, англійскі падданы, у пачатку 20 стагоддзя з сям’ёй перабраўся ў Польшчу, дзе быў замешаны ў паўстанні. Хаваючыся ад уладаў, уцёк на Палессе, якое тады тэрытарыяльна належала Расійскай імперыі, купіў тут зямлю.

– Ад Хваенска да Лельчыцкага раёна ўздоўж Прыпяці ўсё належала яму, – сыпле фактамі біяграфіі субяседнік. – Пасля Акцябрскага перавароту 1917 года яго паймалі і расстралялі. Засталіся ў прадзеда тры сыны і дачка. У Польшчу прыйшлі бумагі на мільён долараў наследства. Прапраўнук шукаў радню, толькі хто цяпер дакажа, усе дакументы ў вайну згарэлі…

Брытанскі нашчадак нарадзіўся ў суседняй Хлупінскай Будзе, якая ўжо знікла з карты. Хлупінцам стаў пасля жончынай смерці, падаўшыся ў прымы. Толькі і другая яго спадарожніца, на жаль, пайшла з жыцця. Род Грамадскіх доўжаць сын, двое ўнукаў і столькі ж праўнукаў. Сям’я не пакідае Міхайлавіча, наведвае.

Лёс яго не песціў. Падлеткам з двума класамі адукацыі ў партызанскім атрадзе пас жывёлу. Пасля вайны вывучыўся на пекара і сем гадоў карміў вяскоўцаў хлебам. А потым перасеў на калгасны трактар, за ўдарную працу пасля пенсіі атрымаў яго ў падарунак. “Беларус”, дарэчы, і зараз на хаду і без справы не стаіць. Гаспадар часцяком садзіцца за руль, каб прывезці гародніну, дровы ці сена для казы, узараць соткі. Жвавы вясковец трымае паўтара дзясятка вулляў. У канцы агарода стаяць яшчэ дзедавы калоды з высечаным на векавым дубе надпісам “Грамацкі”.

– Не люблю п’яніц і лодыраў, вот такой я чалавек, – заяўляе прынцыповы пенсіянер і расказвае, што ўважліва сочыць за палітычнымі падзеямі па тэлевізары. – Чаму людзі не жывуць у міры, не голыя, не босыя, што ім трэба?

— А чаго вам не хапае? — прымаючы мядовы пачастунак, цікавімся на развітанне.

– Факцічэскі не хватае жэншчыны, – і крыху сумеўшыся ад нашых усмешак, дзядуля дадае: – Пагаварыць было б з кім ды і гаспадарку ладзіць удваіх зручней.

 

З песняй крочыць па жыцці

– У нашай жызні ўсякае бывае,/ Наступае туча і граза./ А туча ўплывае, вецер разганяе/ І апяць сінеюць небеса, – жыццясцвярджальным куплетам сустракае нас 86-гадовая Валянціна Чыжык, да хаты якой ушчыльную падступае лес. – Прывукла ўжэ тут. Зайцаў і ліс не баюся, няхай прыходзяць, яны мне свае. Двара не зачыняю, сабака ў мяне разумны, ахраняе.

Па словах сацыяльнага работніка Святланы Чыжык, Валянціна Іванаўна, незважаючы на слабае здароўе, аптымізму не губляе і амаль штодзённа радуе сваю “няньку” канцэртамі. Рэпертуар самадзейнай артысткі вялікі. Колісь, дзе шлі, там зацягвалі – пра жаночую долю, нелюбімага мужа ці абрадавыя песні. Гаспадыня ўсё жыццё аддала мясцоваму калгасу, “рабіла на сто работах”. Даглядала жывёлу, лабаранткаю малако прымала, а потым ветурачу дапамагала лячыць кароў, свіней. Летась першую зіму правяла ў дачкі ў Калінкавічах, ледьве дачакалася цяпла.

– У гасцях добра, а дома лучша, – згаджаецца з народнай прымаўкаю пенсіянерка і, нібы родная бабуля, з добрымі пажаданнямі моцна абдымае кожную з нас.

 

Жыць і не ўміраць

Ужо ўзяўшы курс на Жыткавічы, заўважаем сярод хат “высотку”. Нашу цікаўнасць – адкуль у глыбіні пушчы ўзяўся двухпавярховік – задаволіў Уладзімір Ярмоленка. Аказваецца, яго пабудаваў калгас. Па тым часе людзі зайздросцілі жыльцам сучаснага катэджа – паравое ацяпленне, каналізацыя і вадаправод як у гарадскіх кватэрах. Былы брыгадзір трактарнай брыгады прызнаецца, што сёння б аддаў перавагу свайму дому.

– Тую і цяперашнюю вёску не параўнаць, — мужчына ўспамінае, як да цямна бавілі час на вуліцы, падлеткамі хадзілі ў клуб на танцы, праважалі дзяўчат з Хлупінскай Буды. – У бытавым плане сёння лягчэй, канечне. У магазіне ёсць усё, што нада, фермер аўталаўкаю мяса прывозіць. Кніжкі мне дастаўляюць з Перароўскай бібліятэкі. Карацей, пенсіянерам зараз жыць і не ўміраць.

На здымках: 1. Уладзімір Ярмоленка жыве ў «высотцы», якая ацяпляецца дровамі; 2. Легенда Хлупіна — Генадзь Грамадскі; 3. Шмат песень ведае Валянціна Чыжык; 4. Для Ніны Ярмоленка гэта вёска стала другой радзімай.

 

Лічбы і факты

  • Упершыню Хлупін згадваецца ў пісьмовых крыніцах у 1659 годзе.
  • Самаму юнаму жыхару вёскі днямі споўніцца чатыры гады, а ўсяго тут 10 непаўналетніх.
  • Пятая частка яе насельнікаў носяць аднолькавае прозвішча – Точка, да другім і трэцім месцах — Ярмоленкі і Чыжыкі адпаведна.
  • Дзесяць хлупінскіх дамоў пераведзены на электраацяпленне.
  • У Хлупіне застаўся адзін з чатырох на Жыткаўшчыне ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны – 97-гадовы Давыд Данілавіч Ярмоленка.

 

Святлана Шакалян, фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.