Саламянае золата Антаніны Яроменка

Аб беларускім золаце, што з нядаўніх часоў прызнана сусветнай культурнай спадчынай ЮНЕСКА, старажытным саломапляценні расказала майстрыха з Людзяневічаў Антаніна Яроменка. Далікатная, нібы саломінка, дзяўчына, як ніхто іншы, ведае ўсе тонкасці спрадвечнага рамяства.

Школьніцай Тоня прыйшла на гурток саломапляцення. Ды так захапілася, што ўласны лёс назаўжды звязала з гэтай творчасцю саламянай ніткай. Дарэчы, сваю дыпломную працу, якую рабіла падчас вучобы ў Салігорскім педагагічным каледжы, Антаніна Віктараўна захоўвае да гэтага часу на бачным месцы ў кабінеце. Як знак таго, што выбрала правільны і блізкі да душы занятак.

Каб атрымаць прыгожы, якасны выраб, які будзе доўга захоўвацца, трэба правільна падрыхтаваць матэрыял.

– Працэс гэты яшчэ карпатлівей за пляценне, – распявядае пра нюансы рамяства Антаніна. – Салому трэба зразаць у пэўны перыяд паспявання. З яе нарыхтоўкай дапамагае муж, бо тут без сілы не абысціся. А самы адказны момант – асвятленне сыравіны ў перакісу вадароду. Тут трэба строга выканаць тэхналогію.

Калі салома гатова, Антаніна сартуе яе, каб потым было прасцей адбіраць сцяблінкі патрэбнага памеру. Правільна нарыхтаваныя яны могуць захоўвацца некалькі гадоў. Але ў нашай субяседніцы матэрыял выкарыстоўваецца за адзін год, часам нават і не хапае.

У майстрыхі сабралася ўжо цэлая калекцыя залацістай прыгажосці: вянкі, птушкі, лялькі, кветкі, кошыкі і шмат што іншае. Самым незвычайным вырабам стаў вялізны дракон. Яго дзяўчына рабіла некалькі дзён. Свае работы рукадзельніца ўпрыгожвае атласнымі стужкамі, пацеркамі і льняной тканінай.

– Ідэі нараджаюцца ў галаве, а потым у працэсе працы прыдумляецца нешта незвычайнае і новае, – прызнаецца Антаніна. – За часам не сачу, мяне цалкам захапляе гэты занятак.

Дзяўчына робіць з саломы і рэчы, і аплікацыі. Больш падабаецца ёй першы працэс, элементы ствараюцца ў розных тэхніках: спіральнай, прамой, плоскай і аб’ёмнай. Напрыклад, аснова вянка пляцецца  зубаткаю. Кветачка будзе выглядаць, як ялінка з пашырэннем. А ўпрыгожыць вянок можна рагожкай.

Дзе толькі не любуюцца Тонінымі вырабамі. Геаграфія вялікая, самая далёкая кропка – Германія. Высока цэніцца наша мастацтва і на радзіме, і за мяжой.

Цяпер рукадзельніца вядзе гурток саломапляцення, дзе больш за 10 школьніц, а яшчэ вучыць моладзь майстэрству вышыўкі і аплікацыі. Антаніна Віктараўна прывівае дзяўчынкам любоў да старажытнага рамяства, як некалі сама спасцігала яго яго сакрэты ад педагогаў.

Сёння на фестывалі “Кліч Палесся” Антаніна Яроменка прадставіць свае работы і правядзе майстар-клас. У тых, каму цікава гэта хобі, будзе цудоўная магчымасць дакрануцца да саламянага цуду.

Елізавета ПАЛЯНСКАЯ

Фота аўтара

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.